Прэм’ера аўдыягіда па Смілавічах, сінгла на верш Мойшы Кульбака: сёння распачынаецца 4-ты Беларуска-яўрэйскі фестываль

Квіз па беларускай і ідыш мове, прэме’ра аўдыягіда па Смілавічах, паказ аўтарскай анімацыі, адмысловыя выпускі канала «Каля культуры», прысвечаныя савецкім яўрэйскім мастакам Беларусі… — сёння, 7 снежня, у анлайн-прасторы бярэ старт 4-ты Беларуска-яўрэйскі фестываль. У яго праграме сабраны самыя розныя івэнты, якія прапануюць новы погляд на яўрэйскія традыцыі і спадчыну.

«Наш фестываль — гэта месца, дзе спадчына пераўтвараецца, натхняе і атрымлівае другое дыханне, упісваючыся ў наша сучаснае жыццё. Мы заўсёды імкнуліся выходзіць за межы традыцыйнай сімволікі, прапануючы свежы погляд на гісторыю сваіх каранёў», — вітаюць наведвальнікаў фэсту арганізатары — Цэнтр беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны.

«Сёлета наш лагатып упрыгожыў традыцыйны для яўрэйскага народа сімвал — «зорка Давіда», нагадваючы аб адзінстве і сіле для пераадолення любых цяжкасцей, — звяртае ўвагу каманда фэсту. — І сёння асабліва важны час, каб несці нашы сімвалы і каштоўнасці, захоўваць і абараняць сябе, свой народ, сваю гісторыю і культуру, дзе б мы ні знаходзіліся…».

Скрын з сайта фестывалю.

Так, 8 снежня праграму форуму распачне квіз па беларускай і ідыш мовах. Над яго стварэннем працавалі даследчык яўрэйскай культуры Алесь Астравух і адмыслоўца па яўрэйскім фальклоры і этнаграфіі Марыя Каспіна.

У гэты ж дзень плануецца паказ анімацыйнага фільма «Shirey Mara»/«Песні Мары» Наты Карнеевай — мінская мастачка і рэжысёрка прысвяціла карціну сваім яўрэйскім продкам з Украіны і Беларусі, якія загінулі падчас Халакосту.

9 снежня — і ў праграме прэм’ера аўдыягіда па родным горадзе Хаіма Суціна і Файбіша-Шрагі (Сэма) Царфіна — Смілавічах.

«У мінулым Смілавічы — тыповы штэтл з перавагай яўрэйскага насельніцтва, радзіма мастакоў, якія праславіліся на ўвесь свет. Гэта першы аўдыягід па Смілавічах — ён стане лепшай знаходкай для тых, хто захоча прыехаць і пабадзяцца па мястэчку самастойна, а таксама заўсёды будзе адкрыты для праслухоўвання ў якасці падкаста для ўсіх жадаючых незалежна ад месцазнаходжання», — адзначаецца ў апісанні івэнта.

11 снежня — і чакаецца музычная прэм’ера. У межах Беларуска-яўрэйскага фестывалю спявачка Palina прэзентуе сінгл на верш выбітнага яўрэйскага паэта міжваеннага часу Мойшэ Кульбака «Культура».

«Мойшэ Кульбак стварыў цікавы метафарычны тэкст пра дасягненні прагрэсу, якія ён, верагодна, нават не бачыў на свае вочы. Мне падаецца сучасным і своечасовым паразважаць аб гэтым. Гэты музычны эксперымент — магчымасць адкрыць дыялог з аўтарам праз стагоддзi і ўзняць пытанне ўзаемаадносін чалавецтва і яго дасягненняў», — каментуе свой новы праект Palina.

Першы выпуск аб савецкіх яўрэйскіх мастаках на Youtube-канале беларускага экскурсавода і лектара Мікіты Моніча адбудзецца 12 снежня. Гаворка пойдзе аб выбітным жывапісцы Майі Данцыгу. А ўжо 15 снежня Мікіта Моніч распавядзе пра яшчэ аднога вядомага беларускага творцу з яўрэйскімі каранямі, прадстаўніка беларускага савецкага андэграўнду — Ізраіля Басава.

Ды гэтаксама фестываль не абыдзецца без кулінарнага івэнта. Гледачоў чакае кулінарны ролік з літаратурнымі дасылкамі да класікаў беларускай літаратуры і сакрэтамі двух кананічных рэцэптаў: фаршмаку і марынаванага ў воцаце селядца, а таксама артыкул, за якім стаіць цэлае шматгадовае даследаванне. Праект падрыхтаваны ў партнёрстве з экспертам беларускай кухні, гісторыкам Алесем Белым.

Яшчэ дадатковая «плюшка». Арганізатары форуму прадугледзелі магчымасць заказу для жыхароў Беларусі адмысловага дэсерта да свята Ханукі — бабку і ругелах.

«Гэтыя прысмакі былі вельмі папулярныя ў беларускіх мястэчках. У рамках фестывалю вы можаце замовіць іх у падарунак сабе ці блізкім да 15 снежня ў Мінску!» — падкрэслівае каманда фэсту.

Сачыць за падзеямі 4-га Беларуска-яўрэйскага фестывалю можна тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.