Сталі вядомыя фіналісты Прэміі імя Міхала Анемпадыстава. Хто трапіў у васьмёрку найбольш прыгожых кніг за 2025 год?

Журы Прэміі імя Міхала Анемпадыстава абвясціла шортлістараў бягучай эдыцыі. У фінал прэміі за найлепшую кніжную вокладку за 2025 год трапіла восем кніг. Фіналісты былі адабраны з 24 прац, што ўвайшлі ў доўгі спіс конкурсу, і прадстаўляюць зрэз сучаснага беларускага кніжнага дызайну. «Сёння беларускае мастацтва патрабуе не толькі таленту, але і смеласці, таму імёны некаторых аўтараў зашыфраваны з меркаванняў бяспекі», — адзначаюць арганізатары.

Хто ж у спісе?

  • Аўтар В – вокладка кнігі «W» (зашыфраваны ўдзел)

  • Дзмітрый Дзмітрыеў, Андрэй Фядорчанка – вокладка кнігі «Codex. Imago. Index» Дзмітрыя Дзмітрыева

3. Аўтар К – вокладка кнігі «К» (зашыфраваны ўдзел)

  • Алена Нядзельская – вокладка кнігі «Я – тое мяса, якое прыгатаваў Зміцер» Змітра Вішнёва

  • Аляксандр Пажытак, Ігар Юхневіч – вокладка кнігі «Дзённік 2021–2022» ананімнай аўтаркі

  • Ліна Хесэ, Ігар Юхневіч – вокладка кнігі «Беспрацоўнае дрэва» Светы Бень, Ліны Хесэ

  • Сяргей Шабохін – вокладка кнігі «Body in Progress; Целам сваім…» Ганны Комар

  • Таццяна Шустава – вокладка кніг «Творы»  (тамы 1, 2) Хорхе Луіса Борхеса

Сёлета конкурс ацэньвае журы ў складзе: беларуская мастачка і ілюстратарка Святлана Дземідовіч, беларускі дызайнер і культурны дзеяч Анатоль Лазар, крэатыўная дырэктарка і спецыялістка ў сферы візуальных камунікацый Надзея Зелянкова (таксама ў журы ўваходзяць і эксперты, якія пажадалі застацца ананімнымі).

Заснаваная ў 2019 годзе, прэмія носіць імя выдатнага беларускага мастака, дызайнера, паэта і культуролага Міхала Анемпадыстава, які значна паўплываў на візуальную культуру Беларусі. Прэмія працягвае ўшаноўваць яго творчую спадчыну, адзначаючы аўтараў, якія праз дызайн кніжнай вокладкі ствараюць новыя візуальныя гісторыі.

Арганізатары ўзнагароды — Беларускі ПЭН і фонд «Open Culture» пры падтрымцы партнёраў: ТАА «H&L» і кампаніі «Laut».

Сярод пераможцаў мінулых гадоў: Ігар Юхневіч і Маша Мароз за вокладку кнігі Вольгі Аполькі «Мое баба – діректор морга» (2025), Святлана Дземідовіч і Лукаш Левандоўскі за вокладку да паэтычнай кнігі Насты Кудасавай «Побач» (2024).

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!