Праект «Выбранае чытанне». Шатанскія ваніты, мары і карта смярцей: па што ідзе воўча?

Reform.news распачынае праект «Выбранае чытанне» — прастору аналітычнага і рэфлексіўнага пісьма пра сучасную беларускую літаратуру.

Сёння беларускія кнігі нараджаюцца па розныя бакі межаў — праз цэнзуру, пераслед і вымушанае выгнанне. У гэтай рубрыцы мы імкнемся злучыць разрозненыя голасы і падтрымаць жывую літаратурную дыскусію, якой бы ні была цемра вакол.

Для нас важна даць пляцоўку як новым, так і вядомым аўтарам і рэцэнзентам. Праз пагрозу рэпрэсій нехта з іх не можа гаварыць адкрыта, таму пакідаем іх права скарыстацца псеўданімам.

Першы матэрыял праекта мы прысвячаем Святлане Курс (Еве Вежнавец) — яе аповесці «Па што ідзеш, воўча?» і іншым творам — як знак вялікай пашаны і любові да пісьменніцы, якая сышла ад нас сёлета.

Над творчасцю Святланы Курс разважала Ксенія Май — аўтарка, якая праз пераслед вымушана выступаць пад псеўданімам.

***

Фота: Reform.news.

Першы сказ як маніфэст

Добрая кніга амаль заўсёды пачынаецца са сказа, які агаломшвае, захоплівае і зацягвае ў сюжэт з канцамі. Першым сказам я часцяком экзаменую невядомыя мне тэксты і аўтараў. «Калі ты ў грамадскай прыбіральні адкаркоўваеш пляшку ключом і аблізваеш з яго віно, каб ні кроплі не прапала, табе ўжо няма чаго баяцца», — так пачынаецца аповесць «Па што ідзеш, воўча?». Пасля гэтай фразы да кнігі ўжо няма пытанняў. Ты адразу разумееш, з кім і куды ідзеш.

Гэты сказ — не проста эпатаж. У вобразе жанчыны з пляшкай у прыбіральні сканцэнтравалася цэлая філасофія выжывання і пісьменніцкая адметнасць Евы Вежнавец: брутальная праўда жыцця, фізіялагічнасць, іронія і — галоўнае — абсалютная, непераможная бясстрашнасць. Калі чалавек даходзіць да сваёй уяўнай ніжняй рысы, калі эстэтыка і прыстойнасць губляюць сэнс, нараджаецца сапраўдная свабода. Менавіта там, на гэтым умоўным «дне», гераіня Вежнавец здольная адкаркаваць бутэльку віна, адпіць, адчуўшы яго смак, і паказаць дулю кáтам.

Кажуць, на паніхідзе па Святлане Курс сабралася столькі народу, што немагчыма было ўвайсці ў залу. Мне здаецца, найлепшым спосабам памянуць пісьменніцу было б не таўчыся ў натоўпе, а выпіць за яе спакой у прыбіральні. Чула, што нехта так і зрабіў. Падаецца, Ева Вежнавец гэта б упадабала.

Фота: Reform.news.

Люцэя-сарафея: варажба як суперсіла

Ева Вежнавец казала, што ўсе яе гісторыі — пра годныя спосабы выжывання чалавека ў абсалютна нягодных абставінах. Катастрофы ХХ стагоддзя былі настолькі знішчальнымі, што яе гераіням давялося засвоіць асаблівае мастацтва заставацца ў жывых, а паралельна — змагацца і даваць адпор гвалтаўнікам, забойцам і носьбітам «новага жыцця», якіх шчодра дасылалі гісторыя і лёс.

Гераіні Вежнавец мераюцца сіламі з жыццём рознымі спосабамі, і галоўнае месца сярод іх займаюць магія ды вядзьмарства. У свеце, дзе правяць мужчыны са зброяй і несувымернай фізічнай сілай, жанчынам застаецца падсыпаць русалчыных валасоў ў стравы, падкладаць перавязаныя зёлкі пад парог ды шаптаць: «Люцэя-сарафея-кутніца-верацея, адкасніся ад майго цела». І — адпраўляць крыўдзіцеляў на той свет чарамі, якія дасталіся ў спадчыну ад прабабкі.

Вядзьмарства — гэта суперсіла і прастора, у якой гераіні пачуваюцца як рыба ў вадзе. Іру ў залатых басаножках з аднайменнага апавядання ратуе ад гідкага гвалтаўніка не абыякавая міліцыя ці бацькі, а бабка-шаптуха. Жанчыны з роду Рыны праходзяць жывымі праз пекла ХХ стагоддзя дзякуючы магічным ведам і страху, які іх род выклікае ў вясковай грамадзе. Гэта цалкам аўтаномны жаночы сусвет, куды мужчынам амаль няма доступу.

“Воўча” і іншыя творы аўтаркі — не проста хронікі гвалту, а сведчанні незнішчальнасці, жывучасці, прагі да жыцця і першабытнай жаночай сілы. А яшчэ — магчымасці кахаць і ратаваць у самых страшных абставінах, таго прагнага, прыроднага прырастання да сваёй зямлі, якое не дае чалавеку знікнуць нават тады, калі рушыцца свет.

Фота: Reform.news.

Шатанскія ваніты

Калі ландшафт вызначае менталітэт, то ў Евы Вежнавец беларуская душа нараджаецца з тхлані і туману. Балота ў яе тэкстах — не проста элемент геаграфіі Палесся, а метафізічная прастора, адначасова святая і праклятая, тэрыторыя хтанічнага хаосу і неўтаймаванай прыроды. «Балота ёсць шатанскія ваніты», — піша яна. Пры гэтым гераіні «Па што ідзеш, воўча?» даволі ўпэўнена пачуваюцца на гэтай няпэўнай, смяротнай глебе. Аўтарка нават надзяляе сваіх жанчын спецыфічнай фізіялогіяй – “нежаноцкімі” нагамі-лыжамі, прыдатнымі менавіта для ходак праз балоты.

Балота здольнае зацягнуць у сябе не толькі п’янага небараку, але і цэлыя дамы. Так бясследна знік Западэр, адзін з Сестрыных хутароў. Таксама пад зямлю, але ўжо людскімі рукамі, пайшоў Белы Слуп — сакральны калодзеж, «каторы пранізвае зямлю да сярэдзіны, дзе белы рай». Калодзеж той лячыў ад каўтуна, рожы ды халеры, потым немцы ператварылі яго ў калектыўныя могілкі для немаўлят, а саветы – засыпалі.

ХХ стагоддзе прыйшло на нашыя землі з таталітарнымі ідэямі перабудовы прыроды і чалавека. Тры савецкія меліярацыі, што адбыліся на Палессі, — гэта гвалтоўная ампутацыя мінулага. Сёння балоты даўно асушаныя, але зямля ўсё адно супраціўляецца забыццю: “У лесе і на лугах засталіся глыбокія багонныя «вочы», падболаткі, зарослыя вострай, як лязо, асакой, і пасы калючага сліўняку”. Балота ў Вежнавец — гэта наша страчаная Атлантыда, якая схавала на сваім дне забытую, перакурочаную страшнымі часамі “ідэнтычнасць”.

Я ўсе думаю пра тую “ідэнтычнасць” – ці існуе яна наогул, «спрадвечная» ды закансерваваная на дне мінуўшчыны? Войны, сталінскі тэрор, савецкі час з яго траўмамі і набыткамі, нарэшце наша сучаснасць не проста знішчылі (нібыта) ідылічнае мінулае, а самі сталі часткай таго, кім мы цяпер ёсць. Мы ўжо не зможам проста адкінуць ХХ стагоддзе і вярнуцца да каранёў. Наша ідэнтычнасць сёння — гэта не затанулы Белы Слуп, які можна адкапаць і вярнуцца да “страчанага раю”. Хутчэй гэта суровы, перакурочаны гісторыяй ландшафт і мноства хісткіх багністых выспаў, па якіх мы ідзем навобмацак, кожны дзень ствараючы свае ўласныя сэнсы.

Фота: Reform.news.

Мемарыяльныя зямлянкі і шыбенічны гумар

Тэксты Вежнавец апісваюць страшныя, невыносныя рэчы: гвалт, вайну, галечу і смерць. Але пры ўсім гэтым у яе прозе няма пафаснага плачу. Наадварот — часам я смяюся. З’едлівы гумар працуе тут як псіхалагічны шчыт і яшчэ адна зброя супраць гвалту. Гэта той самы «шыбенічны гумар», калі чалавеку няма чаго губляць і адзінае, што ратуе яго ад вар’яцтва, — гэта здольнасць пасмяяцца ў твар самой гісторыі.

Рына ў аповесці «Па што ідзеш, воўча?» горка пасміхаецца і з самой сябе — са свайго алкагалізму, небарачнасці і ключоў ад ніадкуль. Праз гэты смех яна вяртае сабе ўладу над уласным жыццём. Гэта смех чалавека, які бачыў канец свету і зразумеў, што ідалы насамрэч гліняныя, а кáты — недарэчныя і дурнаватыя ў сваёй пампезнай жорсткасці.

Гэты ж бязлітасны позірк, які не шкадуе ні сябе, ні іншых, гераіня накіроўвае і на навакольную рэчаіснасць — туды, дзе рэальны боль народа закаталі пад дзяржаўны бетон. Сваім саркастычным стаўленнем на бутафорскія акопы, мемарыяльныя зямлянкі і бронзавы помнік партызану ў швэдры, Вежнавец бязлітасна дэканструюе афіцыйную памяць пра вайну. Ідэалогія дзесяцігоддзямі ператварала трагедыю народа ў кардонны дэкаратыўны культ. Вежнавец паказвае абсурднасць патасных помнікаў і святой недатыкальнасці дзяржаўнай памяці там, дзе зямля яшчэ крываточыць, акопы не зараслі травой, а жывыя людзі дагэтуль не загаілі свае сямейныя раны.

Смерць як перспектыва

Святлана Курс не аднойчы паўтарала ў сваіх інтэрв’ю: у смерці няма нічога страшнага. За мяжой зямнога існавання чалавека чакае не пустата і не цемра, а перспектыва. Гэткае дзэнскае прыняцце непазбежнага — тое, што варта практыкаваць кожнаму, каб не звар’яцець ад трагізму нашай гісторыі. Смутак па родных  людзях — зразумелы і непазбежны, бо мы занадта трывала прырастаем да іх душой і іх сыход пакідае ў нашых грудзях велізарную дзіру. Але не вельмі разумею крыкаў і плачу па памерлых, якіх мы амаль ці зусім не ведалі. Можа, Святлана мае рацыю: гісторыя чалавека доўжыцца далей нейкім таямнічым чынам, пра які жывым нічога не вядома? Цалкам магчыма, што там, за мяжой, нарэшце няма болю, адчаю і невыноснасці жыцця.

Такое прыняцце вынікае з асаблівых адносін беларусаў са сваімі мёртвымі — мы жывем з імі ў занадта шчыльнай, амаль фізічнай сувязі. У аповесці «Па што ідзеш, воўча?» Рына носіць у сабе гэты калектыўны цяжар: «І нядзіва — карта смярцей была ў Рыны ў галаве. Старая карта, з 1920-га прыкладна. Баба памятала, дзе хто загінуў ці памёр, у якім урочышчы і як яго знайшлі, і што пры тым сказалі. … Так што Рыне здавалася, што яна сама жыве сто другі год і мае ў галаве карту смерцяў, генеалагічныя дрэвы цэлых вёсак і непатрэбныя бабіны “навукі” да кучы».

Сваю «карту смерцяў», напэўна, мае кожны з нас. Цяпер, калі я не дома, увесь час перажываю за родных і непакоюся пра свае магілы — пра сваю бабу, да якой заўсёды прыходзіла ў дзень яе народзінаў і смерці. Мы носім у галовах цэлыя могілкі, урочышчы і імёны тых, каго ўжо не можам абняць. Можа, таму смерць страчвае сваё жахлівае аблічча — яна становіцца яшчэ адным месцам, дзе нас абавязкова нехта чакае?

Фота: Reform.news.

Паб і куры: мары пра рэканструкцыю

У адным са сваіх інтэрв’ю Святлана Курс разважала пра тое, што яна хоча зрабіць пасля вяртання дадому: «Я асабіста хачу адчыніць паб у роднай вёсцы, калі вярнуся, і вырошчваць аздобных курэй».

Я задумваюся: а чаго хочацца мне, калі нарэшце вярнуся дамоў? Я мару пра вялікую рэканструкцыю — хачу адрамантаваць у сваёй хаце ўсё, што патроху развалілася за ўвесь гэты час маёй вымушанай адсутнасці і немачы. Я ўяўляю, як нарэшце пафарбую сцены спальні ў цёмна-сіні колер. Пабадзяўшыся па свеце, паназіраўшы за яго прыгажосцю, я часам мару ператварыць сцены свайго дому пад асабісты храм, часам – зрабіць вілу ў югенд-стылі. А сад давесці да ладу так, каб ён змог красавацца на старонках часопісаў.

Курэй я вырошчваць не стану. А наконт пабу – калі-нікалі я думаю пра тое, каб адчыніць бар для пажылых людзей з назвай «Шклянка вады». Старыя на Беларусі не тусуюцца ў кавярнях, як еўрапейскія бабулі і дзядулі: нібыта нашы гарады належаць выключна маладым. Таму нам жыццёва патрэбныя месцы, дзе людзі ў сталым веку маглі б проста збірацца і бавіць час разам.

Не ведаю, ці паспела Святлана да дробязяў выдумаць канцэпт свайго вясковага пабу, але ў маім бары першай рэччу, якую будуць бясплатна прапаноўваць кліентам, — гэта шклянка чысцюткай вады. Як суцяшэнне тым, хто не нарадзіў дзяцей, якія гэтую шклянку нібыта мусяць падаць перад смерцю.

Напэўна, кожны з нас цяпер гадуе мары пра свой персанальны «паб» і сваіх уласных «курэй». Галоўнае — да гэтага дажыць.

Фота: Reform.news.

Суседзі і апошняе прычасце

Адзін з апошніх тэкстаў Евы Вежнавец — эсэ пра суседзяў, надрукаванае ў зборніку «Іду да вас, людзі». Тэкст напачатку злы, горкі: аўтарка наракае на вымушаны калектывізм і неабходнасць цесна камунікаваць з суседзямі ды з чужымі людзьмі ўвогуле. «Дарога да людзей заняла ў мяне амаль усё жыцьцё — паўвеку», — прызнаецца яна. Рак у апошняй стадыі вымусіў пісьменніцу наступіць на горла ўласнай адасобленасці і папрасіць у людзей грошай на лячэнне. І гэтыя чужыя людзі сабралі неабходную суму літаральна за адну ноч. Святлана прымае гэтую дапамогу ад Іншых і прызнае, што дагэтуль была аддзеленая ад іх «уласнай асобай, як шклом». Яе тэкст становіцца падобным на апошняе прычасце — момант, калі чалавек нарэшце знаходзіць прымірэнне са светам і самім сабой.

Гвалт, няпэўнасць, поўнае руйнаванне ранейшага жыцця — гэта тое, што давялося спасцігнуць шмат каму пасля 2020 года. Але ў гэтым пекле з’явілася нешта прынцыпова новае, пра што мы часам забываемся ў сваім смутку, і гэта тое, што з такім здзіўленнем выявіла Ева Вежнавец. Здаецца, нам усім ужо не так страшна ісці па свеце, бо ў ім больш не дадуць прапасці суседзі. Тыя самыя чужыя людзі, якіх мы нават не ведаем у твар, але якія здольныя ратаваць, станавіцца побач ці накідваць за ноч тысячы долараў на неабходную аперацыю. Да гэтай знойдзенай перад смерцю супольнасці пісьменніца звяртае свае словы: «Мне адважна, міла і сьмела ісьці з вамі па жыцьці, Суседзі, аж да самага таго вадаспаду, дзе нас чакае Сьмерць».

Фота: Reform.news.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram