Кнігі з кароткага спісу на цырымоніі ўручэння прэміі Арсенневай. Фота: reform.news
24 траўня 2025 года ў Варшаве адбылася цырымонія ўручэння прэміі імя Наталлі Арсенневай – адной з найважнейшых узнагарод у галіне беларускай паэзіі. Штогод прэмія адзначае творы, што захапляюць, кранаюць і перажываюць час. Цырымонія прайшла ў цёплай атмасферы ў Беларускім моладзевым хабе. Спецыяльнымі госцямі падзеі сталі кампазітарка, музыка Вольга Падгайская і міждысцыплінарная артыстка Анастасія Рыдлеўская.
Рашэннем журы пераможцам абраны Сяргей Прылуцкі з паэтычным зборнікам «Нічога нястрашнага». Перамога аўтара адзначана наступнымі словамі: «За голас чалавечай любові ў час вайны і бесчалавечнасці».
Трыццаць вершаў, што ўвайшлі ў зборнік, Сяргей Прылуцкі пачаў пісаць ва Украіне ў 2022 годзе. Сам аўтар кажа, што чалавек, які жыве ва ўмовах вайны, свядома ці падсвядома адлюстроўвае свой досвед у тым, што ён піша, нават пра гэта не гаворыцца наўпрост.
Аднак «Нічога нястрашнага» Сяргея Прылуцкага — фактычна дзённік акупацыі, дзе прабіраючыся праз жахі ваеннага часу, паэт спрабуе намацаць новыя межы чалавечнасці. Дапамагае яму ў гэтым найперш малы сын, лісты да якога складаюць значную частку зборніка.
«Адна з самых шчырых, пранізьлівых і балючых кніг у нашай сучаснай паэзіі», — так апісваецца гэты зборнік у выдавецтве «hochroth Minsk».
Сяргей Прылуцкі жыве ва Украіне, нядаўна быў прызваны ва ўкраінскае войска, таму на цырымоніі прэміі вершы паэта прачытаў Віталь Рыжкоў, а ўзнагарода была перададзена яго прадстаўніку.
Гэтае выданне стала першым сярод дзесяці намінантаў доўгага спісу і трох кніг фіналу:
Пяцёра адданых паэзіі людзей ацэньвалі кнігі сёлета. Сярод публічных сябраў журы:
Ульяна Верына — літаратуразнаўца, доктарка філалагічных навук;
Сяргей Дубавец — пісьменнік, рэдактар, літаратуразнаўца, крытык;
Ганна Шакель — паэтка і перакладчыца, рэдактарка часопіса «Taŭbin», лаўрэатка прэміі Арсенневай за 2023 год.
Прэмію ладзяць Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў у партнёрстве з Беларускім моладзевым хабам. Уручэнне адбылося пры падтрымцы фондаў «Estate of Vitaut Kipel» і «Belarusian Charitable Trust».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram