Заўтра, 25 траўня, канцэртам у Laska V21 у Рызе беларускі постпанк-гурт «Петля Пристрастия» распачынае вялікі канцэртны тур па васьмі гарадах у пяці краінах.
На жаль, выступленне калектыву ў Таліне прыйшлося адмяніць з-за затрымкі выдачы візы аднаму з удзельнікаў гурта. Але, як запэўнівае каманда, «усе астатнія канцэрты адбудуцца пры любым надвор’і». Рыга, Вільня, Кракаў, Прага, Берлін, Познань, Уроцлаў, Варшава — падарожжа «Пятлі» будзе доўжыцца па 3 чэрвеня, а ўжо 18 чэрвеня калектыў Ільі Чарапко-Самахвалава і Цімафея Савіцкага выступіць на open air фестывалі Love.Peace.Georgia ў Тбілісі на ALIBI ARENA.
Нагадаем, што нядаўна «Петля Пристрастия» выдаў першы ў сваёй творчасці беларускамоўны сінгл «Жыццё як жах». Як прызналіся музыканты, наступны альбом плануецца гэтаксама беларускамоўным.
Усяго ж на рахунку гурта шэсць поўнафарматных альбомаў. Два з іх — «Всем доволен» і «Мода и облака» — знаходзяцца ў топ-10 беларускіх альбомаў з 2008-2017 гады па версіі слыннага партала Experty.by. Шосты студыйны альбом беларускага рок-гурта — «Не тот человек» — выйшаў 27 кастрычніка 2021 года.
«З такім жа змрочным драйвовым падтэкстам і гучнымі грукатлівымі акордамі на вярхах гурт гучыць як класічны брытанскі постпанк-гурт накшталт the Bunnymen або the Sound», — так апісаў у свой час адметнасць гучання «Пятлі» культавы журналіст Джон Роб (John Robb) з Louderthanwar.com.
Каб пераканацца ў меркаванні крытыка ці не пагадзіцца з ім — лепш трапіць на канцэрт і паслухаць адзін з найлепшых беларускіх рок-гуртоў у іх актуальнай музычнай форме.
Знайсці квіткі на канцэрты «Петли Пристрастия» можно тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram