Сёння пайшоў з жыцця беларускі паэт і выдавец Раман Цымбераў

Раман Цымбераў – беларускі паэт і выдавец, уладальнік электроннай крамы мастацкай і гістарычнай літаратуры Kniger.by, у якой прадаюцца ў тым ліку кнігі на беларускай мове, — памёр у 44 гады.

Пяць дзён таму яму раптоўна стала кепска, з’явіліся праблемы з ныркамі. Пасля здарыўся інсульт. Яго перавялі ў рэанімацыю, але не ўратавалі.

Раман Цымбераў нарадзіўся 8 чэрвеня 1981 года ў Ейску Краснадарскага краю Расіі, але з дзяцінства жыў у Беларусі. Працаваў выкладчыкам у каледжы і ўніверсітэце, меў ступень магістра па эканоміцы (2008). 

З 2001 года працаваў як індывідуальны прадпрымальнік у галіне кніжнага гандлю. Быў уладальнікам электроннай крамы мастацкай і гістарычнай літаратуры Kniger.by., адміністратар сайта для аматараў гістарычнай літаратуры «Імперыя гісторыі. Гістарычны клуб Беларусі».
Як выдавец і рэдактар, курыраваў кніжную серыю «Такая гісторыя», у якой да студзеня 2024 года выйшла каля 20 выданняў, прысвечаных гісторыі Беларусі і ваеннай гісторыі. У 2025 годзе пачаў серыю кніг для дзяцей «Ветрачок».

Сярод значных кніг, выданых Цымберавым: «Минский тюремный замок» Дзмітрыя Дразда, «Гарачы парафін» Вінцэся Мудрова, «Шэпт» Сяргея Лескеця, «Купала і Колас жартуюць» Паўла Каралёва, збор твораў Кастуся Севярынца, дзіцячая кніга «Дзедавы казкі» Дзеда Янкеля (Ігара Гайкевіча) і мноства іншых.

24 студзеня 2024 года Міністэрства інфармацыі Беларусі прыпыніла на месяц дзеянне пасведчання Рамана Цымберава на права выпуску друкаваных выданняў.

Аўтар вершаў на беларускай і рускай мовах. Выйшлі чатыры зборнікі паэзіі Рамана Цымберава — «Мышыны кароль» (2006), «Гісторыя хваробы» (2011), «Трэці сшытак» (2017), «На улицах Вавилона. Куретская стража» (2021). «На улицах Вавилона. Куретская стража» — двухбаковы зборнік (кніжка-перакрутка), змяшчае вершы 2015—2018 гадоў.

У суаўтарстве з дачкой Эміліяй выдаў зборнік вершаў для дзяцей «Рознакаляровыя сьняжынкі».

«Вялізная страта для беларускай кнігі, прорва, якую невядома як і калі і ці наогул удасца запоўніць… Спадзяюся, Раман адчуваў, як мы перажывалі за яго гэтыя дні і маліліся. Спадзяюся, пачуў тое, што не паспелі сказаць яму асабіста — і пра ўдзячнасць, і пра ягоную магутнасць і ўнікальнасць», — напісала ў сацсетках старшныня беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!