Красавік у літаратурным жыцці атрымаўся філасофскім і спрыяльным для чаканых дэбютаў. Многія кнігі сталі плёнам доўгай працы, напрыклад, знакавыя пераклады класікі сусветнай літаратуры. Дзяцей, безумоўна, парадуюць новыя вершы Андрэя Скурко і казкі ад псіхолага Сюзанны Ізерн.
У зборнік увайшлі тэксты, напісаныя ў перыяд з восені 2020-га па 2024-ты, прысвечаныя пратэстам, эміграцыі, вайне і палітвязням. У 2022 годзе нізка вершаў была перакладзена на восем еўрапейскіх моў у рамках праекта «Free All Words».
Раман Абрамчук вядомы таксама як аўтар-выканавец і лідар мінскага гурта «Гарадскі вал» – у перыяд 2010–2020 гадоў было запісана некалькі студыйных альбомаў і сінглаў на ўласныя тэксты і вершы іншых беларускіх паэтаў.
Прапанавала да выдання і склала кнігу Наста Кудасава.
Выдавецтва: Hochroth Minsk.
Замовіць кнігу можна тут.
Дэбютная кніга паэта і драматурга Дзяніса Мацешы змяшчае ў сабе вершы і апавяданні, напісаныя ў 2021-2023 гадах.
«Ілюзія — шлях: несканчоны кругазварот уяўных дзеяў, безупынны сон ува сне. Слова здольнае на міг спыніць гэты няўхільны лёт, стварыўшы адбітак у часовай прасторы. Але і яно — Ілюзія», — тлумачыць назву анатацыя.
У творах няма адказаў на экзыстэнцыйныя пытанні. Ёсць толькі спроба дакрануцца да Дхармы скрозь межы дачаснага «Я».
Прызначаецца ўсім аматарам паэзіі і філасофіі.
Выдавецтва «Энцыклапедыкс».
Набыць можна тут.
У анатацыі «Турэмнага зборніка», які выдалі праваабаронцы, напісана: «Краты – толькі хэштэг» – гэта радок з верша, дасланага медыяменеджарам Андрэем Аляксандравым з Валадаркі. #краты ўзятыя за аснову пры складанні гэтага зборніка твораў, напісаных у зняволенні па палітычна матываваных крымінальных справах. У кнігу ўвайшлі вершы, казкі, дзённікавыя запісы, успаміны, апавяданні і публіцыстычныя тэксты на беларускай і рускай мовах 52 палітычных зняволеных. Адзін верш напісаны на нямецкай.
Сярод аўтараў — журналістка Кацярына Андрэева, якой Гомельскі абласны суд прызначыў 8 гадоў пазбаўлення волі, арт-менеджар Павел Белавус, асуджаны на 13 гадоў калоніі за «ідэі беларускага нацыяналізму», нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, які атрымаў 10 гадоў зняволення, Дзяніс Івашын, якому ўлады далі 13 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
На вокладцы змешчаны малюнак мастака Алеся Пушкіна, які загінуў у турме 11 ліпеня 2023 года.
Пры складанні зборніка выкарыстаны матэрыялы з асабістых архіваў сваякоў палітвязняў, публікацыі з адкрытых інтэрнэт-крыніц. Таксама сярод твораў ёсць некалькі напісаных пасля выхаду на волю.
Правобразам зборніка стала кніга «Голас волі з-за кратаў», якую ў 2013 годзе выдаў цяперашні палітвязень Аляксандр Фядута, які на той момант быў былым палітвязнем.
Прэзентацыя адбылася 25 красавіка ў Вільні, кнігу на ёй раздавалі бясплатна. Астатняя частка накладу зборніка будзе перададзеная ў бібліятэкі Варшавы. Плануецца распаўсюджваць кнігу праз кнігарні і інтэрнэт-пляцоўкі.
Выйшла пятае выданне забароненага ў Рэспубліцы Беларусь рамана «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча — кнігі пра ўладу мовы і мову ўлады, пра Беларусь як еўрапейскую выспу і Еўропу як беларускі лёс, пра вечную таямніцу творчасці і чалавечую апантанасць.
