Руская класіка, вайна і адзіны беларускамоўны спектакль: сёння ў Брэсце адкрываецца тэатральны фестываль «Белая вежа»

У Брэсце з 5 па 12 верасня ў 29-ты раз праходзіць Міжнародны тэатральны фестываль «Белая Вежа».

У афішы — 30 спектакляў з 6 краін свету: Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана. Дарэчы, у 2019 годзе ў фестывалі, у назве якога ёсць слова «міжнародны», удзельнічала 13 краін, у тым ліку — заходнееўрапейскіх.

Паказ спектакляў адбудзецца на 5 мовах: беларускай, рускай, армянскай, татарскай і казахскай.

На беларускай мове, гледзячы па абноўленай афішы, спектакль толькі адзін. Гэта «Камедыя» Новага драматычнага тэатра горада Мінска: «жарты з сялянскага жыцця» пастаўлены па п’есе Уладзіміра Рудава, напісанай па матывах твораў беларускіх аўтараў XIX стагоддзя — Каэтана Марашэўскага і Францішка Аляхновіча.

Дарэчы, беларуская тэматыка на фэсце максімальна звужана да гэтага «сялянскага жыцця».

Магілёўскі тэатр драмы і камедыі раскажа пра гісторыю сяброўства Эдыт Піаф і Марлен Дзітрых, Брэсцкі тэатр лялек пакажа «Канька-гарбунка», Магілёўскі абласны драматычны тэатр «Ігракоў» паводле Гогаля. Брэсцкі тэатр драмы — «Моцарта і Сальеры», Гомельскі абласны драмтэатр — «Шлюб па-італьянску».

Адкрывае фестываль дакументальная драма пра вайну «Горкі хлеб» беларускага Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага.

Фестывальны рэпертуар ідэалагічна вывераны: запланавана пяць спектакляў пра вайну, сярод іх нават дзіцячы «Бах-бах-бах», у якім вайна паказваецца вачыма добрага цыркавога сабакі.

Значная частка рускіх і беларускіх спектакляў у праграме «Белай Вежы» — па творах рускай класікі. Астатняя фестывальная праграма даволі цікавая: Якуція прывезла спектакль на аснове свайго гераічнага эпасу, Казахстан — драму, якая апісвае жыццёвы шлях казахскага народа, Татарстан — філасофскі спектакль паводле Чынгіза Айтматава.

Такім чынам, знакаміты беларускі фэст, на якім да 2020 года паказвалі шмат выдатных (у тым ліку еўрапейскіх) спектакляў, складае сваю праграму з пастановак пераважна тэатраў СНД. Замежныя калектывы з Еўропы «вымываліся» з рэпертуару паступова. У 2024-м у праграме быў заяўлены спектакль польскага Сучаснага тэатра танца Materia з Лодзі, а пасля быў адменены «па тэхнічных прычынах». У афішы 2023-га прысутнічалі тэатры з Даніі, Балгарыі і Славеніі.

Што да любові фестывалю да рускіх класікаў, то гэта даўняя пазіцыя кіраўніцтва. Дырэктар «Белай вежы» Аляксандр Козак у леташнім інтэрвю тлумачыў, што «і сусветны, і наш тэатр не абыходзіцца і не абыдзецца ў будучыні без рускіх слупоў драматургіі, такіх як Дастаеўскі, Чэхаў, Салтыкоў-Шчадрын, Пушкін, Лермантаў і іншыя». Напрыклад, у 2006 годзе на фестывалі не было ніводнага беларускамоўнага спектакля, праўда, адным са спонсараў тады быў Пастаянны камітэт «Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!