Фото: Фейсбук Светланы Курс
Да саракавінаў з дня смерці беларускай пісьменніцы Святланы Курс (Евы Вежнавец) было апублікаванае яе раней невыдадзенае эсэ «СССР як калыска і магіла» (The USSR as Cradle and Grave). Тэкст даступны для чытання і спампоўвання на беларускай мове і ў нямецкім перакладзе.
Пра публікацыю паведаміла перакладчыца і даследчыца Ціна Вюншман (Tina Wünschmann), якая таксама напісала прадмову да тэксту.
Эсэ было напісанае ўвосень 2021 года для літаратурнага праекта прадстаўніцтва Фонду Конрада Адэнаўэра (Konrad-Adenauer-Stiftung Belarus), прысвечанага стагоддзю ўтварэння СССР і 30-годдзю яго распаду. Да ўдзелу ў праекце былі запрошаныя аўтары з усіх былых савецкіх рэспублік.
У студзені 2022 года Ціна Вюншман, якая на той момант ужо працавала над нямецкім перакладам вядомага рамана Святланы Курс «Па што ідзеш, воўча?», пераклала і гэтае эсэ. Аднак пасля пачатку паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў лютым 2022 года шмат якія тэксты пра савецкую спадчыну запатрабавалі пераацэнкі і новага кантэксту. Публікацыя была адкладзеная, і пры жыцці аўтаркі эсэ так і не пабачыла свет.
У сваім эсэ Святлана Курс спалучае гістарычны аналіз з уласнымі і сямейнымі ўспамінамі, паказваючы, як падзеі ХХ стагоддзя сфармавалі жыццё людзей у Беларусі і як яны працягваюць уплываць на сучаснасць.
Даводзячы аповед да падзей 2020 і 2021 гадоў, пісьменніца ператварае сваю надмагільную прамову па савецкай імперыі ў магутнае сведчанне пра імперскую спадчыну, страх, супольную памяць і чалавечую годнасць.
У сваім уступным слове да публікацыі Ціна Вюншман дзеліцца гісторыяй перакладу і тлумачыць, чаму вобразы з гэтага тэксту заставаліся з ёй на працягу ўсіх гэтых гадоў.
Святлана Курс пайшла з жыцця ў Варшаве 19 ліпеня 2026 года.
Сёння, у суботу 29 жніўня, у праваслаўнай капліцы святога Лявонція Карповіча ў Вільнюсе прайшло малітоўнае ўшанаванне і вечарына памяці пісьменніцы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram