© Sputnik / Дзмітрый Маркаў.
Гістарычны палац у Дзятлаве (Гродзенская вобласць), які пустуе з 2010 года, знайшоў новага гаспадара. На нядаўніх таргах помнік архітэктуры прадалі за сімвалічныя 90 рублёў (дзве базавыя велічыні). Новай уладальніцай аб’екта стала грамадзянка Расіі Таццяна, якая апошнія два гады жыве ў Мінску. Пра гэта паведаміла агенцтва «Спутник-Беларусь» у сваім рэпартажы.
Для Дзятлаўскага палаца гэта ўжо другая спроба прыватызацыі. У 2022 годзе будынак за тры базавыя велічыні выкупіў бізнесмен з Санкт-Пецярбурга, аднак ён не выканаў умовы па захаванні і праектаванні аб’екта, таму палац вярнулі ў камунальную ўласнасць раёна. Новая гаспадыня заяўляе, што набыццё маёнтка — яе дзіцячая мара, і яна гатовая пачаць аднаўленне. Пры гэтым цікавасць да мінуўшчыны ў Таццяны прафесійная: яе маці — гісторык, а бацька — рэстаўратар.
У афіцыйных спісах спадчыны і Вікіпедыі будынак значыцца як «палац Радзівілаў», аднак даследчыкі часта выкарыстоўваюць падвойную назву — палац Радзівілаў-Солтанаў, бо абодва роды пакінулі тут свой след.
Гэты рэдкі для Беларусі помнік архітэктуры ракако пачалі будаваць у 1751 годзе па фундацыі Мікалая Фаўстына Радзівіла. Праектам займаўся архітэктар Джузэпэ Фантана (у прэсе яго часта блытаюць з аднафамільцам Доменіка Фантана з XVI стагоддзя.). Аднак напрыканцы XVIII стагоддзя Дзятлава перайшло ва ўласнасць роду Солтанаў, пры якіх палацавы комплекс набыў свой канчатковы бляск.
Пасля вызваленчага паўстання 1830–1831 гадоў, у якім удзельнічалі Солтаны, уладанні былі канфіскаваныя царскімі ўладамі. Палац ператварылі ў вайсковыя казармы для кавалерыі, цалкам перабудаваўшы дах і знішчыўшы барочныя вежы. Менавіта таму на знакамітым малюнку Напалеона Орды (створаным у перыяд паміж 1861 і 1877 гадамі) палац выглядае ўжо значна прасцей, чым у часы свайго росквіту. У ХХ стагоддзі будынак паспеў пабываць школай і прытулкам, а ў савецкі час і аж да 2010 года тут размяшчаўся раённы шпіталь (стоматолагiя).
Ад былога інтэр’еру сёння засталіся толькі аўтэнтычныя скляпеністыя падвалы, камін і плітка на лесвіцы.
Продаж беларускіх гістарычных сядзібаў прыватным інвестарам (у тым ліку з Расіі) за мінімальную цану — практыка для Беларусі не новая. І вынікі яе розныя. Калі папярэдняя спроба з Дзятлаўскім палацам была няўдалай, то прыклад палаца Радзівілаў у Паланечцы (Баранавіцкі раён), які ў 2020 годзе таксама набыла інвестарка з Расіі, дэманструе поспех. Там будынак атрымалася закансерваваць, уратаваць ад дажджоў, а тэрыторыю вакол ператварыць у папулярную турыстычную і культурную лакацыю.
Новая ўладальніца палаца ў Дзятлаве Таццяна плануе адкрыць у будынку кафэ, апарт-атэль і інтэрактыўныя залы, а ў скляпеннях — дэгустацыйныя сутарэнні. Частку другога паверха яна хоча пакінуць для ўласнага пражывання. Паводле дагавора, інвестарка абавязана здаць аб’ект у эксплуатацыю на працягу 5 гадоў і забяспечыць туды доступ для экскурсій, якія будзе праводзіць мясцовы краязнаўчы музей.
Аднак будучай рэстаўрацыі дадае складанасці той факт, што Палац Радзівілаў-Солтанаў мае 2-ю катэгорыю каштоўнасці. Гэта азначае, што помнік мае рэспубліканскае значэнне. Любыя працы на ім патрабуюць складаных навуковых вышукаў, выкарыстання адмысловых матэрыялаў і строгіх узгадненняў з Міністэрствам культуры, што павялічвае кошт рэканструкцыі ў дзясяткі разоў. Ці здолее новы прыватны ўладальнік адолець гэты фінансавы і бюракратычны марафон — пакажа час.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram