Праект culture makes стартаваў у траўні 2023 года з маштабнага практыка-арыентаванага даследавання, якое вывучала якасны ўзровень прафесійнай супольнасці, эканамічныя мадэлі функцыянавання і аўдыторыю беларускай культуры. Вынікі гэтага даследавання далі магчымасць распрацаваць праграму навучальнага курса для менеджараў культуры.
Адукацыйны модуль, што прапаноўвае culture makes, — для тых, хто толькі пачынае свой шлях у сферы. Навучанне будзе ахопліваць ключавыя аспекты прафесійнага менеджменту. Курс складаецца з двух 7-дзённых семінараў: у Вільні (сакавік 2024) і Гётэборгу (верасень 2024), а таксама сустрэчы выпускнікоў курса ў Вільні (люты 2025).
Падаць заяўку на навучанне могуць беларускія творцы, актывісты і культурніцкя менеджары, якія маюць досвед рэалізацыі ці практыкі як мінімум у 2-х культурніцкіх праектах, ажыццяўляюць сваю дзейнасць цалкам або ў большай ступені ў Беларусі і маюць новы праект або ідэю праекта ў распрацоўцы.
Арганізатары culture makes кіруюцца тэзай: культура – рухавік навацый, рупар каштоўнасцяў, творца светапогляду, яна ўплывае на ўсе сферы нашага жыцця: ад эканомікі і сацыяльных інстытутаў да палітычнага жыцця і грамадскай актыўнасці. Таму стаць часткай праекта culture makes можа кожны. Акрамя навучальнага модулю для прафесіяналаў, праект уключае серыю з 10 адкрытых лекцый пра сучасныя трэнды ў культурнай сферы, сістэмы падтрымкі культуры, перспектыўныя бізнес-мадэлі, функцыянаванне арт-рынку, сучасныя мадэлі працы са спадчынай. Лекцыі прачытаюць вядучыя адмыслоўцы з розных краін.
Сачыце за абнаўленнямі на сайце праекта.
Culture makes ставіць перад сабой задачу стварэння доўгатэрміновага кам’юніці для арт-менеджараў, праект стане пляцоўкай для абмену досведам, супрацы і натхнення. На заканчэнне праекта будзе выпушчаны выніковы альманах, які змесціць матэрыялы і вынікі даследавання, а таксама творчыя дасягненні ўдзельнікаў.
Партнёры: Лятучы Універсітэт, Nätverkstan Kultur, ICOMOS-Беларусь.
Дадатковая інфармацыя аб праекце culture makes даступная па спасылцы.