Прадзюсарская ініцыятыва INEXKULT запускае праграму тэатральных і літаратурна-мастацкіх імпрэз у Варшаве

Прадзюсарская ініцыятыва INEXKULT распачынае праект «Кубатуры культуры» – праграму тэатральных і літаратурна-мастацкіх падзей у Варшаве. Тэрмін праграмы — паўгады, на кожны месяц — са студзеня па травень — запланавана некалькі мерапрыемстваў.

На наступным тыдні пакажуць «Clausa fores» Юрыя Дзівакова — перфарматыўную дзею з элементамі оперы, якая паказвае сутнасць тыраніі і яе дэструктыўнае ўздзеянне на асобу і грамадства. Спектакль ідзе на італьянскай і нямецкай мовах з беларускімі і польскімі субтытрамі. Сцэнаграфія і касцюмы Таццяны Дзіваковай, музыка Вольгі Падгайскай, выканаўца — Аляксандр Казела.

У лютым — легендарны спектакль Рамана Падалякі «Радзіва Прудок». 18 лютага ў Instytut Teatralny ў Варшаве запланавана сустрэча з пісьменнікам Андрэем Горватам, а 20 лютага адбудзецца аднайменны спектакль паводле яго кнігі. Спектакль паўтораць 23 красавіка.

У сакавіку — «Galera» Андрэя Іванова, польскамоўны спектакль пра тое, як мы ўсе, незалежна ад нацыянальнасці і краіны пражывання, змагаемся за галоўныя каштоўнасці жыцця: час і свабоду. Часам гэта барацьба з кімсьці (калегамі, начальнікам, дзяржавай), а часам і з самім сабой.

16 сакавіка пройдзе беларускамоўны кардонна-лялечны спектакль «Дарожныя прагоды Віты» ад праекта «Казачкі бай!» па матывах кнігі Сары Лундберг «Віта Белая Крэска» для дзяцей ад 3 да 10 год і іх бацькоў.

У апошні дзень месяца адбудзецца чытка ў бары Karma Crew «Ледзянцовага крыжа» Казіміра Робіса ў рэжысуры Пётры Непагоды.

19 красавіка пройдзе «Coma» Паліны Дабравольскай — міждысцыплінарны праект на мяжы музыкі, тэатра і тэхналогій, які даследуе чалавечае існаванне, свядомасць і патэнцыйную будучыню чалавецтва. Coma — гэта штучны інтэлект, які адпраўляецца ў экзістэнцыяльнае падарожжа, расшыфроўваючы лёсы сваіх стваральнікаў з дапамогай узаемадзеяння з даступнымі дадзенымі і маючы сваю ўласную мэту.

20 красавіка адбудзецца адкрытая рэпетыцыя чыткі п’есы Мікіты Ільінчыка «Dark Room».

У траўні Света Бень правядзе майстар-клас пад назвай «Гісторыя, якая павінна быць расказана» і адбудзецца перфарматыўнае чытанне «Не адчайваемся» Васіля Грыня ў рэжысуры Рамана Падалякі.

Завершыць праграму спектакль «Шэпт» Рамана Падалякі паводле аднайменнай кнігі Сяргея Лескеця.

Падрабязны расклад і квіткі тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!