Аўдыявыдавецтва audiobooks.bу і Незалежная тэатральная група «Купалаўцы» адкрылі збор на аўдыязапіс кнігі палітвязня Максіма Знака, які ўжо больш за чатыры гады ўтрымліваецца за кратамі. Абяцаюць не проста аўдыякнігу, а сапраўдны аўдыяспектакль, запісаны галасамі выдатных беларускіх актораў і акторак з легендарнай тэатральнай трупы нацыянальнага Купалаўскага тэатра.
«Зэкамерон. Вершы. Гутаркі» — гэта апошняе дапоўненае выданне кнігі Максіма Знака на беларускай мове ад «Полацкіх лабірынтаў», якое ўтрымлівае 100 невялікіх аповедаў. Тэксты гэтага зборніка ствараліся ў першы год утрымання ў СІЗА, калі творчая дзейнасць за кратамі і перадача рукапісаў яшчэ былі магчымыя. Частка твораў у апошнім выданні была апублікавана ўпершыню. Насуперак абставінам, у цеснай камеры і цяжкіх умовах, Максім захаваў сілу духу і творчую свабоду, якія дазвалялі яму сягаць праз краты на шырокі прастор, спалучаючы іранічнае і сур’ёзнае, лёгкае і глыбокае, лірычнае і штодзённае.
Плануецца, сабраць 4500 еўра на запіс, мантаж і музычнае аздабленне.
Аўдыязапіс будзе выкладзены на ўсіх буйных платформах у бясплатным доступе.
Падтрымаць збор можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram