Выстава "Сварожыцы". Фота: facebook/centrumrzezbypolskiej.oronsko
У галерэі «Аранжарэя» Цэнтра польскай скульптуры ў Ароньску адкрылася выстава «Сварожыцы». Слова-наватвор паходзіць ад бога сонца, агню і металургіі Сварога, аднак мае жаночы род, таму што ўдзельнікі выставы – жанчыны, якія займаюцца металапластыкай, мастацтвам літаральна цяжкім, таму гендарна абумоўленым.
Аднак патрыярхальныя часы сыходзяць у нябыт, што апісвае выставачная анатацыя: «Пасля многіх гадоў адчаю жанчыны вырашылі паўстаць супраць патрыярхальнай улады Сварога. Яны пачалі з захопу кузняў і машын. Яны станавіліся кавалямі, зваршчыкамі, асілкамі для кіравання агнём і вадкім металам.
У дымных кузнях і чыстых майстэрнях яны награваюць нарыхтоўку да чырванаватага колеру, сплюшчваюць, згінаюць, перакоўваюць або разразаюць…
Яны зварваюць паверхню сталі або адліваюць алюмініевыя працы. Яны б’юць цяжкімі малаткамі, а гатовыя формы гартуюць у халоднай вадзе. Апранутыя ў фартухі, ахоўныя пальчаткі і брылі, яны ствараюць металічныя скульптуры і інсталяцыі. Агонь і фізічная, рамесная праца даюць ім пачуццё дзелавітасці, эмансіпацыі і сілы.
Яны спрабуюць прысвоіць і захапіць кавальскую справу, якая на працягу стагоддзяў лічылася мужчынскім заняткам, небяспечным, які патрабуе фізічнай сілы, а таксама кваліфікацыі, што дасягае таемных ведаў. Разам з маладымі кавалямі мы заклікаем да жыцця новых багінь-Сварожыц, якія з гэтага часу будуць сачыць за тым, каб кожны інструмент або зброя, якія выходзяць з кузні, выкарыстоўваліся з добрай мэтай».
Такім чынам, жанчыны-мастачкі паўстаюць супраць патрыярхальнага міфу аб кавальскай справе, ператвараючы яго ў новыя жаночыя аповеды, і гэта перахоп інструментарыя асабліва моцна ўспрымаеш у часы, калі ў паветры вісіць прадчуванне вайны.
Адзінаццаць мастачак з Польшчы і іншых краін Еўропы на выставе «Сварожыцы» паказваюць выкананыя з металу працы, якія закранаюць такія тэмы, як цялеснасць, экалогія, клопат, гвалт, жалоба і адносіны з нечалавечымі істотамі.
На выставе мы бачым не зброю, механізмы ці машыны, а напрыклад — кветку. З аднаго боку, вельмі жаночая тэма, з іншага – занадта падазроная для сур‘ёзнага канцэпту. Так і ёсць: вялікая алавяная кветка Магдалены Лазар (дарэчы, адной з куратаркі выставы) — гэта антурыум, яна, з аднаго боку, відавочна звязаная з сексуальнасцю, з іншага — гэта расліна, якую часта кладуць на магілы, а таму асацыюецца са смерцю. Што падкрэсліваецца і тым фактам, што кветка, нягледзячы на сваю прыгажосць, таксічная. Фразы, напісаныя на суквеццях з дапамогай зварачнай гарэлкі, нагадваюць пра няёмкасць узаемнага суцяшэння.
Бліскучы металічны каляровы бант нямецкай аўтаркі Ханны Сафі Дункельберг таксама выглядае двухсэнсоўна. Гуллівасць формаў і колераў, эстэтыка поп-культуры кантрастуе з цяжкім і халодным матэрыялам.
Адна з папулярных тэмаў у сучасным мастацтве — стасункі з нечалавечымі сутнасцямі і працэсамі. Агата Інгардэн стварае альтэрнатыўную версію Венеры — біялагічную машыну, якая знаходзіцца ў камунікацыі з навакольным асяроддзем.
Літа Катта змяшчае выявы багамолаў у сад. Гэтыя насякомыя ў ранніх цывілізацыях разглядаліся як істоты, якія валодаюць звышнатуральнымі здольнасцямі, а таксама ўвасабляюць famme fatale і сімвал жаночага панавання. Мастачка падымае такія тэмы, як прымірэнне паміж жыццём і смерцю і прыняцце лінейнасці і цыклічнасці часу, праз якія яна разважае пра суіснаванне розных рэальнасцяў. У сваіх працах яна звычайна паказвае гібрыдных і абстрактных істот, антрапаморфных або жывёльных, у якія ўпісаны прыродныя і касмічныя элементы.
Маркета Магідова распавядае пра мацярынства. Яна паказала каляровыя працы з металу, зробленыя на аснове «крамзоляў» сваіх дзяцей, прыўносячы ў экспазіцыю непасрэднасць і першаснасць успрымання свету.
Іншыя гісторыі апісваюць функцыянаванне жанчын у сацыяльным кантэксце.
Напрыклад, вялікая скульптура Олі Ненка — гэта вялікі пачак чыпсаў, з яго дапамогай аўтарка распавядае гісторыю сексуальнага гвалту ў дачыненні да жанчын. Эма Пассера робіць адліўкі частак свайго цела, ствараючы артэфакты, падобныя да рэштак нейкай катастрофы.
Праца беларускай аўтаркі Алы Савашэвіч мае выразны палітычны кантэкст. Мастачка пачынала свой творчы шлях, падымаючы праблему фармавання ідэнтычнасці ў грамадствах з вопытам аўтарытарызму. Наступным крокам яе мастацкіх доследаў стала пераасэнсаванне ролі жанчын у гісторыі праз прызнанне іх працы, як матэрыяльнай, так і нематэрыяльнай.
На выставе Ала паказала свой вядомы твор — школьны савецкі фартух, зроблены з тысячаў металічных дэталяў. Яна рабіла яго ўласнымі рукамі, праз фізічны высілак адчуваючы цяжар жаноцкасці, навязаны грамадствам. У выніку твор можна ўспрымаць як сімвал супраціву гвалтоўнай, патрыярхальнай «нармальнасці», якая пануе ў многіх сацыяльных інстытутах, такіх як сям’я або школа.
Творчасць аўтарак упісваецца ў рух новай матэрыяльнасці, бо яны звяртаюцца да рамяства як да формы супраціву і сцвярджэння творчай працы. У свеце, дзе дамінуе «лічбавы» кантэнт, мастацтва гэтых жанчын аднаўляе стваральныя якасці матэрыі і каштоўнасць фізічнага дотыку. Што не адмяняе іх галоўнага імпэту, бо гэта выстава – найперш гісторыя пра жанчын, якія імкнуцца да таго, што было для іх недаступна для іх цягам доўгіх стагоддзяў – да металу і сілы.
Куратаркі выставы — Міхаліна Саблік і Магдалена Лазар.
Выстава будзе працаваць да 24 жніўня ў Цэнтры польскай скульптуры ў Ароньску.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram