The war on drugs: чаму беларуская наркапалітыка — гэта тупіковы шлях

Пакуль цывілізаваны свет ідзе па шляху як мінімум дэкрымініалізацыі ці легалізацыі канабіноідаў, у Беларусі за 1 грам травы вам свеціць як мінімум 2 гады турмы, што на практыцы звычайна пераўтвараецца ў 8 гадоў ці нават больш. Чаму беларуская наркапалітыка не працуе і як яе можна памяняць — чытайце у матэрыяле #RFRM.

Па дадзеных ААН, у свеце кожны дваццаты чалавек ва ўзросце ад 15 да 64 гадоў хоць раз у жыцці каштаваў псыхаактыўныя рэчывы. Агулам гэтая лічба складае 250 мільёнаў чалавек — гэта параўнальна па насельніцтву з 25 Беларусямі. У некаторых краінах траўку можна легальна купіць у аптэцы ці ў краме на рагу вуліцы, а ў іншых — вам могуць адрубіць галаву за пятнічны джоінт з сябрамі.

Самы распаўсюджаны наркотык у свеце — канабіс. Яго каштуе больш за 183 мільёны чалавек. На другім месцы — амфетамін. Апіяты (гераін, марфін і г.д.) займаюць пачэснае трэцяе месца. Іх спажывае прыкладна 33 мільёны чалавек штогод.

За незаконны абарот асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў прадугледжана крымінальная адказнасць. Фота: unsplash.com (@gcote27)

У гэтым тэксце мы абмяркуем гісторыю адносінаў чалавека і наркотыкаў, а таксама параўнаем з беларускім кантэкстам замежныя погляды на дэкрыміналізацыю і легалізацыю марыхуаны. Ніжэй будуць шмат разоў ужывацца паняцці «дэкрыміналізацыя» і «легалізацыя». У чым галоўная розніца між імі?

Дэкрыміналізацыя — гэта працэс вываду чагосьці (у нашым выпадку канопляў) з рэгулявання крымінальным кодэксам.

Легалізацыя — забеспячэнне законнага доступу да марыхуаны. Яна легалізавана для рэкрэацыйных мэтаў у 8 краінах свету і 9 штатах ЗША. Для медыцынскіх мэтаў дазволена ўжыванне ў 13 краінах свету і 20 штатах ЗША. Усяго ў 21 краіне свету за любыя дзеянні датычныя наркотыкаў чалавеку пагражае смяротнае пакаранне.

Легалізацыя азначае ўзаконьванне чагосьці. Узаконім марыхуану — яна выйдзе з падполля і стане паўнавартасным таварам, цалкам ці часткова. Гандаль пяройдзе на іншы ўзровень, будзе праводзіцца больш даследаванняў.

Фота: unsplash.com (@gpiron)

Кароткая гісторыя наркотыкаў

Наркотыкі спажывалі даўно. Яшчэ старажытныя грэкі ведалі пра опіум і любілі дзьмухнуць канопелькі. Звычайна яны так рабілі ў медыцынскіх ці рэлігійных, акультных мэтах. Часам жрацы балаваліся псіхаактыўнымі рэчывамі — маўляў, так яны набліжаліся да багоў.

Час ішоў, і ў XIX стагоддзі надыйшло «залатое стагоддзе» для наркатычных рэчываў. Напрыклад, у Англіі праз абмежаванні продажу алкаголю вельмі вырас узровень спажывання опіуму. У Францыі ўсе модныя літаратары палілі гашыш і ўжывалі абсент, які хутка стаў самым запатрабаваным напоем Парыжу.
Перад Першай сусветнай вайной прыкметай добрага тону лічылася ўжываць какаін. Салдаты так актыўна яго каштавалі, што ў 1915 годзе камандаванне брытанскай арміі было вымушанае забараніць яго ўжыванне.

Фота: unsplash.com (@_healthymond)

У Савецкай Расеі людзі таксама ведалі, што такое какаін — «марафет» на тагачасным жаргоне. Пасля Першай сусветнай вайны і, асабліва, у гады НЭПу, у СССР былі вельмі распаўсюджанымі апіяты і какаін. Некаторыя крыніцы сведчаць, што да тых часоў сітуацыя была зусім іншай, чым сёння — какаін быў больш дасяжным, чым гарэлка. Ім у асноўным гандлявалі прадстаўніцы сэкс-бізнэсу. На яго актыўна падсаджваліся сіроты-падлеткі. Сітуацыя пагражала стаць крытычнай. Былі прынятыя меры: ужо ў Крымінальным кодэксе 1926 года была прадугледжаная адказнасць за выраб і захоўванне з намерам продажу наркатычных рэчываў.

Так пачалася гісторыя савецкай вайны з наркотыкамі.

У глабальным маштабе вайна з наркотыкамі пачалася ў ЗША ў 1960-ыя гады. Падчас вайны ў В’етнаме шмат хто з амерыканскіх жаўнераў захапіўся спажываннем гераіну. Пасля заканчэння вайны прэзідэнт Рычард Ніксан абвясціў наркотыкі ворагам нумар адзін. У першую чаргу праз ціск ЗША, ААН прыняла канвенцыю, у якой адносіла марыхуану і іншыя псыхаактыўныя рэчывы да забароненых для распаўсюду.

Фота: unsplash.com (@odiin)

Што такое наркотыкі?

Кожнае заканадаўства дае розны адказ на гэтае пытанне. У Старажытнай Грэцыі наркотыкамі звалі лекі, ці тое, што пазбаўляе чалавека болю. Але ўсё мяняецца: зараз паняцце «наркотыкі» больш абмежаванае. Напрыклад, Сусветная арганізацыя аховы здароўя трактуе наркотыкі ў больш старажытнай фармулёўцы: «штосьці, што памяншае боль ці адчувальнасць да болю».

У заканадаўстве ЗША замацаваная вельмі простая фармулёўка, што тычыцца наркотыкаў. Амерыканскія ўлады прызнаюць за наркотыкі толькі какаін і опіум (а таксама вытворныя і аналагі абодвух рэчываў) і апіяты ўвогуле. Гэта значыць, што тэрмінам «narcotic drugs» называюць і гераін, і кадэін, і метадон, і крэк. Таксама ў рэчыва мусіць быць патэнцыял для злоўжывання, не быць медыцынскага выкарыстання і доза мусіць перабольшваць медыцынскія паказчыкі.

У беларускай юрыдычнай практыцы ўжываецца тэрмін наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы, іх прэкурсоры і аналагі.

З вызначэннем дэфініцыі беларуская Феміда разабралася па-свойму далікатна. Так, у беларускім заканадаўстве замацавана, што «наркатычныя сродкі ці псіхаактыўныя рэчывы — гэта хімічныя рэчывы прыроднага ці сінтэтычнага паходжання, ўключаныя ў Рэспубліканскі пералік».

За незаконны абарот асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў прадугледжана крымінальная адказнасць. Фота: unsplash.com (@exxteban)

Чаму легалайз — гэта нястрашна

Прыхільнікі легалізацыі ці дэкрыміналізацыі выступаюць за легалізацыю захоўваньня ў малых колькасцях і ўжывання псыхаактыўных рэчываў у рэкрэацыйных мэтах (тобок, пераважна для адпачынку) . Яны прапануюць траціць грошы, што ідуць на ўтрыманьне асуджаных, пенітэнцыярнай сістэмы, сілавога апарату і суддзяў, па-іншаму — згодна з так званай «палітыкай змяншэння шкоды». Замест таго, каб кідаць у турму спажыўцоў псыхаактыўных рэчываў і яшчэ больш адрываць іх ад грамадства, актывісты прапаноўваюць дапамагаць залежным людзям вырашыць прычыну ўжываньня наркотыкаў: адсутнасьць працы, сяброў, мэты ў жыцьці.

Складана аспрэчыць той факт, што ўжыванне «лёгкіх» наркотыкаў (перш-наперш канопляў) значна менш небяспечнае за ўжыванне алкаголю. Дагэтуль не зафіксавана ніводнага выпадку смерці ад марыхуаны.

Смяротная доза ад перадазіроўкі ТГК (кампаненту канабісу, які выклікае пачуццё расслабленасці і кайфу) у 40 тысяч разоў больш за сярэднюю эфектыўную дозу. У той жа час у свеце штогод каля 1,6 мільёнаў чалавек паміраюць ад алкаголю. У Беларусі ў 2016 годзе ад выпадковых атручванняў алкаголем памерла 1461 чалавек. Забіта «пад сінькай» 395 чалавек цягам 366 дзён.

Фота: unsplash.com (@tomsdg)

Рызыка ўзнікнення фізічнай залежнасці ад марыхуаны значна меншая, чым у выпадку з алкаголем. Толькі 9% людзей, з тых, хто пакаштавалі марыхуану, маюць фізічную залежнасць ад яе. Узровень залежнасці ад алкаголю амаль у два разы вышэйшы — 15%. Тым не менш, алкаголь легальна прадаецца ў крамах.

Дакладную мяжу паміж «лёгкімі» і «цяжкімі» наркотыкамі вызначыць складана. Напрыклад, у беларускім заканадаўстве размежавання няма. Але, напрыклад, урад Нідэрландаў адносіць да лёгкіх наркотыкаў канабіноіды гэтаксама, снатворнае і седатыўныя таблеткі (напрыклад, валіум), а да цяжкіх — усё астатняе.

The war on drugs

Як бачым, наркатычныя рэчывы спрадвечна былі часткаю сусветнай культуры (гэтак жа, як і алкаголь). Але чаму яны сталі аб’ектам жорсткага пераследу з боку ўладаў розных краін?

У вайны з наркотыкамі шмат падабенстваў з сухім законам. Галоўная розніца паміж імі ў тым, што сухі закон у наш час ужо даўно падаецца атавізмам. І «вайна з наркотыкамі», і «сухі закон» змагалася са з’явамі, старымі, як гэты свет. І тое, і тое з’яўлялася перашкодай для развіцця вольнага рынку. І тое, і тое ніякім чынам не вырашыла праблемаў спажывання «забароненых» рэчываў.

Фота: unsplash.com (@shapeofshape)

Усе дзеянні дзяржаваў былі скіраваныя супраць дробных гандляроў і спажыўцоў. Дарэчы, іронія лёсу ці не, але зараз у шматлікіх краін свету алкагольная прамысловасць знаходзіцца пад патранажам дзяржавы.

Галоўная праблема вайны з наркотыкамі — у няправільна абранай стратэгіі. Яе апалагеты карыстаюцца метадам «няма наркотыкаў — няма праблем». Але такі падыход парушае асноўны прынцып дзеяння рынкавай эканомікі: «попыт параджае прапанову».

Таму ўсе намаганні барацьбітоў з наркотыкамі былі скіраваныя на знішчэнне наркотыкаў ды арышт наркагандляроў, пераважна дробных.

Але нават калі перасадзяць усіх барыг, попыт на траву не паменшыцца. Хутчэй павысіцца кошт, бо індустрыя становіцца больш небяспечнай. А за шкоднасць, зразумела, трэба плаціць надбаўкі. Гэтак змаганне з наркотыкамі значна крыміналізуе вялізную індустрыю. У яе проста няма шанцаў дзейнічаць у легальным полі, і таму ў справу ўступаюць больш радыкальныя меры. Так, усе войны наркакартэляў у Паўднёвай Амерыцы ўскосна выкліканыя глабальнай вайной з наркотыкамі.

Таксама актыўнае змаганне з наркотыкамі прыводзіць да павышэння ўзроўню спажывання больш цяжкіх наркотыкаў. Умоўна кажучы, у жыхароў Беларусі больш шансаў пачаць ужываць метамфетамін, чым траву.

Фота: unsplash.com (@freestocks)

Вайна з наркотыкамі прынесла значна больш болю і стратаў, чым профіту. Яна прывяла да значнага ўзросту крымінагеннай сітуацыі не толькі ў асноўных краінах-экспарцёрах, але і ў тых, хто зараз на «фронце» вайны з наркотыкамі.
Амерыканскі флагман барацьбы з наркотыкамі — вядомая аматарам серыялу Breaking Bad агенцыя DEA (Управа па барацьбе з наркотыкамі) мае бюджэт у 30 мільярдаў даляраў. Але яе эфектыўнасць складае толькі 1% ад агульнай колькасць змарнаваных на яе працу сродкаў.

У перыяд з 2008 па 2012 год колькасць наркаспажыўцоў павялічылася на 18%.

Сёння нават ААН лічыць, што у «вайне з наркотыкамі» дзяржавы і ўрады не змаглі перамагчы крымінальных гульцоў, што выкарыстоўваюць сучасны статус гэткіх рэчываў, як марыхуана. У 2011 годзе камісія па пытаннях наркапалітыкі падрыхтавала даклад, дзе афіцыйна заявіла: «вайна з наркотыкамі прайграная». «Нягледзячы на велізарныя выдаткі сродкаў на крымінальныя пераследы і рэпрэсіўныя меры у дачыненні да вытворцаў наркотыкаў, наркагандляроў і спажыўцоў забароненых наркатычных сродкаў, цяпер ужо відавочна, што рэальна скараціць прапанову, альбо спажыванне наркотыкаў, не ўдалося…»

Фота: unsplash.com (@eatenbyflowers)

Вайна з наркотыкамі ў Беларусі

Беларуская наркапалітыка з’яўляецца лагічным працягам савецкай наркапалітыкі. У БССР наркотыкаў, як і сэксу, не было. Вялікім крокам да пашырэньня вайны з наркотыкамі ў Беларусі стала шырокае распаўсюджванне курыцельных сумесяў. Яны з’явіліся ў сярэдзіне 2000-ых гадоў і пазіцыянаваліся гандлярамі як легальны аналаг марыхуаны.

Некалькі гадоў па Беларусі кацілася хваля жорсткіх выпадкаў, звязаных з ўжываннем спайсаў і «легалак». Асноўнай ахвярай былі падлеткі, якія пад уплывам сінтэтычных рэчываў то выкалывалі сабе вочы, то скокалі з дахаў.

Рашучым адказам беларускага ўраду на небяспечныя «легалкі» стаў Дэкрэт прэзідэнта №6 пад назвай «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянню наркатычным рэчывам». Ён выйшаў напрыканцы 2014 года і стаў цудоўным навагоднім падарункам прагрэсіўнай грамадскасці.

Менавіта праз гэты дэкрэт былі падвышаныя тэрміны адказнасці. Зараз максімальны тэрмін, які можна атрымаць за справы, звязаныя з наркотыкамі — 25 гадоў. Практычна па кожным з пунктаў артыкулу 328 КК РБ («Незаконны абарот наркатычных рэчываў і іх збыт») былі павышаныя тэрміны. Была ўведзеная адміністратыўная адказнасць за знаходжанне ў публічнай прасторы ў стане наркатычнага ап’янення: ад 5 да 10 базавых.

Фота: unsplash.com (@nathdah)

З іншых новаўвядзенняў з’явілася таксама максімальна спрошчаная працэдура папаўнення пераліку забароненых рэчываў, што дазволіла хутка супрацьстаяць спайсам. Але добрымі намерамі мосціцца дарога ў пекла. Гэты дэкрэт адкрыў скрыню Пандоры, якая стала прычынай шматлікіх несправядлівых, а часта і проста памылковых, прысудаў. Справы, звязаныя з наркотыкамі, сталі лёгкім шанцам для міліцыянтаў атрымаць «зорачкі» на пагоны, і яны пачалі актыўна штампаваць справы без разбору.

Большасць людзей ловяць на так званых «закладках» — месцах, куды яны прыходзяць купляць наркатычныя рэчывы.

Але самая справядлівая ў свеце беларуская Фэміда абвінавачвае пакупнікоў у продажы. А гэта ўжо іншы артыкул і іншая мера адказнасці. Так, набыццё наркатычных рэчываў у Беларусі крыміналізавана і караецца тэрмінам ад 2 да 5 гадоў. Аналагічныя дзеянні, але ўжо з мэтай збыту караюцца тэрмінамі ад 5 да 8 гадоў. Крымінальную адказнасць вы будзеце несці нават калі вы перададзіце касяк сябру — вашыя дзеянні суд можа трактаваць як «распаўсюд», што таксама крыміналізавана. Прычым у Беларусі ёсць адказнасць і за «намер распаўсюду». Быў ён ці не было — вырашае следства.

Фота: unsplash.com (@laicho)

Усяго па стане на 2016 год за кратамі знаходзіліся 34 тысячы чалавек. У 2016 годзе па артыкуле 328 КК РБ («Незаконны абарот наркатычных рэчываў і іх збыт») за краты трапілі 3,6 тысяч чалавек. Большасць асуджаных «па 328» трапіла пад жарнавы правасуддзя за апошнія 2-3 гады. Па дадзеных ініцыятывы «Матчын рух» (аб’яднанне сваякоў асуджаных па артыкуле 328 — заўв.) сярэдні тэрмін, які атрымліваюць людзі па гэтым артыкуле — 8 гадоў.

