Сталі вядомыя новыя падрабязнасці пераследу Алеся Пушкіна. Мастака судзілі і за перформанс у Кіеве

Дакладна стала вядома, што падставай крымінальнай справы супраць Алеся Пушкіна, які загінуў у няволі, сталі не толькі яго карціны на выставе ў Гродне, але і перформанс на выставе ў Кіеве незадоўга да яго затрымання. Праваабаронцам «Вясны» сталі вядомыя новая падрабязнасці пераследу мастака, які памёр у рэанімацыі гродзенскай бальніцы з-за несвоечасова аказанай яму дапамогі.

Паўтор перформансу ў Кіеве

Праваабаронцам стала вядома, што паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса (здзек з дзяржаўных сімвалаў) кваліфікавалі яго перформанс у Кіеве. На выставе беларускага пратэснага мастацтва «Кожны дзень» Алесь узнавіў свой самы вядомы перформанс «Гной для прэзідэнта», але крыху абноўлены — на партрэце Аляксандра Лукашэнкі замест надпісу «За 5-гадовую плённую працу» ён разліў чырвоную фарбу, якая сімвалізавала кроў, — піша «Вясна».

Алесь Пушкін казаў на адкрыцці выставы 25 сакавіка 2021 года незадоўга да свайго затрымання, што яму прыемна адкрываць прэзентацыю беларускага сучаснага мастацтва ў Кіеве і адначасова сумна:

«Сумна таму, што і праз 22 гады мой перформанс актуальны, і я прыкаціў гэтую тачку ў Мастацкі арсенал, зрабіў тое самае, толькі паліў чырвонай фарбай партрэт Лукашэнкі, які стаў ужо крывавым дыктатарам».

Нагадаем, у ліпені 1999 года, на пяцігоддзе кіравання Аляксандра Лукашэнкі, мастак прыкаціў тачку з гноем да адміністрацыі прэзідэнта ў Мінску. Ён раскідаў гной і дэвальваваныя рублі, зверху паклаў Канстытуцыю, партрэт Лукашэнкі, і ўсё гэта пракалоў віламі. За гэтую акцыю мастак таксама быў асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна.

Як было вядома раней, прычынай для арт. 130 Крымінальнага кодэкса стала размяшчэнне партрэтаў прадстаўнікоў беларускага антысавецкага супраціву Міхала Вітушкі, Усевалада Родзькі і Яўгена Жыхара на выставе ў гродзенскім «Цэнтры гарадскога жыцця», што трактавалі як «рэабілітацыю нацызму». Карціна Жыхара была напісана ў 2014 годзе і раней экспанавалася ў Беларусі і Расіі. Падчас выставы мастак быў у Кіеве, дзе ўдзельнічаў у выставе «Кожны дзень». Ведаючы пра крымінальную справу, Пушкін вырашыў вярнуцца ў Беларусь.

Перформанс на судзе

Таксама праваабронцы «Вясны» паведамляюць, што Алесь Пушкін падрыхтаваў апошняе слова на 23 старонкі, якое мяркаваў агучыць на сваім судзе, але праз тое, што суд быў закрыты, грамадскасць яго не пачула.

Нагадаем, што на свой суд, які распачаўся 10 сакавіка 2022 года, мастак адмовіўся ісці — яго ўнеслі ў будынак суда ў гарызантальным становішчы. Пэўны час на судзе ён ляжаў на лаўцы.

Праваабаронцам «Вясны» ўдалося высветліць, што на суд яго насілі ў кайданках. За гэта канваіры складалі на яго па два рапарты кожны дзень, а суддзя далучала іх да матэрыялаў справы.

25 сакавіка Алесь Пушкін на знак пратэсту супраць свайго зняволення і 5000 палітычных крымінальных спраў, адкрытых у Беларусі, парэзаў сабе жывот. 30 сакавіка, падчас абвяшчэння прысуду, Пушкін распрануўся, каб былі бачныя драпіны ў форме крыжа, і запатрабаваў вызвалення ўсіх палітвязняў. Таксама мастак падзякаваў прысутным за ўдзел у палітычным перформансе.

Суддзя Алена Шылько прызначыла мастаку пяць гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму.

Яшчэ быў карцар

Алеся Пушкіна адпраўлялі ў карцар 18 сакавіка — яшчэ да перформансу на судзе. Адправілі яго туды за подпісам начальніка ізалятара Андрэя Цэдрыка за «непрыстойныя паводзіны» на адным з судовых пасяджэнняў. 15 сутак Алеся ўтрымлівалі ў карцары № 2.

Мастак Алесь Пушкін памёр 11 ліпеня ў рэанімацыі гродзенскай бальніцы. Творцу даставілі туды з турмы №1 у несвядомым стане, з прабадной язвай, перытанітам і паліорганнай недастатковасцю. Палітзняволеннаму своечасова не аказалі за кратамі дапамогу.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!