Сёння гурт Syndrom Samazvanca дае вялікі канцэрт у Варшаве. Яшчэ будуць Сяргей Пукст і Вова Агаян, гурты «Сербскі нож» і Raut

Беларускі гурт Syndrom Samazvanca сёння сыграе свой першы вялікі канцэрт у Варшаве. Кампанію аўтарам альбомаў Sonk, «Востраў скаргаў» і «Радыё Няміга» складуць Сяргей Пукст і Вова Агаян, гурты Raut і «Сербскі нож». Апошнія, дарэчы, прэзентуюць на імпрэзе свой новы альбом.

«Рака шчодра заліла кожнае акенца, жоўты пераўтварыўся ў зялёны. Быў гэта колер пачатку ці канца – невядома – усё зьнікла, каб зьявіцца наноў. Пальцы, рыбы, людзі, дамы – усё зьмяніла кшталт. Музыка стала каляровай і пацякла, — канцэрт чатырох гуртоў прапануецца разглядзець як каляровую сумесць розных музычных напрамкаў.

— Божа, дай мне знак!

Над вадой зьявіліся верхваіны: дарожныя знакі й тры гары гумавых колаў. Пад вадой – затор: машыны едуць бяз хуткасьці, цягнікі гракочуць, рыбы ня ведаюць, што рабіць з нагамі. Ты ідзеш далей невядома куды, пачынаеш плыць на гук мэталічных знакаў. Няма больш добрага й злога. Ёсьць толькі тут і цяпер. Музыка стала колерам, словам і голасам.

Кола точыцца. Знакі гучаць як барабаны і гітара. Гук паўтарыў мінулае й паказаў будучыню», — настройвае анатацыя на падзею, у якой прагучаць псіхадэлічная феерыя, краўтрок, перфаматыўнае гітарнае электра — за іх адказвае Syndrom Samazvanca, нігілістычны джаз — тут валадарыць Сяргей Пукст і Вова Агаян, нью вейв «зараджае» гурт «Сербскі нож» і egg панк — Raut.

Час і месца дзеі — 9 лютага, 19.00. Пляцоўка — 2KOŁĄ (Tunelowa, 2b).

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.