Сёння дзень памяці мастака, даследчыка і абаронцы гістарычнай вуліцы Няміга Лявона Баразны

15 жніўня 1972 года ў Мінску пры нявысветленых абставінах быў забіты мастак, даследнік культуры, актывіст захавання гісторыка-культурнай спадчыны, сябра Уладзіміра КараткевічаЛявон Баразна. Непасрэдна перад забойствам ён рыхтаваў акцыю пратэсту супраць разбурэння гістарычнага цэнтра Мінска.

Існуе версія, што забойства мастака — гэта акцыя савецкіх спецслужб.

Лявон Баразна працаваў галоўным мастаком Мастацкага фонду БССР. У 1967 яму даручылі афармленне Мінска да 900-гадовага юбілею, але неўзабаве ён быў адхілены ад працы.

У выніку падарожжаў па Беларусі ў 1950—60-х гадах падрыхтаваў альбомы «Беларускае народнае адзенне», «Беларуская народная вопратка», «Арнамент паўднёвай Беларусі», «Тканіны Гродзеншчыны» і вялікую серыю жывапісных і графічных пейзажаў Беларусі. Паводле яго эскізаў створаны касцюмы для ансамбляў песні і танца: Гарадзенскага «Нёман», Смаргонскага імя Агінскага, Наваградскага «Свіцязь» і іншыя.

У 1969-м разам з Зянонам Пазняком выступаў у абарону вуліцы Няміга. Іх сумесны артыкул «Заботясь о будущем» надрукавала газета «Правда», дзякуючы чаму Машэраў на тры гады прыпыніў знішчэнне Нямігі.

Рыгор Барадулін пісаў пра Лявона Баразну: «Ён не даваў спаць усім, хто праспаў нацыянальную свядомасць, нацыянальную памяць, хто праспаў беларушчыну. Ён быў мулкі ўсім тым, хто прамяняў сумленне беларуса на інтэрнацыянальную ўтульнасць, хто, як сабака перад пастухом, перадкаваў перад ахвосцем з метраполіі чырвонай імперыі. Ён быў скразняком, які ўрываўся ў душныя ад пакоры і дабрабыту душы, які кудлаціў бальшавіцкае ўчасанне мазгоў пярэваратняў, ваўкалакаў. Ён быў смаляком, які гарэў жарка, каб адтавалі заінелыя шыбіны абражаных надзей».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!