Праект SPIEVY z-pad mosta, створаны беларускімі і ўкраінскімі эмігранткамі ў Варшаве, выпусціў свой першы міні-альбом «Іскарка».
Назва «Іскарка» невыпадковая, адзначаюць удзельніцы жаночага хору. Менавіта так гучала першае «працоўнае» імя праекта, сімвал агеньчыка, які жанчыны хацелі запаліць у сэрцах слухачоў — іскарку любові да беларускай культуры, мовы і каранёвых спеўных традыцый.
SPIEVY — гэта жаночы праект эмігрантак з Беларусі і Украіны, які выконвае традыцыйныя беларускія спевы і спевы памежных славянскіх тэрыторый — Польшчы, Украіны і Літвы. Створаны з ініцыятывы мастачкі Караліны Паляковай і развіты калектыўнымі намаганнямі жанчын, ён пачаў збірацца вясной 2023 года пад Свентакшыскім мостам у Варшаве. Пад кіраўніцтвам даследчыцы этнаграфічных архіваў і лідаркі этна-электроннага дуэта Šuma Русі ўдзельніцы вывучаюць аўтэнтычныя песні, якія спявалі жанчыны падчас паганскіх абрадаў і рытуалаў.
«Наша ідэя — запаліць як мага больш іскарак, каб агонь беларускай культуры не згас, а перадаваўся ад чалавека да чалавека нават у выгнанні», — кажа Руся, якая кіруе праектам SPIEVY.
Традыцыйныя беларускія спевы маюць моцны тэрапеўтычны эфект, дадаюць удзельніцы. Спяванне дапамагае перажываць складаныя эмоцыі, здымае напружанне, вяртае пачуццё сувязі і прысутнасці. Гэта асабліва важна для людзей, якія вымушаныя былі пакінуць радзіму.
Некалькі дзён таму ў падтрымку новага міні-альбома калектыў выпусціў кліп на песню «Іскарка».
Яго здымкі прайшлі ў рэзідэнцыі Mochnarte, зусім блізка да мяжы з Беларуссю. Відэа было створана камандай студэнтаў Warszawska Szkoła Reklamy.
Новы альбом, які стаў даступны ў сеціве сёння, 27 кастрычніка, складаецца з чатырох кампазіцый: Iskarka, Pokuc, Oho-ho Koza, Zastukacieli. У зборнік увайшлі традыцыйныя матывы ў аўтарскім аранжыраванні Русі.
Некалькі словаў пра дызайн праекта.
Лагатып SPIEVY створаны дызайнеркай Настассяй Безручонак і натхнёны беларускімі арнаментамі, у прыватнасці вобразам жанчыны Масленіцы.
У яго ўвасоблены палі моста, пад якім спачатку збіраліся ўдзельніцы, і сілуэт жанчыны ў стылі традыцыйнай вышыўкі — сімвал сувязі пакаленняў і адраджэння жаночай сілы.
Слухаць альбом можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram