Сёння — дзень нацыянальнага герба і сцяга

19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет 12-га склікання зацвердзіў дзяржаўныя сімвалы нашай краіны – імі сталі бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня», а таксама назву краіны — Рэспубліка Беларусь.

Нацыянальная сімволіка заставалася дзяржаўнай да рэферэндуму 14 мая 1995 года.

Часам стварэння эскіза сучаснага сцяга лічаць 1917 год, а аўтарам — Клаўдзія Дуж-Душэўскага, вядомага грамадска-палітычнага дзеяча, архітэктара і журналіста. Ва ўспамінах 1934 года ён адсылае яго колеры да герба «Пагоня»: «…беларусы ўважалі сваім дзяржаўным сьцягам той, што і літоўцы, гэта значыць белую Пагоню на чырвоным полі, але нацыянальнага сьцяга не было. Мне давялося зрабіць некалькі праектаў нацыянальнага сьцяга, і адзін зь іх быў прыняты, менавіта: бела-чырвона-белы. Ад таго часу гэты сьцяг і лічыцца за беларускі нацыянальны сьцяг».

Аднак бела-чырвона-белая сімволіка ўжывалася беларускім нацыянальным рухам і раней — у канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў. У 1909-1912 гадах стужкі гэтых колераў выкарыстоўвалі студэнты-беларусы ў Санкт-Пецярбургу. У 1916 годзе бела-чырвона-белы сцяг мела арганізацыя «Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі» пад кіраўніцтвам Вацлава Ластоўскага.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года бела-чырвона-белым сцягам сталі карыстацца як сцягам беларусаў наогул. Напрыклад, 5 жніўня 1917 года на 1-й сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый у Мінску было пастаноўлена, што ўсе вайскоўцы-беларусы ў Рускай імператарскай арміі мусяць насіць бела-чырвона-белую стужку як дадатковы знак адрознення.

За сваю гісторыю бел-чырвона-белы сцяг быў дзяржаўным двойчы: у 1918-м ён стаў сцягам Беларускай Народнай Рэспублікі і ў 1991-м быў абвешчаны дзяржаўным сімвалам Рэспублікі Беларусь.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.