Выдавецтва: «Янушкевіч».
Набыць можна тут.
«Зэльмэняне» Мойшэ Кульбака — класіка літаратуры на ідышы, адзін з найзначнейшых раманаў, напісаных у Беларусі ў 1930-х гадах. Кніга апісвае штодзённыя клопаты вялікай яўрэйскай сям’і ў Менску, якую раздзірае новая савецкая рэчаіснасць. Чатыры пакаленні адлюстраваныя ў захапляльных і часта гратэскных дэталях, калі яны сутыкаюцца з глыбокімі пераменамі, выкліканымі патрабаваннямі савецкага рэжыму і яго калектывісцкага, радыкальнага сэкулярызму.
«Менск у рамане згадваецца толькі пару разоў — але, чытаючы, сумневаў ня маеш: усё гэта адбываецца тут. Дзе «Сьвіслач ледзь дыхае, зь яе дна патыхае дохлымі катамі. Вада зацягнутая тонкай плеўкай, якая пераліваецца ўсімі колерамі вясёлкі. З другога боку на пясчаных пагорках стаяць хаты, абкружаныя малымі садочкамі… Пазнавальна? Вельмі», — піша пра кнігу Альгерд Бахарэвіч.
Раман «Зэлменяне» выходзіў па-беларуску ў БССР, аднак больш за 12 адсоткаў тэксту з яго было выкінута з цэнзурных і іншых меркаванняў.
Пераклад з ідыш зрабіў Сяргей Шупа.
Выдавецтва: Vesna.
Замовіць кнігу можна тут.
«Крэмулятар» — самы знакаміты раман Сашы Філіпенкі. Твор атрымаў прэстыжную французскую прэмію Trasnfuge як найлепшы еўрапейскі раман 2023 года.
Аповед распачынаецца падзеямі 23 чэрвеня 1941 года, калі наступ нямецкай арміі запускае ў СССР чарговую хвалю барацьбы са шпіёнамі. Твор паглыбляе чытача ў атмасферу 1930-х гадоў і грунтуецца на матэрыялах следчай справы першага дырэктара Маскоўскага крэматорыя Пятра Ільіча Несцярэнкі, праз паказанні і дзённікі якога можна прасачыць лёс чалавека на фоне знакавых падзей першай паловы ХХ стагоддзя: войнаў і рэвалюцыі, эміграцыі і вяртання ў СССР часоў тэрору. Аўтар даследуе ўнутраны свет чалавека, пастаўленага перад немагчымым выбарам.
Выдавецтва: Gutenberg Publisher.
Набыць можна тут.
Самы першы раман пісьменніка расказвае пра юнака, які пацярпеў у страшнай цісканіне на Нямізе і дзесяць гадоў праляжаў у коме. Ім апекавалася бабуля, якая, у сваю чаргу, старалася бачыць свет вачыма ўнука, каб усё яму распавесці, калі той ачуняе. Яна расказвае, а чытач узгадвае тое, што беларусы перажылі за гэты час: усё адно як цэлая краіна праляжала ў коме, бо не было нейкага імпульсу, які б прымусіў гэтае жывое цела ўстаць і нешта для сябе зрабіць. І наступствы гэтага ляжання даганяюць, нават калі ажываеш і з’яўляецца надзея.
Раманы Сашы Філіпенкі перакладзеныя на французскую, нямецкую, чэшскую, венгерскую, польскую, італьянскую, англійскую, харвацкую, галандскую, іспанскую, японскую, шведскую, славацкую, тайскую, турэцкую мовы (і ў найбліжэйшых планах – карэйская). Яны напісаны па-руску, аднак сёлета былі пераствораныя па-беларуску.
Выдавецтва: Gutenberg Publisher.
Набыць можна тут.
Серыя «Галерэя чалавечай думкі» выдавецтва «Энцыклапедыкс», у якой выходзяць філасофскія творы ў перакладзе на беларускую мову, папоўнілася кнігай нобелеўскага лаўрэата Бертрана Расэла.
