Сёння ў Зальцбургу адбудзецца спектакль, натхнёны гісторыямі беларускіх жанчын-палітвязынак. Яго аўтарка — актрыса і рэжысёрка Марына Якубовіч

«24 красавіка будзе дзень нараджэння Марыі Калеснікавай, ужо чацвёрты дзень нараджэння, які яна правядзе у зняволенні. Вобраз Марыі стаў адным з найважнейшых персанажаў спектакля і, калі можна так сказаць, маім партнёрам па сцэне. І гэты спектакль я вельмі хачу прысвяціць ёй і ўсім беларускім палітвязням і палітвязынкам», — распавядае пра сваю новую працу беларуская актрыса і рэжысёрка Марына Якубовіч. Сёння, 20 красавіка, у Аўстрыі, у Зальцбургу адбудзецца прэм’ера монапастаноўкі «Connection», заснаванай на сведчаннях былых палітзняволеных.

У працэсе збору матэрыялу да спектакля Марына Якубовіч звярталася да ініцыятывы «Палітвязынка». Дзякуючы дапамозе праекта актрысе ўдалося знайсці шмат інфармацыі і ўзяць інтэрв’ю ў былых палітвязынак.

Мы размаўлялі з Касяй Будзько, Оляй Рытус, Аланай Гебрэмарыям, — падзялілася Марына Якубовіч. — Таццяна Хоміч шмат расказала пра сваю сястру Марыю Калеснікаву, з якой на дадзены момант ужо больш за год няма ніякай сувязі. І сумесна з неверагодным маладым беларускім драматургам і рэжысёрам МI, мы напісалі п’есу аб палітычных вязнях і палітыках, аб свабодзе і зняволенні, аб рашэннях і наступствах, аб віне і адказнасці, аб сіле і слабасці. Гэта спектакль аб адсутнасці сувязі з палітвязнямі, аб маёй сувязі з Беларуссю і аб сусветнай рэакцыі на нашу сітуацыю, — адзначае тэатральная дзяячка. — Падаецца, у мяне атрымаўся вельмі асабісты спектакль, які ўздымае шмат важных і дыскамфортных пытанняў.

Пастаноўка стваралася ў рэзідэнцыі ад Універсітэта Моцартэум (Зальцбург, Аўстрыя) і Федэральнага міністэрства па еўрапейскіх і міжнародных справах Аўстрыйскай Рэспублікі.

Марына Якубовіч, якая гэтаксама выкладае акцёрскае майстэрства ў Томас Бернхард інстытуце, падкрэслівае, што тэма беларускіх палітзняволеных для яе не выпадковая.

Гэта тэма для мяне заўсёды была вельмі асабістай і вельмі балючай. На жаль, у цяперашніх рэаліях, амаль праз чатыры гады пасля беларускіх пратэстаў, праз два гады пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, тэма беларускіх палітвязняў амаль знікла з навін, — лічыць рэжысёрка. — Менавіта таму мне хацелася агучыць яе і не даць сусветнай супольнасці забыцца на гэтую праблему.

Пачатак спектакля адбудзецца сёння, 20 красавіка, у Kleine Studio (Mirabellplatz, 1), у 17.00.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!