Цемра. Фота: Ганна Шот.
У прасторы Needle («Іголка») аўстрыйскага музея Kunsthaus Graz адкрыўся праект беларускай мастачкі Цемры пад назвай Ziamliačka.
Цэнтральным аб’ектам экспазіцыі стала гара глебы вагой 225 кілаграмаў, якую мастачка перавезла ў Польшчу з радзімы. Над ёй аўтарка размясціла шкляны флакон з экстарктам зямлі, што ўтрымлівае водар гэтай глебы.
Паводле куратаркі выставы Аляксандры Трост, гэтая зямля — «не проста матэрыя, а сапраўднае «палітычнае цела», якое перасякае межы, супраціўляецца сціранню і ператварае прыватную страту ў агульны архіў для ўсіх выгнаннікаў».
Паразмаўлялі з Цемрай пра спробы захаваць памяць і адчыць глебу пад нагамі.
— Калі ты зразумела, што праект з’явіўся ўнутры, што стала першым сігналам?
— Праект пачаўся з жадання самадапамогі. Увосень 2024 года я адчувала поўнае знясіленне, мне было страшна за сябе, нішто не магло папоўніць маю энергію, якую я толькі траціла, бо ў мяне, на жаль, няма месцаў сілы ў Польшчы.
Калі я ўжо нічога не магла, акрамя як ляжаць і плакаць, то ўсвядоміла: апору даюць не толькі людзі, але і зямля ў нас пад нагамі. Хто ніколі не губляў сваю глебу, не можа адчуваць болю з-за яе адсутнасці, не можа зразумець, як яна нас трымае.
І мая мама выкапала 225 кілаграмаў зямлі з участка, дзе стаяў наш радавы дом. Цяпер там толькі пустата. Гэтая зямля перасекла граніцу ва ўмовах абмежаванняў. Мой рытуал збліжэння са страчаным радыкальны: я вяртаю сабе сакральную прастору праз анфлераж. Я здабываю пах з глебы, прымушаючы тлушч і спірт ўбіраць водар таго, што немагчыма адабраць. Гэты экстракт — форма маёй памяці, спроба вярнуць страчаны спакой.
Да канца 2024 года колькасць вымушаных перасяленцаў ва ўсім свеце дасягнула 123,2 мільёна. Мой шкляны флакон — гэта іх агульная ціхая малітва аб зямлі, якая іх больш не трымае.
Каб адчуць фізічную сувязь з домам, я папрасіла маму перадаць першыя 10 кілаграм зямлі. У той час я выйграла грант ад «Адраджэння» на ідэю праекта па здабыванні паху з роднай зямлі. І каб вярнуць сабе магчымасць узаемадзейнічаць з людзьмі, я наносіла экстракт на цела, на скуру. Каб неяк рухацца, пераадольваць цяжкасці.
— Раскажы пра працэс стварэння працы, як тэхнічна гэта адбывалася?
— Я спрабавала розныя эксперыменты. Супрацоўнічала з Познаньскім навукова-тэхналагічным паркам. Яны рабілі мне пробу — эксперымент экстракцыі СО2 высокага ціску. Аднак гэты метад аказаўся правальным.
Потым я паспрабавала экстракцыю паху праз водную дыстыляцыі. Я атрымала гідралат. Ён выразна пахне зямлёй, але гідралат – гэта пахкая вада. І гэта зусім мяне не задавальняла.
І я паспрабавала метад анфлеражу. Самастойна яго адаптавала. У гэтай тэхніцы выкарыстоўваецца жывёльны тлушч, я яго замяніла на вазелін. На шкляную паверхню — у мяне такіх было шмат — я выкладвала першы пласт — вазелін. Наступны пласт — зямля. Вазелін ўбірае пах зямлі 10 дзён. Потым я мяняю зямлю на свежы пласт, на той жа стары вазелін. Яшчэ 10 дзён і яшчэ раз 10 дзён. І атрымліваецца, што корміш вазелін пахам зямлі.
