«Шагал як мае быць»: «Мяне няма» выдае першы варыянт аўтабіяграфіі мастака ў перакладзе Сяргея Шупы

Выдавецтва «Мяне Няма» анансавала выхад мемуараў Марка Шагала «Сваё» (Ejgens). Гэта першы варыянт аўтабіяграфіі мастака, які захаваўся да нашага часу і адкрывае чытачам яго аўтэнтычную, «непрычасаную» задуму.

Кніга ўжо знаходзіцца ў тыпаграфіі і чакаецца з друку напрыканцы кастрычніка. Выдавецтва называе гэты праект  найбольш амбіцыйным за ўвесь час сваёй працы.

У чым унікальнасць гэтага выдання?

Пачаткова мемуары былі напісаны Шагалам па-руску, аднак гэты першасны тэкст быў страчаны. Упершыню яны пабачылі свет у 1925 годзе на ідышы — у пяці нумарах нью-ёркскага часопіса «Di cukunft» («Будучыня»).

Асновай для беларускага перакладу, які зрабіў Сяргей Шупа, стаў унікальны 80-старонкавы машынапіс з архіва часопіса «Di cukunft», які захоўваецца ў Інстытуце яўрэйскіх даследаванняў YIVO ў Нью-Ёрку (з улікам змен і дадаткаў з часопіснай публікацыі).

Шырока вядомая французская версія аўтабіяграфіі — «Маё жыццё», выдадзеная ў 1931 годзе ў перакладзе жонкі мастака Бэлы Шагал, значна адрозніваецца ад першакрыніцы.

«Ідышскі варыянт 1925 года захоўвае ў сабе аўтэнтычную задуму Шагала, — зазначае Сяргей Шупа ў паслямове. — Французская версія прапануе публіцы больш прымальны і «бяспечны» вобраз Шагала, прыбірае ўсё, што магло б стварыць непажаданае ўражанне».

Такім чынам, «Сваё» — гэта магчымасць убачыць мастака без пазнейшай самоцэнзуры і рэдагавання.

У выдавецтве «Мяне Няма» выданне называюць сваім найбольш маштабным праектам:

«Гэта, бадай, самы амбіцыйны наш праект. І мы радыя, што ён ажыццявіўся. Тут супалі нашыя асабістыя прыхільнасці, інтарэс публікі і перакладчыка, а таксама добрая воля мецэнатаў, якія падтрымалі гэтае выданне. Дзякуем усім датычным!»

Зрабіць папярэдні заказ кнігі можна тут.

 

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram