Рускі рэжысёр Дзмітрый Акімаў стаў мастацкім кіраўніком тэатра імя Янкі Купалы

Міністр культуры Руслан Чарнецкі прадставіў калектыву Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы новага мастацкага кіраўніка. Ім стаў рэжысёр Дзмітрый Акімаў.

«Пачынаецца новая старонка ў гісторыі славутага, флагманскага тэатра Беларусі. Уэўнены, што наперадзе нас чакае мноства цудоўных спектакляў і ўражанняў!»паведаміў міністр, віншуючы новапрызначанага кіраўніка..

Акімаў ў адказ расказаў, што яго першачарговая мэта — рэалізацыя стратэгіі развіцця тэатра на доўгі перыяд, каб мы «ўсе адчулі і асэнсавалі яго місію і кірунак. Мы павінны зразумець, якім ён мусіць быць па ўсіх паказчыках: творчым, эканамічным і грамадска-палітычным. Буду рабіць усё магчымае, каб тэатр адпавядаў свайму высокаму статусу», — паабяцаў новапрызначаны кіраўнік.

Дзмітрый Акімаў скончыў Іркуцкае тэатральнае вучылішча і рэжысёрскі факультэт ВТУ імя Шчукіна. Галоўны рэжысёр Матыгінскага драматычнага тэатра (Краснаярскі край). Працаваў у Іркуцкім і Чарамхоўскім драматычным тэатрах. Намінант Нацыянальнай тэатральнай прэміі «Залатая Маска» і пераможца многіх прэстыжных тэатральных фестываляў. Эксперт-рэжысёр на міжнародным моладзевым адукацыйным форуме «Таўрыда».

У тэатры ідуць два спектаклі, рэжысёрам-пастаноўшчыкам якіх з’яўляецца Дзмітрый Акімаў: «Дзядзечкаў сон» па матывах аднайменнай аповесці Фёдара Дастаеўскага і «А зоры тут ціхія» па матывах аднайменнай аповесці Барыса Васільева.

Папярэднім кіраўніком тэатра імя Янкі Купалы была Вольга Няфёдава, якая ўзначаліла яго ў 2020 годзе, пасля таго, як з тэатра сышла амаль уся трупа.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!