Зараз каноплі і іншыя наркатычныя рэчывы забароненыя ў Беларусі ў большасці відаў (за выключэннем некаторых медыцынскіх выпадкаў). Не дазваляецца прамысловае выкарыстанне канопляў (з якіх, дарэчы, можна рабіць, як мінімум, паперу, што атрымліваецца больш экалагічнаю, чым з дрэва!). Нават рэчы, што ўтрымліваюць ТГК, у Беларусі пад забаронаю. Але справа ў тым, што беларускі клімат не такі спрыяльны для канопляў, як клімат больш паўднёвых краін і колькасць ТГК у беларускім канабісе вельмі малая.

Агітацыйны плакат. Мастак: Леанід Замах (БССР, 1954)

Каноплі для беларусаў доўгія гады былі не шляхам атрымаць неверагодныя адчуванні, а простай сельскагаспадарчай культурай. З канопляў рабілі алей, малако, вяроўкі. Нават сёння старажылы могуць прыгадаць, як яшчэ некалькі джесяцігоддзяў таму замест бульбяных палёў вакол дарог раслі палі… канапляныя.

А ў іншых краінах што?

Такая жорсткая наркапалітыка здзіўляльная не толькі для Еўропы, але і для нашага рэгіёну ўвогуле. Напрыклад, у Расеі, Украіне і Казахстане ўведзены такі панятак, як «мінімальная колькасць» — той памер наркатычнага рэчыва, які можна дэкрыміналізавана мець з сабою для асабістага ўжывання.

Ва Украіне і Казахстане гэта да пяці грамаў, а ў Расеі — да шасці. У беларускім заканадаўстве абазначэння для невялікага памеру, як і для асабліва буйнога, няма. Калі параўноўваць беларускі крымінальны кодэкс з расейскім, то відавочна, што Сінявокая больш жорстка рэгулюе наркатычную палітыку.

Масква. Фота: unsplash.com (@serge_k)

Напрыклад, за захоўванне наркатычных рэчываў без намеру на збыццё ў Беларусі чалавеку свеціць ад 2 да 5 гадоў пазбаўлення волі. У Расеі за такое ж правапарушэнне чалавеку пагражае штраф, прымусовыя працы ці абмежаванне свабоды на тэрмін да 3 гадоў. Ва Украіне за аналагічныя дзеянні грамадзянам пагражае толькі штраф, прымусовыя працы, арышт да 6 месяцаў ці абмежаванне свабоды на тэрмін да 2 гадоў.

Увогуле, найбольш ліберальнае заканадаўства ў дачыненні да наркатычных рэчываў з краін ЕаЭС у Казахстане. За захоўванне, распаўсюд, перапрацоўку наркатычных рэчываў у асабліва буйным памеры там пагражае пазбаўленне свабоды на тэрмін ад трох да сямі гадоў. Для параўнання: у Беларусі за аналагічныя дзеянні можна атрымаць ад 8 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Фота: unsplash.com (@jaanus)

На постсавецкай прасторы флагманам у справах легалайзу стала Грузія. Яшчэ пару гадоў таму сітуацыя ў гэтай дзяржаве была параўнальнай з цяперашняй беларускай. За выключэннем таго, што ў Грузіі маглі раптоўна правесці вулічнае тэставанне, каб праверыць, можа ты абдоўблены(-ая). У Беларусі яшчэ да такога не дайшло. Але намаганнямі актывістаў Грузія з канца ўжо мінулага 2017 года ўвайшла ў спіс нешматлікіх краінаў свету, дзе дэкрыміналізаванае ўжыванне марыхуаны.

Найбольш заўважных поспехаў у посткамуністычных краінах на ніве дэкрыміналізацыі марыхуаны дасягнула Чэхія. У некаторых крыніцах Прага нават завецца «ўсходнім Амстэрдамам». Чаму? Напрыклад, таму, што там усталяваныя мінімальныя легальныя нормы, што ствараюць адсутнасць крымінальнай адказнасці за захоўванне наркатычных рэчываў. Абсалютна легальна можна пры сабе мець да 10 грамаў марыхуаны, 5 грамаў гашышу, 1,5 грамаў гераіну і 4 таблетак экстазі.

Прага. Фота: unsplash.com (@jeshoots)

Калі вы захоўваеце каноплі ў большай колькасці, чым абазначана вышэй, то вы можаце трапіць за краты на тэрмін да аднаго году. Незаконнае вырошчванне караецца ці штрафам, ці турэмным заключэннем на тэрмін да 6 месяцаў (канешне, пры вялікіх аб’ёмах). З 2013 года ў Чэхіі можна выкарыстоўваць марыхуану ў медыцынскіх мэтах.

Як рэфармаваць беларускую наркапалітыку

Якія рэформы мы прапаноўваем дзяржаве?

1. Больш публічна абмяркоўваць псіхаактыўныя рэчывы. Прычым не толькі ў кантэксце іх уплыву на свядомасць, але і гаварыць пра практычную і эканамічную карысць: напрыклад, у Каларада, дзе канабіноіды прадаюцца ў спецыялізаваных прыватных крамах, у 2016 годзе памер падаткаў за кошт легальнага продажу «травы» склаў 200 мільёнаў даляраў.

2. Крыміналізацыя наркатычных рэчываў перашкаджае вывучэнню іх уплыву не толькі з медыцынскага і крымінальнага пункту гледжання, але і як грамадскага феномену. З-за маргіналізацыі тэмы бракуе якасных даследаванняў, якія маглі б дапамагчы выпрацаваць больш эфектыўную стратэгію барацьбы з наркаманіяй.

Фота: unsplash.com (@eltimeshau)

3. Замяніць карныя метады змагання на больш гуманістычныя і медыцынскія. Тобок, перагледзець крымінальнае заканадаўства за наркотыкі. Не саджаць за краты наркаспажыўцоў ці тых, хто проста вырашыў адзін раз папаліць марыхуаны. Трэба дапамагаць ім вырашыць прычыну ўзнікнення залежнасці.

Як ужо прыгадвалася вышэй, беларускае заканадаўства прадугледжвае крымінальную адказнасць не толькі за продаж ці распаўсюд псіхаактыўных рэчываў, але і за «намер да распаўсюду». Прычым, выключна следства вырашае, ці быў у чалавека намер. Трэба перагледзець гэты падыход да вядзення крымінальных спраў.

Фота: unsplash.com (@tommygd12)

4. Перастаць маргіналізаваць наркаспажыўцоў. Наркаманія — гэта захворванне, якое лечыцца. Людзям у цяжкім стане неабходная падтрымка, у тым ліку і ад блізкіх людзей.

Прыклад Партугаліі паказаў, што граматная падтрымка людзей, якія толькі выходзяць з лячэбніц — гэта правільнае вырашэнне. Мясцовыя ўлады распрацавалі спецыяльную праграму, згодна з якой палову зарплаты былога хворага на наркаманію будзе выплочваць дзяржава.

У Беларусі ўжо былі спробы вывесці тэму легалайзу ў публічную прастору. У 2016 годзе гэтым займаўся Павел Стэфановіч, які абяцаў, што калі ён стане дэпутатам, то легалізуе каноплі.

За незаконны абарот асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў прадугледжана крымінальная адказнасць. Фота: unsplash.com (@budding)

У 2017 годзе пачалася кампанія Legalize Belarus, якая працуе адразу на некалькі франтоў. Актывісты ладзяць публічныя мерапрыемствы, дзе распавядаюць пра псіхаактыўныя рэчывы і вайну з наркотыкамі. Legalize Belarus ладзіць акцыі па маральнай падтрымцы тых, хто сядзіць па артыкуле 328, а юрыдычная служба ініцыятывы распрацавала зварот да Адміністрацыі прэзідэнта, Міністэрства ўнутраных спраў і Нацыянальнага сходу з прапановамі зменаў у заканадаўстве.

***

Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

***

Спадабаўся матэрыял? Паспей абмеркаваць яго ў каментах пабліка RFRM на Facebook, пакуль усе нашыя там. Далучайся да самай актыўнай суполкі рэфарматараў у Беларусі і запрашай сяброў!

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!