Салон беларускіх выдавецтваў «Вольная Беларусь». Фота: reform.news
На Міжнародным кніжным кірмашы ў Варшаве – адной з найбуйнейшых літаратурных і галіновых падзей у Польшчы, што аб’ядноўвае аўтараў, выдаўцоў і чытачоў з усяго свету, адбылося афіцыйнае адкрыццё беларускага салона «Вольная Беларусь».
На адкрыцці прысутнічалі выдаўцы і прадстаўнікі арганізатараў стэнда — Цэнтра Беларускай Салідарнасці і Інстытута беларускай кнігі, а таксама ганаровыя госці – Максім Знак і Кацярына Андрэева.
Максім Знак расказаў, як у зняволенні «паляваў» на беларускія кнігі і як страціў 18 сваіх рукапісаў, якія забралі пры вызваленні. Паводле яго, адзіны адказ на рэпрэсіі ў кніжнай сферы – чытаць і набываць беларускія кнігі.
Кацярына Андрэева расказала пра кнігу «Беларускі Данбас», якая была перакладзена на украінскую мову, аднак пісалася ўсё ж для беларускага чытача. Кніга аказалася прарочай, бо заканчваецца словамі: «У гэтай гісторыі яшчэ рана ставіць кропку».
Побач з выступоўцамі стаяў пусты стул з партрэтам Ігара Ільяша і сімвалічным знакам забароненых кніг.
Сёння ж адбыўся старт продажаў беларускага перакладу «Успамінаў Францішка Міцкевіча» ад выдавецтва RozUM. Гэта не проста сямейныя ўспаміны Францішка Міцкевіча, старэйшага брата славутага паэта Адама Міцкевіча, а каштоўны гістарычна-літаратурны дакумент пра Наваградак, эпоху XIX стагоддзя, жыццё сям’і Міцкевічаў і пра лёс беларусаў у эміграцыі.
Таксама прайшла прэзентацыя з нагоды сямідзесяцігоддзя кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. Цяпер у беларускім салоне можна набыць кнігі: «Перыядычныя выданні беларускай эміграцыі: «Пагоня», «Сакавік», «Наперад!»; «Гутаркі з паэтамі на пачатак 21 ст» ; «Беларуская літаратура пасля 1986 г. Новы погляд»; «Беларусь вачыма моладзі: даследаванні па дэкаланізацыі», укладальнік — Андрэй Масквін.
Аляксандр Лукашук прэзентаваў інтэлектуальны дэтэктыў «Гульню ў Освальда» (Kamunikat.org), дзе час і прастора Лі Харві Освальда ў Мінску ўзнаўляецца паводле калекцыі дакументаў КДБ Беларусі і Камісіі Уорэна ЗША, успамінаў сяброў і жонкі, у варыяцыях літаратуры, геймінгу і лепідаптэралогіі.
Беларуская паэтка Наста Кудасава прэзэнтавала кнігу вершаў — «Лірыка» з серыі «Паэты плянэты». Гэта серыя выдавалася ў Мінску, а цяпер яе працягвае Kamunikat.org. Паэтка ўключыла ў кнігу 100 вершаў: частку з папярэдніх зборнікаў і новыя тэксты.
Заўтра праца кірмаша працягнецца, у праграме — прэзентацыі кніг, аўтограф-сесіі, сустрэчы з аўтарамі, выдаўцамі, даследчыкамі і культурнымі дзеячамі. Праграму беларускага стэнда «Вольная Беларусь», які будзе працаваць да 31 траўня на стадыёне PGE Narodowy (стэнд 11/D5) у Варшаве, можна паглядзець тут.
Арганізатары стэнда — Цэнтр Беларускай Салідарнасці і Інстытут беларускай кнігі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram