Сёння 120 гадоў першай легальнай газеце на беларускай мове, выдавец якой атрымаў год турмы

1 верасня 1906 года выйшаў у свет першы нумар, як пазначана ў калантытуле, «першай беларускай газеты для вясковага і мястовага рабочага народу» «Наша доля». Выданне стала магчымым дзякуючы адмене забароны на беларускі друк пасля рэвалюцыі 1905 года.

Каб газета магла выходзіць легальна, патрэбны быў афіцыйны выдавец. Ім стаў віленскі мяшчанін Іван Тукеркес, пасля канфіскацыі газеты з 18 лістапада 1906 рэдактарам быў Адам Гедвіла. Але насамрэч выданне рэдагавалі браты Луцкевічы, Цётка і Францішак Умястоўскі, які рабіў перадавіцы ў першых трох выпусках.

У першым нумары ён пісаў: «Мы аб’яўляем вайну ўсім цёмным сілам, каторым дзеля карысці сваёй вялікая выгода была трымаць васьмімільённы народ беларускі ў нядолі і паняверцы, баламуціць і дурыць яго».

Слова да чытачоў у 1 нумары «Нашай долі»

Выдавец Тукеркес успрымаў выданне беларускай газеты як даходны бізнес – і не пралічыўся. На газету быў велізарны попыт: у Вільні прадалі толькі за адзін дзень тры тысячы экзэмпляраў. «Беларускія гараджане Вільні на ўздыме: газету разбіраюць на вуліцах. У рэдакцыі «Нашай Долі» ўвесь дзень не зачыняюцца дзверы», – узгадваў тыя падзеі Антон Луцкевіч.

Але ўжо на другі дзень газету канфіскавалі, далей выданне выходзіла за грошы Івана Луцкевіча, які дзеля гэтага прадаў сваю калекцыю ордэнаў.

У першым нумары быў змешчаны артыкул Антона Луцкевіча «Што будзе?», у якім пісаў: «Правіцельства кроўю заліло цэлы край i думала гэтым успакоіць народ. Але штыкамі i кулямі можна прыдушыць народ, можна з усёй Pacei зрабіць адну вялікую масу, а не ўпраўляць жывымі людзьмі… Не, штыкі і нагайкі не ўспакояць народу! Для ўспакаення народу ёсць адна толькі рада: споўніць тое, чаго дамагаецца народ, даць уладу народным абраннікам»…

Паліцыю зацікавіла і расследаванне «Даходъ Расейскаго Цара», зробленага літоўскімі журналістамі газеты «Naujoji gadynė» і перадрукаванага ў першым нумары «Нашай Долі».

Першая легальная газета на беларускай мове праіснавала нядоўга – з 1 верасня па 1 снежня 1906 года. Свет пабачыла ўсяго 6 нумароў, якія выходзілі з верасня да снежня 1906-га. Чатыры былі канфіскаваны, сёмы знішчаны яшчэ ў наборы. Газета адкрыта падтрымлівала праграму Беларускай сацыялістычнай грамады, выступала за звяржэнне самадзяржаўя, некаторыя артыкулы нагадвалі рэвалюцыйныя прамовы і маніфесты.

Палова тыражу друкавалася кірыліцай, палова – лацінкай. Наклад 1 нумару склаў 10 тысяч асобнікаў.

Па факце кожнага арыштаванага нумара Віленская судовая палата заводзіла крымінальныя справы. Галоўнымі артыкуламі абвінавачвання былі заклікі да ўзброенага бунту і змены дзяржаўнага ладу, узбуджэнне «варожасці паміж рознымі класамі насельніцтва».

Пастановаю Віленскай судовай палаты (11 студзеня 1907) выданне было забаронена «назаўсёды», афіцыйны рэдактар-выдавец Тукеркес асуджаны на 1 год «крэпасці», але ён здолеў уцячы за мяжу.

Газета «Наша доля» мела выразны рэвалюцыйна-дэмакратычны характар, з-за чаго праіснавала нядоўга, але адкрыла шлях для наступнага праекта – газеты «Наша ніва», якая абрала больш легальны культурна-асветніцкі кірунак, што дазволіла ёй праіснаваць большы перыяд часу.

Старонка з вершам Якуба Коласа.

У першым нумары газеты «Наша доля» быў надрукаваны верш «Наш родны край», падпісаны псеўданімам Якуб Колас. Гэта літаратурны дэбют нашага класіка.

Спампаваць нумары можна тут.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!