Старажытныя беларускія спевы прагучаць сёння на IV Міжнародным фестывалі Марка Шагала ў Іерусаліме

Сёння, 14 ліпеня, у Цэнтры спадчыны Менахіма Бегіна ў Іерусаліме адбудзецца другая сустрэча ў межах IV Міжнароднага фестывалю імя Марка Шагала. У праграме — старажытныя беларускія песні, беларуская паэзія. Суарганізатарка фестывалю, беларускі этнограф, спявачка Ірэна Катвіцкая адзначае, што акцэнт у падзеі робіцца на беларускай культуры і творчасці.

Фестываль Марка Шагала ладзіцца як серыя мерапрыемстваў — канцэрты, лекцыі, розныя імпрэзы будуць праходзіць у Іерусаліме цягам ліпеня.

Падзея распачалася тыдзень таму на плошчы імя Марка Шагала — на адкрыцці прысутнічалі прадстаўнікі зямляцтваў Беларусі і Украіны, французскай супольнасці ў Іерусаліме, а гэтаксама супрацоўнікі мэрыі. Сёння фэст прадоўжыцца сустрэчай у Цэнтры спадчыны Менахіна Бегіна: за праграму адказвае творчае аб’яднанне «Авангард» — супольнасць мастакоў, музыкаў і паэтаў у Іерусаліме. Наступныя імрэзы запланаваны на 21 і 28 ліпеня.

У Ізраілі паволі фарміруецца аўдыторыя, зацікаўленая ў мерапрыемствах, звязаных з беларускай культурай, — распавяла Ірэна Катвіцкая інтэрв’ю Budzma.org.

Спявачка і кампазітарка падзялілася, як беларусы новай хвалі эміграцыі жывуць у Ізраілі.

Cуполкі беларускага зямляцтва ў Ізраілі існуюць ужо па 25-30 гадоў, — падзялілася яна. — Гэта людзі, якія прыехалі з Беларусі і якія хочуць захаваць свае карані, захаваць свае сувязі. І такія супольнасці падтрымлівае мэрыя кожнага ізраільскага горада. Вось мяне запрашалі на выступы ў некалькіх такіх суполках і не толькі ў беларускіх. Паўтара года таму паклікала ўкраінская суполка Іерусаліма на Дзень незалежнасці Украіны. Я вельмі хвалявалася, шчыра скажу… Толькі нядаўна пачалася вайна, а я — з Беларусі, з краіны, якую шмат хто атаясамляе з Расіяй пасля саўдзелу ўлады ў агрэсіі. Але беларускія народныя песні вельмі блізкія ўкраінскаму сэрцу, іх успрымалі вельмі добра, гэта ўжо ўсё са сферы, скажам так, народнай дыпламатыі. Ды і ў самім Ізраілі зараз ідзе вайна, мы ўжо разам з украінцамі разумеем, што вялікая роля Расіі ёсць і ў гэтай вайне таксама. Нас шмат што зараз аб’ядноўвае. І страты таксама. І Беларусь, і Ізраіль — невялікія краіны, пра смерць на вайне праз дзень ведаюць усе. Але мы працягваем наша жыццё. Цікавасць да беларускай мовы, культуры, гісторыі нас аб’ядноўвае.

У арганізатарах фестывалю Марка Шагала варта зазначыць і іерусалімскага паэта Якава Браўдэ, які шмат гадоў жыве ў Ізраілі.

Месца і час сустрэчы 14 ліпеня — Цэнтр спадчыны Менахіма Бегіна (вуліца Ш. А. Нахон, 6), 18.00.

Уваход на ўсе мерапрыемствы падзеі — вольны.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.