Потым я залівала яго спіртам, таксама на 10 дзён. І ўжо спірт выцягнуў увесь пах з вазеліну. У выніку атрымалася шмат спірту з разведзенымі ў ім часціцамі. І потым гэта ўсё суткі выпарвалася на вадзяной лазні. Увесь спірт, па ідэі, павінен выпарыцца, і застацца толькі эфірны алей зямлі.
Эфірны алей атрымаць з зямлі вельмі цяжка, бо гэта не кветкі і не расліны, але ў мяне атрымалася гэта зрабіць. Хоць за час падрыхтоўкі – за гэтыя чатыры месяцы – выйшла зусім невялікая колькасць эфірнага алею з зямлі.
— Як праект развіваўся пасля першых эксперыментаў?
— Фінансаванне ад «Адраджэння» скончылася, але я працягвала думаць пра праект і з’ехала ў рэзідэнцыю сюды — у Грац.
І там ужо больш асэнсавана падышла да пытання. Я думала пра зямлю, пра яе энергетычны і палітычны складнікі. Што такое Ziamliačka? Ziamliačka азначае «жанчына з той жа зямлі». Гэтая праца пра знясіленне выгнання і пра тое, як знаходзіць апору ў самой зямлі — датыкаючыся да першаасновы існавання. Я цвёрда перакананая: без глебы чалавек – нішто, мы не можам існаваць без сувязі і прыналежнасці да нечага большага.
Адначасова я займалася транспарціроўкай зямлі — у наступныя 8 месяцаў пасля рэзідэнцыі я арганізоўвала перавозку зямлі з Беларусі. Пачала гэта рабіць з вясны, яшчэ не ведаючы, што мне прапануюць выставіцца ў Kunsthaus Graz ў лютым.
У Грацы я прыдумала, што трэба зрабіць гару глебы. Я шмат распавядала пра праект, і з кожнай сустрэчай ён крышталізаваўся ўсё больш выразна.
Адна з такіх сустрэч адбылася з куратарамі Kunsthaus Graz. І ў канцы лета яны мне напісалі, што хацелі б выставіць мой праект. І я пачала рыхтавацца.
— Што прастора Needle дадае працы? Што было б інакш у «белым кубе»?
— Needle дадае працы сімвалізму, бо гэтую гару зямлі відаць з усіх бакоў: яна размешчана ў празрыстым памяшканні, вынесеным над асноўным целам музея. Гэта гара беларускай зямлі на фоне аўстрыйскіх гор. Усё лунае ў прасторы. Эфемерна і адначасова — адкрыта.
І я спачатку не зразумела, гэта добра ці дрэнна, таму што я ўяўляла сабе «белы куб», але цяпер, калі я ўбачыла прастору, я пачала рыхтаваць экспазіцыю такім чынам, каб можна было ад уваходу доўга ісці да акна – нібы да алтара.
Куратары мне прапаноўвалі размясціць інсталяцыю адразу каля ўваходу. Я ад гэтага адмовілася, таму што хацела, каб асноўныя часткі экспазіцыі былі разнесеныя па двух процілеглым кутах. І мне падабаецца, што трэба зрабіць дастатковую колькасць крокаў, каб наблізіцца да гары. Ёсць нейкая сакральнасць ў гэтым.
— Як выбудоўвалася праца з куратаркамі Kunsthaus Graz?
— Вельмі далікатна. У тваё бачанне не ўмешваюцца, давяраюць і прысутнічаюць. Тэхнічна ўсё для выставы я вырабляла ў Польшчы. Выдзімала шкляны флакон. Замовіла ў арганізацыі шкляны кораб для зямлі.
Гэта быў мой першы такі працяглы і асэнсаваны праект. Яго рэалізацыя заняла пятнаццаць месяцаў. Я вучылася самастойна рабіць тэхнічныя разлікі і ўсе рашэнні прымала самастойна, раілася толькі пару разоў. Я зразумела, што лепш за мяне ніхто не ведае і што толькі я ўяўляю, як гэта павінна выглядаць. І ўсе мае рашэнні я аргументавала. Пісала лісты, чаму менавіта так павінна быць. І сама напісала тэкст да выставы.
— Як праходзілі дні перад адкрыццём і сам перформанс?
— Я прыехала, і праз два дні пачаўся мантаж выставы. Мяне акружылі неверагодным цяплом і дапамогай. Усе пытанні вырашаліся вельмі хутка. Увесь калектыў музея жаночы: і крэатыўны, і тэхнічны аддзелы. Мы ху знайшлі агульную мову, і ўсе гэтыя выдатныя дамы дапамагалі мне хоць бы словам кожную гадзіну, прыходзячы і пытаючыся, ці ўсё ў мяне ў парадку, калі я рабіла гару зямлі.
Пра такія рэчы не кажуць, але я захварэла першы раз у жыцці не пасля выставы, не пасля адкрыцця, а перад. Мне было вельмі цяжка гаварыць. І гэта было для мяне самым складаным момантам адкрыцця: я ледзь стаяла на нагах. Зноў адчувала такую моцную страту сіл. Але справілася.
Увесь мінулы год я вучылася раскрываць свой голас, бо яшчэ два гады таму я не магла і гуку выдаць. І толькі нядаўна прыйшла да ўсведамлення, што родная зямля асацыюецца ў мяне з поўным прыняццем, родная таму, што яна заўсёды цябе закалыхае і прыме. І я асацыюю яе з калыханкай, таму што гэты пра клопат, увагу і спакой.
Я знайшла беларускую калыханку, з якой выкінула ўсе словы, акрамя чатырох вельмі сімвалічных радкоў. І мая калыханка пачынаецца з цёплага і далікатнага тону, які метадам паўтарэння ўзмацняецца ў трывожнае спевы, каб падкрэсліць сітуацыю, у якой мы знаходзімся. Пра тое, што на самай справе нават тое, што павінна з’яўляцца чымсьці пяшчотным, цёплым і поўным клопату, ператвараецца ў трывожны спеў, які нагадвае сірэны.
Радкі там такія: «Ааа люлі, ааа ай, прыляцелі гулі, селі на вароцях, у чырвоных чабоцах».
Гэтыя вось гулі прыляцелі і селі на Браме нашай Радзімы і не хочуць сыходзіць. Такі зацыклены матыў. Мне падалося, што гэта вельмі сімвалічна — адкрыць выставу спевам, бо няма нічога больш інтымнага за голас.
Але ў мяне адмовіла горла, і я не змагла спяваць, таму ўключылі запіс майго спеву.
Таксама я дала магчымасць адчуць водар, які я атрымала са сваёй зямлі. Я пашыла квадраты, якія па сваёй форме імітуюць квадратную экспазіцыю. І на белы лён разліла экстракт зямлі.
— На адкрыцці ты казала прамову… Мне здаецца, яна стала важнай часткай праекта.
— Я казала пра сілу жаночага погляду. Працытую:
«Гаворка не толькі пра «жанчыну з той жа зямлі». Гаворка пра жаночую сілу дзейнічаць і несці памяць. Жанчына ўмее захоўваць тое, што нябачна, але па-сапраўднаму важна.
Гэтая выстава не адбылася б без жанчын. Луіза першай па-сапраўднаму ўбачыла мяне. Потым Каця, Аляксандра, Дорыс паверылі ў праект і дапамаглі ўвасобіць яго ў жыццё. Мая сяброўка А. дапамагла перавезці зямлю. І ўся каманда музея, якая падтрымлівае гэтую працу, — жанчыны. Гэта не супадзенне. Гэта нешта значыць.
Ziamliačka-тая, хто ўтрымлівае сувязь з жывым.
Я веру, што свет можна ўладкаваць інакш.
Яго можна будаваць вакол той, хто нараджае.
Вакол таго, што захоўвае, а не прысвойвае.
Вакол таго, што клапоціцца, а не дамінуе.
Калі мы калі — небудзь абярэм не сілу разбурэння, а сілу нараджэння-свет зменіцца.
І, магчыма, тады зямля перастане быць месцам страты — і зноў стане месцам жыцця.
Дзякуй».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram