Праца беларускай мастачкі Алы Савашэвіч — на вокладцы галоўнага культурнага гіда Уроцлава

Скульптура Алы Савашэвіч «Шэптам тканая» стала тварам новага нумара часопіса «Wrocławski Niezbędnik Kulturalny». Гэта падзея папярэднічае адкрыццю маштабнай персанальнай выставы беларускай мастачкі ў Этнаграфічным музеі Уроцлава.

Размяшчэнне твора беларускі на вокладцы самага тыражнага культурнага выдання рэгіёна — важны жэст прызнання. Для мастачкі гэта азначае выхад на максімальна шырокую аўдыторыю: часопіс з’яўляецца галоўным арыенцірам для жыхароў і гасцей горада, прадстаўляючы зрэз найбольш значных падзей сезона.

«Тваё цела — поле працы»

Выстава, якую анансуе вокладка, мае назву «Your Body is a Field of Work» («Тваё цела — поле працы»). Яна адкрыецца 16 мая і будзе працаваць да сярэдзіны жніўня. Экспазіцыя даследуе глыбокія сувязі паміж жаночай працай, сацыяльнымі міфамі і асабістым вопытам мастачкі.

У гэтым праекце, куратарам якой выступае Марта Дзерайчык, творы Савашэвіч уступяць у дыялог з музейнымі аб’ектамі, якія адлюстроўваюць жаночую працу.

Што да цэнтральнага вобраза вокладкі —  гэта манументальная постаць-скульптура з ільняной кудзелі. «Шэптам тканая» — гэта «вартаўніца памяці», якая сімвалізуе пераход ад фізічнай працы да духоўнага адпачынку і ўвасабляе жаночую сілу, зашыфраваную ў архаічных рытуалах.

Фота: сацсеткі Этнаграфічнага музея Уроцлава.

Пра часопіс

«Wrocławski Niezbędnik Kulturalny» — гэта афіцыйнае двухмесячнае выданне Уроцлаўскага інстытута культуры. Часопіс носіць інфармацыйна-асветніцкі характар, але яго ўплыў на фарміраванне гарадской павесткі цяжка пераацаніць. Трапленне на яго вокладку фактычна замацоўвае за выставай статус «must-visit» падзеі сезона ва Уроцлаве.

Час і месца будучай падзеі: 16 мая, Этнаграфічны музей Уроцлава, ul. Traugutta 111/113.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!