Сёння 135 гадоў з дня нараджэння Язэпа Драздовіча

Графік, жывапісец, скульптар, пісьменнік, паэт, этнограф, гісторык, філосаф, настаўнік, хірамант, астраном-аматар, аўтар касмалагічнай канцэпцыі і “бясхатні падарожнік», як ён сам сябе называў. Ва ўсе сферы дзейнасці Язэп Драздовіч уключаўся з жарсцю, ці адчуваючы пакліканне, ці разумеючы, што для беларускай справы не стае рук. Цікавая яго тэорыя трохгадовых жыццёвых цыклаў, калі ён тлумачыў, што кожнай дзейнасцю ён займаецца толькі тры гады, аднак складаныя гістарычныя ўмовы, у якіх ён жыў, часта ламалі ўсе прыватныя расклады.

Язэп Драздовіч. Прарок. 1931. Фота: nlb.by.

Большая частка творчага даробку мастака Язэпа Драздовіча (1888–1954) захавалася для наступных пакаленняў і цяпер знаходзіцца ў музеях Беларусі, Літвы і Польшчы. Захаваліся і тэксты Драздовіча, што дае магчымасць даследчыкам рэканструяваць жыццё і дзейнасць «вечнага вандроўніка», расцягнуўшы яго спадчыну па розных шуфлядках, хоць у жыцці ён быў асобай цэльнай па духу, хоць і неверагодна рознаскіраванай па інтарэсах.

Язэп Драздовіч. Аўтапартрэт. 1943. Фота: nlb.by.

Нездарма з-пад яго пэндзля выходзіць аўтапартрэт у трох іпастасях. На ім ён мастак, які назірае за светам, астраном, які з кнігай даследуе Сатурн, гісторык, які вывучае родны край.

Згадаем найбольш яркія старонкі яго спадчыны.

Асветніцкая дзейнасць

У 1908 годзе, яшчэ ў студэнцкія гады, Язэп Драздовіч знаёміцца з рэдактарамі віленскай газеты “Наша Ніва”, і выдаўцы пачалі выкарыстоўваць яго малюнкі для аздаблення беларускіх выданняў: календароў, зборнікаў вершаў маладых паэтаў, часопісаў. Напрыклад, мастак ілюстраваў Першы беларускі каляндар (1910) і «Курганную кветку» Канстанцыі Буйло ў стылі мадэрн, рабіў малюнкі для лемантара.

Канстанцыя Буйло. Курганная кветка – Вільня : Беларускае выдавецкае таварыства, 1914 (Друкарня Марціна Кухты). Малюнак на вокладцы Язэпа Драздовіча. Фота: nlb.by.

Падчас службы ў войску ён наведаў Петраград у 1917 годзе, дзе пазнаёміўся з дзеячамі беларускага адраджэнскага руху — прафесарам Браніславам Эпімах-Шыпілам, Антонам Грыневічам.

Язэп Драздовіч. Родныя мясціны. Засценак Пунькі. 1922. Фота: nlb.by.

Пасля рэвалюцыі 1917 года Язэп Драздовіч скончыў настаўніцкія курсы ў Мінску і працаваў настаўнікам малявання ў беларускіх гімназіях у Вільні, Радашковічах. Адначасова ён супрацоўнічае з Беларускім музеем Івана Луцкевіча ў Вільні, едзіць у этнаграфічныя экспедыцыі, перадае ў музей этнаграфічныя запісы і замалёўкі.

Язэп Драздовіч. Каплічка. 1920-я гг. Фота: nlb.by.

Ён фіксаваў у дакладных замалёўках узоры дойлідства, гаспадарчыя прылады, прадметы хатняга ўжытку, ствараў графічныя партрэты палешукоў у традыцыйных строях. Запісваў фальклор, апрацоўваў для слоўнікаў народную лексіку. Даследаваў у Менску рэчышча Нямігі, праводзіў археалагічныя раскопкі ў розных мясцовасцях.

Язэп Драздовіч. Менск. Выгляд са Шпітальна-Траецкага завулка. 1919. Фота: nlb.by.

Мастак напісаў жывапісныя карціны па гісторыі Полацкага княства, стварыў шэраг гістарычных партрэтаў.

Язэп Драздовіч. Францыск Скарына. Са свету з навукай. 1944. Палатно, алей. Фота: nlb.by.

Асабліва адметная яго Скарыніяна. Ён адным з першых звярнуўся да вобраза Францыска Скарыны і адлюстраваў важныя падзеі на жыццёвым шляху першадрукара: ад выпраўлення юнака з роднага Полацка ў вялікі свет у пошуках навукі да завяршэння яго выдавецкай дзейнасці.

Драздовіч нават узяўся за напісанне гістарычнай аповесці “Гарадольская пушча”. Захаваліся рукапісы паэмы «Трызна мінуўшчыны», апавяданне «Сон Гараноса» з уласнымі ілюстрацыямі.

Касмічная тэма

У пачатку 1930-х пачынаецца новы этап творчасці Язэпа Драздовіча – “касмічны”. На гэту тэму ён стварыў больш за 100 жывапісных і графічных твораў, якія падзяляюцца на тры цыклы: “Жыццё на Месяцы”, “Жыццё на Марсе” і “Жыццё на Сатурне”. Захапіўшыся спірытызмам, сюжэты для твораў ён знаходзіў у сваіх візіянерскіх снах на іншыя планеты. Прачнуўшыся, мастак падрабязна занатоўваў дэталі ўбачанага ў нататнік, а пасля ствараў жывапісныя цыклы, якія сёння мастацтвазнаўцы параўноўваюць з італьянскім футурыстам, знаходзячы падабенства як у стылістыцы (адкрытыя лакальныя колеры, рэалістычная дакументальнасць фантастычных карцін), так і ў светаадчуванні (гэтыя творы Драздовіча фармальна нагадваюць антыўтопіі). У яго жывапісе можна таксама ўбачыць рысы сімвалізму, сюррэалізму і містычнага рэалізму.

Язэп Драздовіч. План месяцовага горада Трывежа і яго ваколіц. З альбома «Жыццё на Месяцы». 1932. Фота: nlb.by.

Дарэчы, Цыялкоўскі, які ў 1929 годзе напісаў брашуру «Касмічныя ракетныя цягнікі», гэтак жа, як і Драздовіч, лічыў, што планеты заселены жывымі істотамі.

Язэп Драздовіч. Cosmopolis «Порт нябеснага прастору» на кольцы Сатурна. 1931. З серыі «Жыццё на Сатурне». Фота: nlb.by.

Драздовіч выдаў першую на Беларусі кнігу па астраноміі “Нябесныя бегі” (1930), планаваў выданне манаграфіі “Тэорыі рухаў у касмалагічным значэнні” (1949).

Язэп Драздовіч. Астран – абсерваторыя з квадрантам на кольцы Сатурна. 1931. З серыі «Жыццё на Сатурне». Фота: nlb.by.

Маляваныя дываны

Віленскі перыяд быў самым плённым у жыцці Язэпа Драздовіча, пасля аб’яднання Беларусі ў 1939-м ён намагаўся прыстасавацца да савецкага жыцця, аднак яму гэта не ўдалося. Напрыклад, яго рукапіс «Тэорыя рухаў» — гіпотэза аб планетарным уладкаванні, якую ён даслаў у Акадэмію навук БССР, палічылі дылетанцкім.

Язэп Драздовіч. Краявід з замкам. 1939. Фота: nlb.by.

Напрыканцы 1930-х Драздовіч вяртаецца на родную Дзісеншчыну і становіцца вандроўным мастаком. Ён пераходзіць ад вёскі да вёскі і зарабляе пісаннем маляваных дываноў. Аднак успрымае гэта як свядомую асветніцкую працу, бо аздабляе сялянскі побыт прыгожымі выявамі і размаўляе з вяскоўцамі пра гісторыю, мастацтва і космас.

У апошнія гады жыцця Даздовіч быў забыты калегамі, яго ўспрымалі як аўтсайдара, маргінальнага мастака. Год яго смерці дакладна невядомы — па ўспамінах сялян, яго знайшлі хворага на дарозе ў 1953 ці 1954 годзе. Памёр у шпіталі. Пахаваны на радзіме, у Германавічах.

Язэп Драздовіч. У няволі. 1927. Фота: nlb.by.

Забыццё перавалася ў 1960-х гадах. Яго маляваныя дываны, захаваныя вяскоўцамі, былі дбайна сабраныя  беларускімі мастакамі і перададзены ў музеі Мінска.

У 1984-м выйшла знакавая кніга Арсеня Ліса «Вечны вандроўнік: нарыс пра мастака Язэпа Драздовіча», якая адкрыла мастака для шырокай публікі.

У сярэдзіне 1980-х гадоў з вялікім поспехам прайшла выстава твораў Язэпа Драздовіча.

У Траецкім прадмесці ў 1993 годзе пастаўлены помнік Драздовічу аўтарства Ігара Голубева.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

Последние новости

  • Black&White
  • Survivors
  • Авто
  • Армия
  • Без рубрики
  • Беларускі Моладзевы Хаб
  • В мире
  • Выжившие
  • Интервью
  • Комментарий
  • Культура
  • Ликвидация
  • Мнение
  • Наука
  • Новости
  • Новости Германии
  • Плебисцит
  • Подкасты
  • Политика
  • Происшествия
  • Пятая республика
  • Разное
  • Расследование
  • Саша, что ты несешь?!
  • Спорт
  • Статьи
  • Сэнс
  • Тесты
  • Технологии
  • Фейсбук

Путин подтвердил удары ATACMS и Storm Shadow по РФ и наличие погибших

21.11.2024
  • Новости
  • Политика

Лавров прибыл в Брест

21.11.2024