Рэжысёрка «Крышталя» Дар’я Жук плануе зняць навукова-фантастычны фільм-сатыру паводле апавядання Таццяны Заміроўскай

«Менавіта тое, чым здаецца» (Exactly What It Seems) — так называецца будучая стужка беларуска-амерыканскай рэжысёркі Дар’і Жук, якая ў нечаканай форме распавядзе пра небяспеку таксічнай настальгіі па аўтарытарнай дзяржаве. Антыўтапічная навукова-фантастычная драма заснавана на апавяданні Таццяны Заміроўскай, якая выступіць суаўтаркай сцэнарыя. За распрацоўку і фінансавую падтрымку праекта адказвае Воля Чайкоўская, Іво Фельт з эстонскай кампаніі Allfilm і беларуска-расійская прадзюсарка Віялета Крэчатава, паведамляе Variety.

Па сюжеце ў фільме пара Надзя і Фёдар просіць палітычнага прытулку ў ЗША. Але нечакана аказваюцца тэлепартаванымі назад у Беларусь з дапамогай таямнічай квантавай тэхналогіі, створанай навукоўцамі пры дыктатарскім рэжыме. Аказаўшыся пад пераследам як злачынцы ў лясах сваёй радзімы, маладыя людзі павінны наладзіць свае няшчасныя адносіны, каб забяспечыць сабе бяспечнае вяртанне.

«Гэта не насычаны эфектамі фільм, а версія нашай рэчаіснасці з адной здагадкай: што гэтая тэхналогія існуе і кожны, хто настальгуе па Беларусі, можа быць неадкладна тэлепартаваны назад. Здаецца, гэта працуе толькі ў адзін бок, бо на серверы захоўваюцца толькі беларускія ўспаміны», — распавядае пра сусвет гісторыі Дар’я Жук.

«На жаль, для некаторых гэтая тэхналогія — самы страшны кашмар. Мае героі знаходзяцца ў вышуку за палітычную актыўнасць на радзіме, таму вяртацца ім небяспечна».

Аўтарка «Крышталю» заўважае, што ў новым праекце хацела б паглядзець на сучасную рэальнасць у Беларусі з нечаканага ракурсу — распавесці пра тое, што адбылося і адбываецца з беларусамі праз жанр змрочнай навуковай фантастыкі.

«Сатыра і навуковая фантастыка выдатна падыходзяць для таго, каб дыстанцыявацца ад суровай рэальнасці цяперашняга дыктатарскага рэжыму і прааналізаваць нядаўнюю эмацыйную траўму, атрыманую ў выніку няўдалай рэвалюцыі ў Беларусі ў 2020 годзе, — даносіць сваю думку Дар’я Жук. — Мы таксама хочам данесці гэтую гісторыю да больш шырокай аўдыторыі, якая, магчыма, нічога не ведае аб бягучых падзеях».

Плануецца, што як і ў выпадку з «Крышталём», новы праект не будзе мець падтрымкі адной кінаінстытуцыі, але будзе суфінансавацца з некалькіх крыніцаў.

Прадзюсарка Воля Чайкоўская верыць, што рэсурсы на фільм будуць знойдзены.

«Я вельмі ўсхваляваная гэтым праектам, — прызнаецца кінематаграфістка. — Ён распавядае пра маю радзіму Беларусь, дзе я не была ўжо пяць гадоў, і закранае актуальныя і ўніверсальныя тэмы таталітарных рэжымаў, перамяшчэння і ідэнтычнасці».

Фільм мусіць здымацца на беларускай, рускай і англійскай мовах.

Нагадаем, што Дар’я Жук — рэжысёрка такіх фільмаў як «Сапраўдная амерыканка», «Крышталь», дэтэктыўнай драмы «Зато» для Netflix, эпізода «Касмічныя дзверы» (серыял «Маленькая Амерыка») для Apple TV+, эпізода «Каментатар» (серыял «Перадумова») для FX/Hulu.

У даробку эстонскай кампаніі Allfilm, сузаснавальнікам якой з’яўляецца Іво Фельт, такія праекты, як намінант на «Оскар» «Мандарыны» Зазы Урушадзэ, «Фехтавальшчык» Клаўса Хяро, намінаваны на «Залаты глобус».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.