Выдавецтва «Янушкевіч» выпускае беларускамоўную версію кнігі Аляксандра Чарнухі «Свиньи» ў перакладзе Алеся Плоткі.
«Алесь Плотка здзейсніў сапраўдны цуд і пафарбаваў тэкст у зусім іншыя адценні. І атрымалася стварыць асобны сусвет, які, натуральна, цалкам адпавядае арыгіналу, але пры гэтым жыве сваім жыццём! А яшчэ Таісія Чарнуха намалявала чарговы шэдэўр, дзякуючы якому ў кнігі з’явіўся зусім новы твар. Карацей, зусім ужо хутка кніга з’явіцца ў продажы», – напісаў Аляксандар Чарнуха ў сваіх сацсетках.
Анатацыя да рамана паведамляе, што «Свінні» — гэта гісторыя аднаго выдуманага райцэнтра ў неіснуючай дзяржаве. Чыноўнікі, якія страцілі сувязь з рэальнасцю і якія пасылаюць адзін аднаму важныя, але ад гэтага яшчэ больш смешныя факсы; сілавікі ў балаклавах, якія добра выконваюць толькі адну задачу — ахоўваюць помнік Леніну; спіты рэдактар раённай газеты, што строчыць ядавітыя пасквілі пра нябачнага ворага; грозная дырэктарка дома культуры, якая ўмее толькі выпальваць цэнзурай любую песню.
Спачатку вам будзе смешна. Потым не будзе. Таму што гэта жудасны свет вычварэнцаў, здраднікаў і іншых істот, што сустракаюцца і ў казцы, і ў сапраўдным жыцці. У рамане «Свиньи» фікшн і нон-фікшн цесна пераплеценыя ў адну стужку, і часам заўважыць, дзе скончыліся мае фантазіі і пачалася суворая праўда жыцця, немагчыма.
У інтэрв’ю Reform.by Аляксандр Чарнуха, які цудоўна валодае беларускай мовай, адказаў на пытанне, чаму раман напісаны па-руску.
«Груздзева (той выдуманы райцэнтр, дзе адбываюцца дзеянні — Reform.by) – ускраек Расійскай імперыі, гэтыя людзі не ўмеюць размаўляць па-беларуску. Беларуская мова ў іх вуснах выглядала б ненатуральна«.
А на пытанне, што «русский мир» – гэта не толькі руская мова, адказаў: «Так, яшчэ руская культура і рускае стаўленне да жыцця. Калі ў мяне ёсць улада і грошы, то я цар і Бог на гэтай зямлі, а астатнія – нейкія кузуркі, з якімі я магу зрабіць усё, што заўгодна. Ніякі закон мне не пісаны. Вось гэта і ёсць рускае стаўленне да жыцця!«.
У рамане беларускамоўны герой вельмі хутка гіне.
Цалкам інтэрв’ю (яно якраз пра гэту кнігу) можна прачытаць тут.
А ахвотныя купіць беларускамоўнае выданне пазначаюць сябе ў каментарах пад допісам.
Таксама абяцаюць электронную версію рамана «Свінні» па-беларуску.
Дарэчы, Аляксандр Чарнуха напісаў невялікую п’есу паводле рамана «Свінні» для ўдзелу ў тэатральным праекце KUO VADIS – творчых лабараторыях для беларускіх літаратараў і рэжысёраў. Прэм’ера міні-спектакля адбылася ў тэатры Рампэ ў Штутгарце 26 лістапада 2022 года.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram