З праграмы для 11 класа па беларускай літаратуры прыбралі раман «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча, заўважыла «Медыязона».
Яшчэ ў праграме на 2022-2023 год твор быў. На вывучэнне рамана адводзілася пяць навучальных гадзін. У праграме на 2023-2024 навучальны год «Каласы пад сярпом тваім» замянілі на «Чорны замак Альшанскі».
Таксама з раздзела дадатковага чытання праграмы на 2023-2024 год прыбралі твор Алеся Разанава “У горадзе валадарыць Рагвалод”.
«Каласы пад сярпом тваім» — раман Караткевіча, прысвечаны падзеям паўстання 1863 года. Твор апісвае станаўленне беларускай нацыі, адлюстроўваючы тры пакаленні шляхецкай сям’і Загорскіх. Галоўным героем з’яўляецца Алесь Загорскі, чыё станаўленне і развіццё адлюстроўваецца ад 14 да 20 гадоў. Таксама намаляваны сем’і Раўбічаў і Клейн, памешчыкі Кроер, Таркайлы і іншыя, сялянская сям’я Кагут, паўстанцы Чорны Вайна і Корчак, сябры Алеся з Віленскай гімназіі і Пецярбургскага ўніверсітэта: Усяслаў Грыма, Мсціслаў Маеўскі і іншыя. З гістарычных персанажаў: Кастусь Каліноўскі, Ізмаіл Сразнеўскі, Тарас Шаўчэнка, Пётр Валуеў.