Найстарэйшы фатограф Беларусі Іван Ігнатавіч Камар сышоў у іншы свет 12 жніўня на 104 годзе жыцця. Сёння ў Навагрудку ладзіцца развітанне з далікатным і інтэлігентным аўтарам-аматарам, які тры дзесяцігоддзі вёў ціхі фоталетапіс жыцця сваёй вёскі — Нянькава.
Імя гэта сціплага, але цікавага, глыбокага чалавека стала вядома Беларусі дзякуючы супрацоўніцы Нацыянальнага гістарычнага музея, даследчыцы Надзеі Саўчанка. У экспедыцыі Надзея разам з камандай шукала звесткі пра іншага беларускага аматара — фатографа з Навагрудчыны Саву Сіўко. І… выпадкова пазнаёмілася з яго вучнем — чалавекам, які захапіўся фатаграфіяй праз здымкі спадара Савы. Ім і стаўся Ян Камар з Нянькава — малавядомы фатограф, які, як высветлілася, дакументаваў жыццё сваёй вёскі на працягу дзесяцігоддзяў.
Фатаграфіі Яна Камара вельмі простыя. Звычайная вясковая вуліца. Хата. Сям’я на падворку. Хлопцы сабраліся ля млына. Вяскоўцы гуляюць ля Нёмана. Дзеткі катаюцца ўзімку з горкі. Простыя сюжэты. Простыя рэчы. Але ў гэтым малым бачыцца вялікае — і жыццё людзей, і стаўленне аўтара да іх — свойскае, сардэчнае.
Прапануем паглядзець фотаздымкі Ян Камара — далікатнага, «ціхага» аўтара, якому, па сутнасці, удалося захаваць на стужцы «ціхі» лад жыцця ў беларускім мястэчку другой паловы ХХ стагоддзя. Свой сярод сваіх.
***
Ян Камар — адзін з найстарэйшых фотааматараў Беларусі. Ён нарадзіўся ў 1920 годзе і амаль усё жыццё пражыў у вёсцы Нянькава Навагрудскага раёна. Яго бацькі — простыя сяляне Ігнат Парфяновіч і Алімпіяда Кліменцьеўна з вёскі Нянькова. Скончыў чатыры класы вясковай школы (хадзіў у польскую), а потым маленькі Ян вучыўся ў беларускай школе ў Любчы. У дзяцінстве бацькі аддалі сына ў чаляднікі да краўца з суседняй вёскі Ракевічы, дзе той навучыўся карыстацца іголкай.
У 1944 годзе Ян Ігнатавіч быў мабілізаваны ў Савецкую Армію. Адразу ж быў накіраваны ва Украіну, затым у запасны полк, які размяшчаўся ў горадзе Оўруч. Пазней як навабранец быў накіраваны ваяваць у Венгрыю стралком у роту ПТРК. Там ён быў паранены. Пабеду Ян Ігнатавіч сустрэў у Аўстрыі. Вайна скончылася, але дэмабілізаваўся будучы фатограф толькі ў 1946 годзе. У родную вёску Ян Ігнатавіч вярнуўся пешшу з Аўстрыі з асколкам у назе. Потым працаваў у калгасе, а потым па спецыяльнасці — шыў мужчынскае адзенне ў бытавым камбінаце ў вёсках Нянькова і Пантусавічы.
Свой першы фотаапарат Ян Ігнатавіч змог набыць толькі ў 1958 годзе. Дзве свае зарплаты ён аддаў на новы «Зеніт-С» малога фармату, з якім далей не расставаўся 50 гадоў.
У архіве Івана Ігнатавіча больш за дзве тысячы негатываў.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: