Беларускі літаратар, журналіст, блогер Севярын Квяткоўскі працуе сёння над кнігай «Батумскія расказы». У новым творы аўтар дзеліцца сваімі эмігранцкімі прыгодамі ў Батумі, «сыпле» цікавымі фактамі, а гэтаксама прэтэндуе на ролю гіда па горадзе ля ўзбярэжжа Чорнага мора.
— У 2022 годзе беларусы ў Батумі былі другой этнічнай групай пасля грузінаў, — распавёў Reform.by пра матывацыю напісаць пра горад, у якім ён жыў з 2022 па 2023 год, спадар Севярын. — Лічбу ў 20 тысяч (беларусаў) давалі толькі мясцовыя ўлады. Гэта на горад, у якім насельніцтва 156 тысяч. У Батумі ўтварыліся афіцыйныя асяродкі — культуры цэнтр «Аксяродак», а гэтаксама і нефармальныя месцы, дзе народ збіраўся і збіраецца да гэтай пары. І паколькі лёс мяне туды занёс, я вырашыў, што мушу зафіксаваць тое, што тут адбывалася. Бо Батумі, рабяты, гэта ўжо частка нашай гісторыі, — лічыць пісьменнік.
Севярын Квяткоўскі, у цэлым, параўновае новыя паўсталыя беларускія дыяспары ў розных краінах з полісамі Старажытнай Грэцыі.
— Беларусь стала выспамі па мапе свету. Варшава, Вільня, Беласток, і вось Батумі — найярчэйшая зорка у гэтай плеядзе, — разважае журналіст.
У «Батумскіх расказах» будзе творчае спалучэнне мастацтва, дакументалістыкі і турыстычнага гіда, падсумоўвае аўтар.
— У першую чаргу гэта будзе не забаўляльна, а пазнавальна. Кожнае апавяданне я раблю так, каб чалавек мог усміхнуцца. У сілу свайго характару, калі я жыў у Батумі, я змяніў шмат месцаў. Жыў у хостэлах, дамах, а калі сям’я ўжо пераехала, тады аселі. Будзе шмат гісторый.
У якасці маляўнічай дэталі Севярын Квятоўскі распавядае пра сваю дарогу ў Батумі да мора.
— Калі ў Варшаве я іду 23 хвіліны да метро, я бачу проста сімпатычныя кусты і дрэвы, нейкія пабудовы. Калі ў Батумі я іду 23 хвіліны да мора — то праходжу праз шэраг культурных зон. Пачынаеш шлях у бядняцкім раёне, праз пяць хвілін — ты ўжо ў старым Батумі, а яшчэ праз пяць — у курортнай зоне. Увесь час змяняюцца кветкі, дрэвы, каларытныя персанажы…
Севярын Квяткоўскі на пачатку плануе выдаць аўдыяверсію «Батумскіх расказаў», а потым — друкаваную. Аўдыяфармат мусіць з’явіцца ўжо да канца гэтага года.
Цяпер аўтар твораў «Фрашкі да пляшкі», «Падарунак для Адэлі», «Як стаць беларусам», «Каларадская пушча» жыве ў Варшаве.