Спявачка Анастасія Рыдлеўская і рэжысёрка Madsangria ў новым кліпе Isolde прапануюць зазірнуць на цёмны бок Купалля

The dark side of Kupalle — новы кліп на песню Isolde ад рэжысёркі Madsangria і спявачкі Анастасіі Рыдлеўскай прапануе нечаканы погляд на самую кароткую летнюю ноч. Ведзьмы, крыважэрны шабаш ці ўсё такое, якім здаецца?

Летась мультыдысцыплінарная артыстка Анастасія Рыдлеўская выпусціла песню Dance On My Own, якая стала сапраўдным гімнам незалежнасці і павагі да сябе — і набрала найбольшую колькасць праслухоўванняў у яе каталогу — больш за 650 тысяч праслухоўванняў. Музычнае відэа на песню зняла рэжысёрка з Беларусі Дар’я Madsangria, вядомая па працах з Kubi producent (19 млн праглядаў), White 2115 (5 млн праглядаў), Kinny Zimmer (700+ тыс. праглядаў), а таксама па супрацы з лэйблам Sony Music.

Праз год беларускі дуэт вяртаецца з новым творам — кліпам на песню Isolde з сёлетняга альбома Snake Charmer. У відэа ведзьмы ладзяць свой крыважэрны шабаш — але ці ўсё такое, якім здаецца?

«Для мяне кліп Isolde — гэта пра моцную жаночую энергетыку, — кажа рэжысёрка Madsangria. — Гэта гісторыя пра дзяўчыну, у якой спалох пераўтвараецца ў сілу і храбрасць. Але сама гісторыя ў кліпе для мяне — другасная. На першым месцы — адчуванні, якія застануцца ў гледача пасля прагляду. Мне важна, каб гэту працу адчулі.

У гэтым кліпе шмат таго, што я даўно хацела рэалізаваць, але мне заўсёды казалі: “Даша, нельга, бо 18+ моцна зніжае ахопы”. У першым кліпе Насці Dance on My Own я толькі прыадчыніла дзверы сваіх жаданняў. А тут — вырашыла расчыніць іх напоўніцу! Я зняла так, як хацела».

«Я непамерна радая, што кожны кліп, які мне пашчасціла стварыць з таленавітымі людзьмі, — працягвае Анастасія, — не паўтарае песню, а стварае ўласнае аўтарскае бачанне, якое ўсё ж злучаецца з маёй творчасцю чырвонымі ніткамі — вайбам і пачуццямі. Так пашыраецца мой універсум і нараджаецца трэцяя прастора паміж творчымі светамі».

Сачыць за творчасцю Анастасіі Рыдлеўскай можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!