Старшыня журы — Ігар Угольнікаў. У конкурсе даккіно — фільм Мікалая Бурляева. Сёння распачаў працу фестываль «Лістапад»

Сёння ў Доме кіно паказам стужкі кінастудыі «Беларусьфільм» «Кіношнікі» Кірыла Халіцкага распачаўся Мінскі Міжнародны кінафестываль «Лістапад». У праграме фэсту — пераважна расійскае, кітайскае, казахскае і пакістанскае кіно, у журы — пераважна расійскія кінематаграфісты, а ў якасці запрошанай зоркі — акцёр, рэжысёр, тэлепрадзюсар, сябра Камісіі па СМІ Цэнтральнай рады прыхільнікаў «Единой России» Ігар Угольнікаў.

Прыхільніка мінскага форуму, акцёра, рэжысёра, удзельніка фракцыі «Справедливая Россия — За правду» Мікалая Бурляева на адкрыцці не было, але яго стужка, якую ён зняў разам з Дзмітрыем Чарняцовым, «Божа! Адчуваю набліжэнне тваё!» пра рэжысёра Андрэя Таркоўскага ўдзельнічае ў конкурсе дакументальных фільмаў фэсту.

Аляксандр Яфрэмаў і Валерыя Арланава. Фота: belta.by.

У цэлым, «шквал» расійскага кіно ў праграме фэсту разбаўляюць стужкі кінематаграфістаў з Індыі, Пакістана, Казахстана, Намібіі, Ірана, Узбекістана, Сірыі, Туркменістана, Кітая ды нават Японіі. Беларускага кіно мала, але яно ёсць у конкурсах: тая ж маладзёжная камедыя «Кіношнікі» Кірыла Халіцкага заяўлена ў конкурсе «Кіно маладых», у конкурсе дакументальнага кіно ўдзельнічае фільм «Прэзідэнцкі аркестр» Дзмітрыя Сарокі, «Лахва, цана свабоды» Уладзіміра Луцкага, у пазаконкурсе — дакументальная стужка «Беларусь. Здабыццё веры» Алега Шычко, «Азарычы. Палеская трагедыя» Валерыя Каралёва ды «Дачка Прыпяці» Ігара Бышнёва.

Камедыю «Кіношнікі» пра першыя крокі маладога рэжысёра на прафесійнай кінастудыі сёння запусцілі на 90 экранаў краіны. Гэтым пахваліўся на адкрыцці форуму генеральны дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм» Юрый Аляксей.

Вядучымі цырымоніі сёлета сталі Алена Спірыдовіч і Руслан Чарнецкі.

Алена Спірыдовіч і Руслан Чарнецкі. Фота: belta.by.

Спецыяльны прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве» быў уручаны беларускаму кінарэжысёру, мастацкаму кіраўніку Тэатра-студыі кінаакцёра Аляксандру Яфрэмаву, які акурат з’яўляецца старшынёй фестываля «Лістапад».

Акрамя асноўнай праграмы ў межах фестывалю будуць праведзены і Дні расійскага кіно. А гэтаксама аргкамітэт падрыхтаваў для гледачоў паказы савецкага кіно: «Я крочу па Маскве», «Сардэчна запрашаем, або Староннім уваход забаронены», «Міміно», «Сцеражыся аўтамабіля», «Кін-дза-дза». Нявольна пачнеш пытацца: ці Мінскі фестываль «Лістапад»?

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!