Скрын відэа спектакля "Мая мама ў турме": https://www.youtube.com/watch?v=uR23-X516_4
Прэм’ерныя паказы спектакля «Мая мама ў турме» паводле кнігі псіхолага Вольгі Вялічкі прайшлі ў Вільні, Беластоку і Варшаве. Апошні паказ адбыўся 22 лютага ў Музеі Вольнай Беларусі.
Псіхолаг Вольга Вялічка ўжо некалькі гадоў працуе з дзецьмі палітвязняў. Гэта быў новы для яе досвед, яна амаль не ведала, як працаваць з дзецьмі, чыіх бацькоў на іх вачах вывозілі, збівалі, а дома рабілі ператрус. У пошуках адказаў яна стала шукаць веды ў новай для яе вобласці – пенітэнцыярнай псіхалогіі, а таксама вывучаць вопыт былых вязняў нямецкіх і савецкіх канцлагераў. Гэта былі ўспаміны ўжо дарослых людзей, аднак тым не менш псіхолаг адшукала вельмі шмат падабенстваў. Таму ў кнізе «Ад 2 да 15. Мая мама ў турме», якую пачала пісаць нечакана для сябе самой, яна змясціла гісторыі савецкіх дзяцей з Акмолінскага лагера жонак здраднікаў Радзімы, яны складаюць адну з апошніх частак кнігі. А рэжысёрка спектакля «Мая мама ў турме» Наталля Лявонава пачала дзею з гэтых страшных сцэн, а пасля – без паузы – звярнулася да страхаў і мараў дзяцей сучасных палітзняволеных.
У спектаклі «Мая мама ў турме» граюць былыя акцёры Гродзенскага драматычнага тэатра, якія пасля пратэстаў у 2020-м былі вымушаны пакінуць Беларусь. Яны разам з калегамі са Старога Віленскага тэатра і зрабілі спектакль паводле кнігі Вольгі Вялічка «Ад 2 да 15. Мая мама ў турме». У ім занятыя навучэнцы тэатральнай школы «Разам», некаторыя з іх – дзеці палітвязняў.
«Сусвет, пачуй нас!», — просіць падлетак у самым пачатку спектакля. І жахлівыя гісторыі пра сем’і ворагаў народа сталінскіх часоў ідуць адна за другой. Жанчына расказвае, як яе дзяцей забралі ў дзіцячы дом. Іншы аповед пра маці, якая пасля растання з малым сынам страціла розум, а дзіця памерла. Умовы ў лагерах для дзяцей былі проста жахлівымі, малыя нават развучваліся плакаць, не ўсе з іх выжывалі.
Гучаць не толькі ўспаміны бацькоў, але і саміх дзяцей, якія раслі ў дзіцячых дамах. Школьнікамі некаторыя з іх пачалі саромецца сваіх бацькоў і нават ненавідзіць іх, «бо дзядуля Сталін ніколі не памыляецца». Іншыя дзеці пісалі Сталіну лісты, у якім тлумачылі, што іх бацькі не вінаватыя.
Гэта частка спектакля закончваецца словамі дзяцей, якія гучаць рэфрэнам: «Няхай гэта ніколі не паўтарыцца! Не паўтарыцца, не паўтарыцца!». Аднак неасуджанае злачынства ўсё ж паўтараецца — у 2020-х.
«За апошнія гады працы я зразумела, што дзеці рэпрэсаваных у савецкі час і сённяшнія дзеці палітвязняў шмат у чым падобныя, — піша Вольга Вялічка ў сваёй кнізе. – Я знайшлі толькі два адрозненні: у беларускіх дзяцей ёсць шанец убачыць сваіх бацькоў жывымі. І ні ад аднаго з іх я не чула, каб іншыя дзеці дражнілі іх за тое, што мама ці тата цяпер у турме».
Менавіта пасля таго, як Вольга Вялічка пачала чытаць успаміны жанчын, якія прайшлі праз ГУЛАГ, яна зразумела, што павінна зафіксаваць гісторыя дзяцей, з якімі працавала: «З 2020 года прайшло няшмат часу, нам яшчэ трэба будзе ўсвядоміць, што адбылося з нашым грамадствам, і гэтым разам зрабіць работу над памылкамі. Я вельмі спадзяюся, што гэтую старонку мы не перагорнем, у адрозненне ад таго, як была перагорнутая старонка з рэпрэсіямі ў СССР», — піша аўтарка кнігі. Думку, якую прагаворвае Вольга Вялічка ў сваёй кнізе, рэжысёрка спектакля ўвасабляе літаральна, не ствараючы паузы паміж двума гістарычнымі перыядамі рэпрэсій. Пасля слоў «Няхай гэта ніколі не паўтарыцца» да мікрафона падыходзіць маленькі хлопчык і кажа: «У нас у Беларусі бяда: усе добрыя людзі ў турме, а астатнія вельмі баяцца».
Галасамі дзяцей расказваецца найноўшая гісторыя Беларусі, і яна амаль без нюансаў, чорна-белая, галоўныя героі тут: мама-тата і чорныя злыдні. Справа ў тым, кажа псіхолаг у сваёй кнізе, што дзеці ведаюць, што іх бацькі нічога дрэннага не зрабілі. Што іх бацькі сядзяць у турме праз палітычныя погляды. І пра бацькоў сваіх дзеці кажуць так: «Яны хадзілі на маршы, бо хацелі для нас лепшага жыцця».
«Несправядлівасць» — слова, якое часта гучыць ад дзяцей, чыя бацькі апынуліся ў зняволенні. Гэта асноўны момант, які ў будучыні будзе ўплываць на станаўленне асобы, кажа Вольга Вялічка. Па яе словах, і дзеці, і дарослыя пачынаюць сумнявацца, што дабро так ці іначай перамагае зло, і гэта ўплывае шмат на якія працэсы.
Дзеці расказаваюць, што з імі здарылася: як прыйшлі за бацькамі, як мама выйшла з турмы, што яны адчувалі пры арыштах і ператрусах. Дзеці гавораць у мікрафон і расказваюць. Хоць тут мала акторскай ігры, спектакль здаецца шматпластовым. Бо гэтай інфармацыі нібы зашмат для таго, каб гэтыя сцэны яшчэ і прайграваліся. У моманты, калі тэкст становіцца зусім нясцерпным, на сцэне нараджаецца невыносны механічны гук. Часам спяваецца песня: песня адчаю – пра турэмныя сцены Вольскага ці пра чорных быкоў Міхалка, і песня надзеі — пра маму ад «Навібэнд».
Дзеці расказваюць, якія ім сняцца сны. У гэтых снах моцны вецер забірае маму, у іх з’яўляюцца людзі ў чорным, адбываецца змаганне з дэманамі. У нармальным асяроддзі каля 30 працэнтаў дзяцей бачаць трывожныя сны, але пры вялікім стрэсе, самае цяжкае — гэта перажыць ноч, — тлумачыць у сваёй кнізе Вольга Вялічка: «Уяўленне малюе жудасных пачвар, якія вырываюцца на свабоду менавіта ў снах… У кожнага з нас ёсць месцы, куды мы вяртаемся ў такіх снах, і немагчыма гэтага пазбегнуць». Праца псіхатэрапеўта заключаецца ў тым, каб праз гутаркі і арт-тэрапію дапрацаваць такія сны і давесці іх да пазітыўнай развязкі.
Падчас сеансаў дзеці палітвязняў прыдумваюць казкі, у якіх прагаворваюць і абыгрываюць свае станы, эмоцыі і перажыванні, свае пачуцці, мары і жаданні. Казкі такіх дзяцей – асаблівыя. Частка з іх напоўнена верай у тое, што дрэнныя людзі могуць стаць добрымі. Што злыдзень больш не прыйдзе. Што ўсё ўладкавалася і несправядлівасці больш няма. Аднак частка казак заканчваецца кепска, бо галоўны герой працягвае свае злачынныя дзеянні і яму «нічога за гэта не было».
І напрыканцы спектакля гучаць мары дзяцей: каб маму адпусцілі ў сакавіку ці далі хатнюю хімію (хатняя хімія – гэта шчасце, гаворыць дзіця), каб існаваў чароўны пульт, што выключаў бы гук жахлівым людзям, каб пабываць у Беларусі і ўбачыць дзядулю з бабуляй.
«Што застанецца, калі скончыцца усё? Толькі любоў…», — спяваюць напрыканцы ўсе акторы.
«Толькі любоў», – гэта апошнія словы ўсёй дзеі. Сыграны ў асноўным дзецьмі, спектакль «Мая мама ў турме» больш нагадвае сеанс псіхатэрапіі, яшчэ невядома для каго больш актуальны – для дарослых гледачоў ці для дзяцей-удзельнікаў.
«Бясстрашнымі і сумленнымі сведкамі», — называе ў прадмове да кнігі дзяцей палітвязняў Святлана Алексіевіч. А Вольга Вялічка завяршае кнігу парадай: «Дапамажыце дзіцяці сфармаваць крытычнае мысленне». Таму, бадай, галоўная выснова, якая з’яўляецца і па прачытанні кнігі, і па праглядзе спектакля: сучасныя дзеці, нават малога ўзросту, у адрозненні ад сталінскіх часоў, выразна асэнсоўваюць прычыны і наступствы, а значыць ёсць надзея, што гэта старонка не будзе перагорнута.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram