Сёння спаўняецца 200 гадоў этнографу і фалькларысту Паўлу Шпілеўскаму

Культура

12 лістапада адзначаецца юбілей даследчыка і папулярызатара гісторыі, этнаграфіі, мовы і фальклору беларускага народа, пісьменніка, публіцыста і тэатральнага крытыка Паўла Шпілеўскага (1823–1861).

Ён быў сынам праваслаўнага святара, таму па заканчэнні Мінскай духоўнай семінарыі, якая размяшчалася ў Слуцку, працягнуў вучобу ў Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі, якую скончыў са званнем кандыдата багаслоўя. Працаваў святаром у вёсцы Лошніца на Барысаўшчыне. Потым быў прызначаны выкладчыкам славеснасці ў Варшаўскае павятовае духоўнае вучылішча. Праз пяць гадоў звольніўся з пасады і пераехаў у Пецярбург, канчаткова адмовіўшыся ад царкоўнай кар’еры.

У 1844 годзе, яшчэ студэнтам, ён друкуе пад псеўданімам Эгілеўскі сваю працу “Белорусские предания” і казку “Волшебные яблоки”. Гэтыя публікацыі вызначылі асноўны кірунак будучай творчай дзейнасці – беларускі фальклор і краязнаўства.

У 1845 годзе Шпілеўскі склаў “Словарь белорусского наречия”, у прадмове студэнт трэцяга курса піша, што яго матывацыя — гэта любоў да радзімы і спачуванне землякам, а таксама жаданне пазнаёміць навуковае кола Расіі з беларускай культурнай спадчынай.

Павел Шпілеўскі атрымаў адукацыю ў Санкт-Пецярбургу і пісаў свае тэксты на рускай мове. Пры гэтым роднай мовай лічыў беларускую. Народнай творчасцю захапіўся яшчэ ў дзіцячыя і юнацкія гады: збіраў яе ўзоры па месцах службы бацькі-святара, якому даводзілася часта мяняць прыходы, а пазней у вольны ад вучобы або працы час ён спецыяльна падарожнічаў па Беларусі. Так, этнограф згадвае, як спяшаўся з губернскага горада на канікулы ў аддалены павет і «мог з поўнай свабодай раз’язджаць па вёсках і сёлах, дзе па якойсьці трапяткой неўсвядомленай ахвоце да вывучэння народных павер’яў і казак прыслухоўваўся да гукаў гарманічнай, пявучай роднай мовы, запісваў словы і аповеды з вуснаў сялян — дамарослых баянаў і знахараў, прабіраўся ў беларускія хаты, знаходзіў задавальненне гутарыць за сціплай вясковай трапезай з сівавалосымі старымі і маршчыністымі бабулямі«.

Паўплывала на яго захапленне і няня — звычайная шыпілавіцкая сялянка Агата Касьмінава. У сваёй галоўнай кнізе “Падарожжы па Палессі і Беларускім краі” Шпілеўскі згадвае яе як цудоўную апавядальніцу беларускіх казак.

Апублікаваныя ў 1846–1860 гады нарысы, этнаграфічныя артыкулы, гістарычныя і філалагічныя працы Паўла Шпілеўскага – вынік яго карпатлівых даследаванняў. “Народные пословицы с объяснением происхождения и значения их”, “Исследование о вовколаках на основании белорусских поверий”, “Свадебные обряды у застенковцев (околичан) Витебской губернии”, “Западнорусские очерки”, “Мазыршчына: (з падарожжа па заходнярускім краі)”, “Поездка в западные губернии” і іншыя працы друкаваліся на старонках навуковых і папулярных расійскіх часопісаў, выходзілі асобнымі выданнямі. У этнаграфічных працах Павел Міхайлавіч не толькі апісваў звычаі, абрады, але і шмат увагі надаваў асаблівасцям беларускай мовы.

У краязнаўчай кнізе «Путешествие по Полесью и Беларусскому краю» Шпілеўскі апісаў не толькі свае дарожныя ўражанні, але і прывёў гicтарычныя звесткі пра населеныя пункты. Недахоп архіўных звестак ён часта кампенсаваў запісам легенд, паданняў. Ён пісаў нарысы пра гарады і мястэчкі на дакументальнай аснове, часта даваў апісанні ці ўпамінанні пра мясцовыя замчышчы, шукаў сляды далёкай гісторыі.

Гэты твор вылучаецца вялікім па аб’ёме сістэматызаваным геаграфічным, гістарычным, этнаграфічным матэрыялам і лічацца самай буйной працай у беларускай фалькларыстыцы 1850-х – 1860-х гадоў.

Апошнія гады цалкам Шпілеўскі аддаў журналістыцы, супрацоўнічаў з тэатральным часопісам у Санкт-Пецярбургу, дзе пісаў у тым ліку і пра мінскія тэатры.

Памёр Павел Шпілеўскі 17 кастрычніка 1861 годзе, усяго некалькі дзён не дажыўшы да свайго 38-годдзя. Пасля яго смерці зніклі ўсе архівы даследчыка. Сям’я не паклапацілася пра іх захаванне. Дзе ён пахаваны – таксама невядома. Не захаваліся таксама здымкі Шпілеўскага – ёсць толькі два меркавальныя партрэты.

Нацыянальныя рухі ў паняволеных народаў Усходняй Еўропы пачыналіся з этнаграфічнага вывучэння традыцыйнай культуры. У Беларусі такое вывучэнне пачалося ў канцы ХVIII — пачатку ХІХ стагоддзя. З аднаго боку, польскамоўная інтэлігенцыя стала цікавіцца жыццём сялян з навакольных вёсак, з іншага, расійскія даследчыкі арганізоўвалі навуковыя экспедыцыі з мэтай вывучэння захопленых земляў і побыту народа. Першая такая эспедыцыя адбылася ўжо ў 1773 годзе, пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай.

У 1840-х — 1950-х гадах, паміж двума антырасійскімі паўстаннямі, этнаграфічныя даследаванні выходзяць на новы ўзровень: з’яўляюцца зборнікі «Сялянскіх песень…» Яна Чачота (каля тысячы аўтэнтычных беларускіх народных песень аўтар выдае ў шасці зборніках у перакладзе на польскую мову, восьмую частку з якіх апублікаваў у беларускім арыгінале), Уладзіслава Сыракомлі і Адама Кіркора. Ян Баршчэўскі выдае свайго знакамітага «Шляхціча Завальню, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (1844—1846). У 1846 годзе ў Вільні друкуецца драматычны твор «Сялянка» («Ідылія») Дуніна-Марцінкевіча, у якім сяляне гавораць па-беларуску.

Гэтыя даследчыкі пісалі свае кнігі, знаходзячыся галоўным чынам у польскамоўнай культурнай традыцыі. Павел Шпілеўскі як сын праваслаўнага святара робіць іншы выбар. Наступным этапам нацыянальнага развіцца стане распрацоўка беларускай літаратурнай мовы.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: