Фота ілюстрацыйнае
15 лістапада 2025 года ў Гданьску ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці будуць агучаныя вынікі конкурсу і адбудзецца цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі імя Ежы Гедройця.
Пачатак урачыстай імпрэзы а 19-й, але цягам дня адбудуцца разнастайныя імпрэзы.
А палове на дванаццатую пройдзе адкрыццё выставы кніг, забароненых у Беларусі, пасля чаго запрацуе кірмаш беларускай і польскай кнігі.
У размове «Пераклады, якія яднаюць. Беларуская літаратура ў польскіх выдавецтвах» возьмуць удзел старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай, перакладчыца беларускай літаратуры на польскую мову Яанна Бэрнатовіч і кіраўнік Калегіума Усходняй Еўропы ва Уроцлаве Лаўрынас Вайчунас. Госці пагавораць пра прысутнасць беларускай літаратуры ў Польшчы, пра складанасці яе выдання і магчымасці шырэйшага распаўсюду.
Пройдуць аўтарскія сустрэчы з пяццю аўтарамі з кароткага спісу — Змітром Дзядзенкам, Анкай Упала, Сяргеем Дубаўцом, Аляксандрам Лукашуком, Югасяй Калядой (шосты аўтар Клёк Штучны, які не раскрывае свайго прозвішча). А вечарам, перад галоўнай цырымоніяй, пройдзе дыскусія з лаўрэатамі прэміі «Голас пакалення свабоды», якіой былі ўганараваны 18 выбітных прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускай літаратурнай, журналісцкай і праваабарончай супольнасці.
Галоўная цырымонія ўганаравання прэміяй Гедройця адбудзецца з 19:00 да 20:30, будзе весціся анлайн-трансляцыя.
Завяршэннем вечара стане выступ спецыяльнага госця – Уладзіміра Пугача, беларускага спевака, вакаліста гурта J:Mors.
Цырымонію правядзе Крысціна Дробыш – акторка, дыктарка і выдаўца аўдыякніг.
Уся праграма тут.
Адрас: Гданьск, Europejskie Centrum Solidarności, pl. Solidarności 1 (першы паверх).
Уваход вольны.
Арганізатары прэміі: Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў
Партнёры цырымоніі ўзнагароджання: выдавецтва аўдыякніг Audiobooks.by, Reform.news, Еўрапейскае радыё для Беларусі, Numar8Production
Кароткі спіс прэміі Гедройця:
Зміцер Дзядзенка «Гульні Цырцэі»
Сяргей Дубавец «Занзібар. Сталенне маладой душы»
Югася Каляда «Перамена месцаў»
Аляксандр Лукашук «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода»
Анка Упала «Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў»
Клёк Штучны «Забойства на вуліцы Макаёнка»
Нагадаем, што пакуль тры пераможцы прэміі не абвешчаны, можна паспець паўдзельнічаць у нашай апытанцы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram