Культурны дыскурс 1920-х гадоў і гісторыя выбітных жанчын, трактат пра ўладу і траўматычны дзённік. Кнігі пачатку восені трывожныя і няпростыя, аднак любы чытач знойдзе тут і сваю тэму, і ўласныя адказы на пытанні.
Зборнік «Круцель-трава» змяшчае творы сучасных аўтараў, аб’яднаных любоўю да хараства мовы як сродку мастацкай камунікацыі і мыслення.
Сярод аўтараў — паэты, філосафы, метафізікі, навукоўцы, музыкі ды іншыя творцы беларускай думкі: Дзяніс Мацеша, Дар’я Мацеша, Ядзвіга Манкевіч, Ігар Бабкоў, Іван Булва, Вячаслаў Дукшт, Галіна Свірына, Дзяніс Шпіронак, Злата Клачок, Кацярына Масэ, Марыля Буйневіч і іншыя.
Выдавец Раман Цымбераў.
Набыць можна тут.
Паводле анатацыі, другая кніга вершаў Маргарыты Аляшкевіч — гэта апошнія пяць гадоў беларускага жыцця, падгледжаныя паэткай са сваёй званіцы.
«Некалькі гадоў таму я дапамагаў Рыце збіраць яе першы паэтычны зборнік і зараз рады ўдзельнічаць у падрыхтоўцы яе другой кнігі паэзіі — ужо ў якасці выдаўца», — напісаў з нагоды выхаду навінкі Дзмітры Строцаў.
Выдавецтва hochroth Minsk.
Набыць можна тут.
Васіль Быкаў — імя, вядомае ўва ўсім свеце. Ягоная праўда пра вайну заўсёды не проста ўражвала, яна — апякала. Ягоная глыбіня спасціжэння ўзлётаў і падзенняў чалавечае натуры ў нашай літаратуры не мае сабе роўных.
«Альпійская балада» — пранізлівая аповесць пра каханне, якое — франтавік Быкаў ведаў гэта як ніхто іншы — не прызнае перапынкаў на вайну.
Выдавецтва «Папуры».
Набыць можна тут.
Аповесць «Сотнікаў» распавядае пра кошт подзвігу і ганебны фінал маральнага кампрамісу, пра крыніцы мужнасці і прычыны здрады. Чалавек бывае слабы, нават калі ён моцны і смелы. Хоць у чымсьці, але слабы. Слабы, калі няма ў ім унутранай цвёрдасці і маральнай сілы…
Выдавецтва «Папуры».
Набыць можна тут.
Падзеі адбываюцца ў 1945 годзе ў Аўстрыі, дзе знаходзяцца савецкія салдаты. Аповесць з’яўляецца прыкладам духоўнай эвалюцыі Васіля Быкава, у ёй аўтар звяртаецца да хрысціянскага пераасэнсавання. Жахлівы фінал падкрэслівае антыгуманны характар вайны. Без прыняцця і асэнсоўвання праўды немагчыма вызваленне ад ідэалагічнай хлусні, таталітарнага гвалту, сутнаснай несвабоды чалавека.
Выдавецтва «Папуры».
Набыць можна тут.
Першы том «Патаемнай спадчыны» змяшчае сем казак пра выдатных беларусак, якія жылі ў розны час — ад сярэднявечча да пачатку XX стагоддзя. У школьных падручніках гэтых жанчын амаль не згадваюць. Разам з тым яны адыгралі значную ролю ў гісторыі Беларусі і свету.
У першым томе чытачы знойдуць казкі Лявона Маліноўскага, Уладзіміра Арлова, Светы Бень, Таццяны Гайдук, Кацярыны Ваданосавай, Наталлі Сянчук, Andrusia.
У ролі ілюстратараў выступілі Наталка Кукс, Воля Маліноўская, Яна Каспяровіч, Юна Новікава, Аляксандра Канафальская, Ксенія Лагавая, Andruś.
Выдавец: ініцыятыва ByProsvet
Набыць можна тут.
Аповесць ангельскага пісьменніка Джона Толкіна ўпершыню была апублікаваная ў 1937 годзе. У аснове сюжэту — падарожжа хобіта Більба Торгінса, чараўніка Гэндальфа і трынаццаці гномаў да Адзінокай гары, дзе знаходзяцца скарбы, якія ахоўваюцца цмокам Смаўгам.
Пераклад Франца Корзуна.
Серыя «Кніжны рысь».
Набыць можна тут.
Выйшаў пераклад займальнага дзіцячага дэтэктыву брытанскай пісьменніцы. Адным цёплым і цёмным красавіцкім вечарам у маленькай вёсачцы Петэрсвуд адбыўся няшчасны выпадак – згарэў катэдж містара Хіка. Ці гэта зусім не няшчасны выпадак, а самае сапраўднае злачынства? Каму быў выгадны гэты пажар? Хто мог жадаць зла містару Хіку? Праблема ў тым, што такіх падазраваных аж занадта шмат!
Пяцёра шукальнікаў і сабака адважна бяруцца за расследаванне, нягледзячы на ўсе перашкоды ды строгую забарону непрыязнага Прэчадсюля…
Пераклад Рэнаты Кураковай.
Выдавецтва «Папуры».
Набыць можна тут.
Упершыню «Калевала» па-беларуску выйшла ў выдавецтве Змітра Коласа ў 2015 годзе. У адрозненне ад шэрагу іншых перакладаў эпасу на замежныя мовы, пераклад на беларускую быў зроблены непасрэдна з арыгіналу і выдатна перадае ўсе ягоныя адметнасці: і мову, і інтанацыю, і вобразны свет.
Якуб Лапатка яшчэ ў школьныя гады прыязджаў у Карэлію да сваякоў, дзе вывучыў карэльскую мову, што далей паспрыяла вывучэнню і фінскай мовы.
«Нешта падобнае да «Калевалы» можна скласці і з беларускіх казак. Падабраць у іх парадак, пералажыць, магчыма, у вершы і звязаць адным героем, якім-небудзь кавалём, ці што… Народ жа вечны, вечнае яго мастацтва, вечныя і творцы песні і казкі. У такім перакананні ўмацоўвала мяне «Калевала», — так пісаў Якуб Колас пасля знаёмствам з карэла-фінскім эпасам.
Пераклад Якуба Лапаткі
Выдавецтва «Папуры»
Набыць можна тут.
Раман Інгардэн (1893–1970) — выбітны польскі філосаф, вучань філосафа Эдмунда Гусэрля, вядомы сваімі працамі, значную частку якіх ён напісаў па-нямецку, у галіне фенаменалогіі, а таксама онталогіі і эстэтыкі. У апублікаванай у 1955 годзе працы «Пра пераклады» ён дае фенаменалагічнае тлумачэнне сутнасці перакладу мастацкіх твораў і навуковых прац. Выданне адрасуецца ўсім, хто цікавіцца філасофіяй і тэорыяй перакладу.
Пераклад Лявона Баршчэўскага.
Выдавец Раман Цымбераў.
Набыць можна тут.
«Уладар» — адна з галоўных кніг Нікало Мак’явелі, напісаная ў 1513 годзе. «Уладар» складаецца з 26 раздзелаў, прысвечаных розным бакам палітычнага жыцця. Кніга напісана ў форме парады Ларэнца II Медычы, на якога ён склаў надзеі з аб’яднаннем Італіі і вызваленнем яе ад чужынцаў
Першае выданне выйшла ў 2008 годзе.
Пераклад Змітра Коласа.
Выдавецтва «Папуры».
Набыць можна тут.
Маргерыт Юрсэнар вымалёўвае лаканічную і трывожную гісторыю недазволенага кахання і пажыццёвага раскаяння. Дзеянне адбываецца ў арыстакратычнай Еўропе ХVII стагоддзя. Рамантычныя адносіны, якія знітавалі брата і сястру, набрынялыя адданасцю, тугою і трансгрэсіяй. Аўтарка з стрыманай лірычнасцю і псіхалагічнай дакладнасцю прасочвае, як памяць фармуе жыццё, а невымоўныя прагненні расцягваюцца на доўгія гады, каб пакінуць след у асабістай і калектыўнай гісторыі. Пісьменніца без маралізму і ацэнкі вымалёўвае сапраўдныя пачуцці, упартасць і моц чалавечага жадання.
Пераклад з французскай зрабіў Уладзіслаў Гарбацкі.
Выдавецтва «Скарына»
Набыць можна тут.
Кніга «Дзённік» падрыхтавана ў межах акцыі «33 кнігі для іншай Беларусі» і выдаецца пры падтрымцы Інстытута імя Гётэ.
У ёй ананімная аўтарка апісвае сваё жыццё ў Беларусі з пачатку сакавіка 2021 да канца лютага 2022. Рэвалюцыя, эміграцыя, разбурэнне сетак — важныя, але не адзіныя тэмы ў гэтым дзённіку. Такія тэмы, як каханне, адносіны з бацькамі, самапавага, уласная цэласнасць, не знікаюць у рэвалюцыі, а становяцца яшчэ больш складанымі.
«Дзённік» — гэта хронікі псіхалагічнай ломкі краіны. Час перакуленых лёсаў і выпаленых пачуццяў нараджае адмысловую літаратуру, нязручную і трывожную. Тут аўтарскае становіцца агульным. Таму без імя, пра ўсіх ад першай асобы.
Выдавецтва «Мяне няма»
Набыць можна тут.
Зборнік артыкулаў пра Вацлава Ластоўскага і дыскурс 1920-х — гэта матэрыялы міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай Вацлаву Ластоўскаму, якая праходзіла ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане ў 2023 годзе.
Постаць Вацлава Ластоўскага — палімата-самавука, сапраўднага пачынальніка, які закладаў новыя формы і падыходы ў многіх галінах беларусазнаўства, выразна вылучаецца на фоне культурнага будаўніцтва 1920-х гадоў. Менавіта яму прысвечаная большая частка артыкулаў. У зборніку ёсць даследаванні, прысвечаныя Яўхіму Карскаму, Максіму Гарэцкаму і Аляксандру Шлюбскаму, а дзейнасць Ластоўскага разглядаецца ў звязцы з шматлікімі іншымі стваральнікамі беларускай сацыяльнай і гуманітарнай навукі ў 20-я гады мінулага стагоддзя. Адыход ад меркаванага мовазнаўчага характару зборніка адлюстраваны ў больш шырокай фармулёўцы ягонае назвы, якая прадстаўляе творчасць Ластоўскага як частку агульнага культурнага дыскурсу 1920-х гадоў.
Ці не ўпершыню перад намі паўстае Ластоўскі як сацыялінгвіст, мастацтвазнаўца і філосаф, даследуецца рэцэпцыя ягонае творчасці.
Выдавецтва «Скарына»
Набыць можна тут.
Намаганнямі слуцкага краязнаўцы Анатоля Жука (ён з’яўляецца укладальнікам і аўтарам каментарыяў) з’явілася кніга Рыгора Родчанкі. Яна прысвечана творчай спадчыне слуцкага педагога, краязнаўцы, фалькларыста, пісьменніка Рыгора Віктаравіа Родчанкі (1929 – 1994). Сюды ўвайшлі тэксты раней друкаваных матэрыялаў Рыгора Віктаравіча: асобных выданняў, газетна-часопіснай перыёдыкі мясцовай, рэспубліканскай, украінскай. Многія матэрыялы друкуюцца ўпершыню. Кнігу склалі краязнаўчыя нарысы і артыкулы, успаміны пра ўдзел у партызанскай барацьбе з германскімі акупантамі ў Вялікую Айчынную вайну, вершы, фальклорныя матэрыялы, пераклады на беларускую мову твораў рускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў. Прадстаўлены ўспаміны тых, хто ведаў Рыгора Віктаравіча.
Кніга выйшла накладам 70 экзэмпляраў.
Выдавец «Колоград»
Набыць можна ў кнігарні «Акадэмкніга».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram