«Эксклюзіўная карціна ад кінастудыі «Беларусьфільм» выклікала вялікую цікавасць сярод прыхільнікаў якаснага кіно. Фільм ужо пакарыў кінатэатры сваім ашалямляльным поспехам», — рэкламуе ідэалагічную стужку «На іншым беразе» Міністэрства культуры са спасылкай на АНТ. 7 лістапада працу расійскага рэжысёра Андрэя Хрулёва, якая распавядае пра «цяжкія часы» Заходняй Беларусі ў 1920-я гады, пакажуць у эфіры «Беларусь 1» у 21.55.
«У цэнтры апавядання — лёсы галоўных герояў — простых хлопцаў з глыбінкі, са Стоўбцаў, у якіх, хоць яны і родныя браты, розны жыццёвы шлях. Адзін з чырвоных, другі пакуль не вызначыўся», — даваў кароткі сінопсіс на кіно Андрэй Хрулёў.
У верасні — на Дзень народнага адзінства — фільм быў выпушчаны ў шырокі пракат у Беларусі. З «дапамогай» адміністрацыйнага рэсурсу на прагляд карціны цягам месяца быў «запрошаны» глядач з самых розных прадпрыемстваў: ад медыцынскіх устаноў — да адукацыйных. Пра «поспех» стужкі ў беларусаў актыўна пісалі праўладныя СМІ.
— За тры тыдні пракату, арганізаванага з дапамогай адміністрацыйнага рэсурсу, «На іншым беразе» сабрала 600 тысяч беларускіх рублёў, — адсправаздачыўся пра камерцыйны складнік ідэалагічнага опуса генеральны дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм» Юрый Аляксей. — Па стане на 28-е чысло (маецца на ўвазе 28 верасня — Reform.by) было абслужана больш за 234 тысячы гледачоў і атрымана даходаў ад паказу гэтага фільма больш за 726 тысяч рублёў, — казаў чыноўнік.
Калі верыць словам Аляксея, «На іншым беразе» перабіў «поспех» нават «Слядоў на вадзе» — рэтрабаевіка, знятага да 100-годдзя беларускай міліцыі. Яго паглядзелі (гаворка ідзе пра сакавік 2017 года) 81 733 гледача. То-бок, стужка пра «спробу мясцовых жыхароў адстаяць [у Заходняй Беларусі 1920-х] хаця б уласную веру і царкву» (так гучыць радок з анатацыі «На іншым беразе» ) апярэдзіла па колькасці праглядаў «мастацкую рэканструкцыю рэальных падзей, якія распавядаюць пра барацьбу беларускай міліцыі з бандытызмам у першыя пасляваенныя гады» (радок з анатацыі да «Слядоў на вадзе»).
У гэтым кантэксце нават нядаўні «зліў» у сеціва ідэалагічнага кіно Андрэя Хрулёва выглядае не дыверсіяй піратаў, а запланаваным крокам. Маўляў, няхай народ глядзіць.
А паказ 7 лістапада — лічыце, «вішанька на торце» — падарунак беларусам да свята — Дня Кастрычніцкай Рэвалюцыі.