«Sense of Safety»: Беларуска-ўкраінскі праект пра Харкаў — у фінале Шаўчэнкаўскай прэміі

Міжнародны арт-праект «Sense of Safety» («Адчуванне бяспекі») увайшоў у шорт-ліст Нацыянальнай прэміі Украіны імя Тараса Шаўчэнкі (намінацыя «Інавацыйнае куратарства»). Праект, рэалізаваны «Амбасадай культуры», Antiwarcoalition.art і харкаўскім YermilovCentre, стаў адным з чатырох фіналістаў галоўнай культурнай узнагароды Украіны.

Шаўчэнкаўская прэмія — найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода Украіны ў галіне культуры і мастацтва. Трапленне праекта з беларускім куратарскім удзелам у фінал гэтай прэміі — унікальны выпадак культурнай дыпламатыі і прызнання супольнай барацьбы на культурным фронце.

Чым адметны арт-праект «Sense of Safety»?

«Sense of Safety» — праект, ключавой падзеяй якога стала мастацкая выстава, якая ладзілася ў харкаўскім YermilovCentre са жнівень па лістапад мінулага года. Гэтая пляцоўка, размешчаная ў падвале ўніверсітэта імя Каразіна, ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання служыць рэальным бамбасховішчам для творчай супольнасці, але ні на дзень не спыняла сваю дзейнасць.

Выстава закранае ідэю аб тым, што бяспека разумеецца не толькі як пачуццё, але перш за ўсё як інфраструктура клопату, як бяспечная прастора для зносін, якая падтрымліваецца ўразлівымі целамі, намаганнямі людзей, супольнасцяў і ўстаноў.

Фрагмент экспазіцыі праекта. Фота: @steburako and Vikoriia Yakimenko.

У экспазіцыі прынялі ўдзел 31 мастак і калектыў з больш чым 10 краін (у тым ліку Паўло Макаў, Барыс Міхайлаў, Мсціслаў Чарноў, Фрэнсіс Аліс). Мастакі даследавалі амбівалентнасць бяспекі праз розныя медыя: ад відэа-арта да скульптуры.

Таксама галоўная вось праекта — ідэя ўзаемазалежнасці. Каб пераадолець ізаляцыю, навязаную вайной, куратары стварылі «Масты салідарнасці»: паралельна з падзеямі ў Харкаве больш за 20 мерапрыемстваў прайшлі ў партнёрскіх інстытуцыях па ўсім свеце — ад ZKM у Карлсруэ і nGbK у Берліне да галерэі «Арсенал» у Беластоку і Roma Community Center у Варшаве. Увесь праект быў аб’яднаны анлайн-платформай, якая дазваляла гледачам з любой кропкі свету бачыць жывыя трансляцыі з Харкава.

Беларускі рухавік праекта

Для беларускай культурнай супольнасці гэтая намінацыя — моцны сігнал. Праект стаў вынікам працы тых, хто на ўласным досведзе ведае, што такое страта бяспекі і жыццё ў выгнанні.

Трое з пяці куратараў праекта — беларусы. Антаніна Стэбур, Максім Тымінько і Аляксандр Камароў (разам з украінскімі калегамі Таццянай Качубінскай і Марынай Конавай) распрацавалі канцэпцыю, дзе бяспека разумеецца не як адсутнасць небяспекі, а як сетка ўзаемадапамогі. Агульнае кіраванне праектам разам з партнёрамі ажыццявіла беларуская «Амбасада культуры» (Ганна Чыстасердава і Валянціна Кісялёва). Гэта пацвярджае, што беларускія арганізацыі ў эміграцыі сёння з’яўляюцца сур’ёзнымі міжнароднымі гульцамі.

Візуальны стыль праекта стварылі Максім Тымінько і Андрэй Сцебурака, аб’яднаўшы розныя пляцоўкі свету ў адзіную эстэтычную прастору.

Фрагмент экспазіцыі праекта. Фота: @steburako and Vikoriia Yakimenko.

Салідарнасць як новая норма

Праект «Sense of Safety» таксама меў важную гуманітарную місію: збор 15 000 еўра на стварэнне безбар’ернага асяроддзя ў YermilovCentre. Ва ўмовах вайны, калі колькасць людзей з траўмамі расце, доступ да культуры без бар’ераў становіцца прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі і грамадскай маралі.

«Для нас гэты праект стаў больш чым мастацтвам — гэта калектыўны працэс клопату і даверу. У часы, калі сувязі руйнуюцца, стварэнне такіх „мастоў“ — гэта наш адзіны магчымы жэст салідарнасці. Мы верым, што бяспека сёння будуецца людзьмі, якія гатовы гатовы падтрымліваць адзін аднаго насуперак межам», — адзначаюць куратары, каментуючы высокую адзнаку праекта.

Цяпер праект «Sense of Safety» знаходзіцца на фінішнай прамой. Імёны лаўрэатаў Шаўчэнкаўскай прэміі па традыцыі будуць абвешчаны ў дзень нараджэння паэта — 9 сакавіка. Трапленне ў фінал праекта з такой моцнай беларускай кампанентай — гэта ўжо гістарычнае прызнанне таго, што незалежная культура абедзвюх краін знаходзіцца ў адной каштоўнаснай прасторы.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!