Сёння 100 год літаратару Артуру Вольскаму — аўтару «Дзеда-Барадзеда» і стваральніку лібрэта першай беларускай дзіцячай аперэты

Артур Вольскі нарадзіўся 23 верасня 1924 года ў мястэчку Койданава (цяпер Дзяржынск) пад Мінскам. Пасля сёмага класа паступiў у Вiцебскае мастацкае вучылiшча, аднак з пачаткам вайны быў эвакуяваны ва Уральск, дзе працаваў мастаком у таксама эвакуяваным вiцебскiм тэатры Якуба Коласа. У 1942 годзе яго прызвалi ў армiю, дзе служыў на флоце, быў боцманам.

Пасля дэмабiлiзацыi ў 1952 годзе пачаў лiтаратурную кар’еру.

З 1963-га Артур Вольскі стаў працаваць у Беларускім тэатры юнага гледача і неўзабаве быў прызначаны яго дырэктарам на цэлых 12 гадоў. Ён выдаваў паэтычныя і празаічныя зборнікі для дзяцей і дарослых, я яго п’еса-казка «Сьцяпан — вялікі пан» была пакладзеная на музыку кампазітарам Юрыем Семенякам і стала першай у беларускай музыцы дзіцячай музычнай казкай, напісанай у жанры аперэты.

Па сцэнарыях Артура Вольскага знялi некалькi фiльмаў, сярод іх сумесны савецка-чэшскi «Марынка, Янка i тайны каралеўскага замка», пастаўлены на кінастудыі «Беларусьфільм» у 1976 годзе па матывах беларускіх народных казак.

З 1978 года Вольскі быў дырэктарам Дома літаратара, з 1980-га — літкансультантам Саюза пісьменнікаў. У 1981—1984 гадах — старшым рэдактарам выдавецтва «Юнацтва».

У 1987 годзе Вольскі прыдумаў самага пазнавальнага персанажа «Калыханкі» — «Дзеда-Барадзеда» з яго знакамітай песенькай:

Я хаджу па белым свеце
І гляджу, як вы жывеце.
Калі трэба — памагу,
Бо я ўсё рабіць магу.
Хто я? Дзед-Барадзед,
Абышоў белы свет,
А цяпер у цiхi час
Завітаў да вас.

Паводле Уладзіміра Арлова, адным з яго найлепшых паэтычных твораў апошніх гадоў многія лічаць верш «Калі гучыць «Магутны Божа»:

Калі гучыць «Магутны Божа»,
гатоў я ўпасці на калені.
Бог — толькі Бог! — нам дапаможа
знайсці шляхі да вызвалення…

З кастрычніка 1988 года Артур Вольскі стаў адным са стваральнікаў Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне».

Памёр у 2002 годзе ва ўзросце 77 гадоў. Пахаваны на Паўночных могілках.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!