Сталі вядомыя час і месца развітання з акторам і рэжысёрам Андрэем Бардухаевым-Арлом

Родныя і сябры паведамілі пра час і месца развітання з беларускім акторам, рэжысёрам, мастацкім кіраўніком Team Theatre Андрэем БардухаевымАрлом.

Развітанне пройдзе 11 ліпеня ў Саборы Святой Роўнаапостальнай Марыі Магдаліны (алея Салідарнасці 52, Варшава) з 11.40 да 12.30.

Пахаванне урны адбудзецца ў панядзелак, 14 ліпеня, на Бродаўскіх могілках (Cmentarz Bródnowski) па адрасе вуліца Святога Вінцэнта 83. Пачатак а 14.30.

«Калі вы захочаце прынесці кветкі, будзем вельмі ўдзячныя, калі гэта будуць жывыя. Без пластыку», — папрасілі блізкія творцы.

Андрэй Бардухаеў пайшоў з жыцця ў выніку анкалагічнай хваробы 5 ліпеня ва ўзросце 49 гадоў.

Сям‘я акцёра ўдзельнічала ў пратэстах 2020 года і з-за пагрозы пераследу была вымушана пераехаць у Варшаву. Тут яны працягнулі працу ў Team Theatre, заснаваным яшчэ ў Мінску. Андрэй Бардухаеў таксама ўдзельнічаў у розных праектах, у тым ліку, іграў у спектаклі «Ордэн Белай Мышы».

«Доўгі час Андрэй і яго сям’я амаль нікому не распавядалі пра хваробу, спадзеючыся справіцца самастойна і калісьці падзяліцца радаснай навіной пра перамогу над цяжкім дыягназам. На жаль, цуду не адбылося», — напісаў пра сыход сябры і калегі актор Ігар Сігоў.

У Андрэя засталіся жонка і чацвёра дзяцей.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!