Праца «Мастацтва філасофствавання» была напісана знакамітым брытанскім філосафам, логікам, матэматыкам і грамадскім дзеячам Бертранам Расэлам (1872–1970) падчас Другой сусветнай вайны, калі ён яшчэ быў у меншай ступені заклапочаны галаваломнымі пытаннямі ядзернай вайны ды стрымлівання камуністычнай агрэсіі, а ў большай – «мастацтвам вылічэння» ў галіне матэматыкі, логікі і філасофіі. Упершыню кніга ўбачыла свет у 1968 годзе.
У гэтым выданні, акрамя тэксту працы, таксама змешчаны кароткі біяграфічны нарыс пра яе аўтара і кароткі англійска-беларускі тэрміналагічны гласар.
Пераклад з англійскай Лявона Баршчэўскага.
Выдавецтва: «Энцыклапедыкс».
Набыць можна тут.
Першы том «Іліяды» Гамера ўключае 12 з 24 песень міфалагічна-гераічнага эпасу, стварэнне якога, прыкладна ў сярэдзіне VIII ст. да н. э., прыпісваецца паўлегендарнаму грэцкаму песняру Гамеру, а запіс якога быў упершыню зроблемы двума стагоддзямі пазней — стаў здабыткам прыгожага пісьменства не толькі Старажытнай Грэцыі. Дзякуючы перакладам на вялікую колькасць моваў народаў свету, гэты твор заняў пачэснае месца ў скарбніцы сусветнай літаратуры. Сюжэт паэмы будуецца на эпізодзе Траянскай вайны, якая, паводле сведчання большасці сучасных гісторыкаў, магла мець месца на мяжы XIII і XII ст. да н. э.
Пераклад са старагрэцкай мовы Лявона Баршчэўскага.
Выдавецтва: Энцыклапедыкс
Набыць можна тут.
Калектыўная манаграфія «Беларусь у ХХІ стагоддзі: паміж дыктатурай і дэмакратыяй» выйшла ў 2023 г. па-англійску ў Лондане. Гэтая кніга прэтэндуе на ўсеабдымны агляд нядаўніх падзей у Беларусі. Яе аўтары — вядучыя гісторыкі, сацыёлагі, эканамісты, культуролагі — даследуюць, чаму і як народ узняўся дзеля ідэі, што Беларусь мае змяніцца.
Паказана, як стары рэжым, прагны захаваць савецкую спадчыну, неахвочы да рэформ і марудлівы ў змаганні з пандэміяй COVID-19, на фоне пагаршэння эканамічных умоў сутыкнуўся з ростам грамадскай мабілізацыі — і вертыкальнай (знізу ўгору), і гарызантальнай. Удзельнікі гэтага руху патрабавалі трансфармацыі адносін паміж дзяржавай і грамадствам, выпрацоўваючы новае разуменне беларускай народнай суб’ектнасці. Цяпер даследаванні даступныя і па-беларуску.
Выдавецтва: «Скарына»
Купіць можна тут.
Кардонная кніжка з вершамі Андрэя Скурко і малюнкамі Волі Кузьміч складаецца з 12 вершаў, героямі якіх сталі малаток Касцючок, адкрутка Людка, шрубакрут Якуб, рулетка Светка і шмат іншых інструментаў.
Сярод гісторый пра інструменты і іх магчымасці можна даведацца свежыя навіны: «Чаму зайцам забаранілі праносіць у рэйсавыя аўтобусы адкруткі? Кот схапіўся за дрыль: што ён задумаў? Падсілкаваўшыся кашай, перакусваем жалезны дрот!».
Памер кардоннай кніжкі 230×280 мм, 16 старонак.
Выдавецтва: Gutenberg Publisher.
Набыць можна тут.
У выданні сабраныя бразільскія народныя казкі, запісаныя ў канцы XIX стагоддзя, яны ўвабралі ў сябе ўсё, што складае культуру бразільскага народа: і відавочны моцны еўрапейскі ўплыў, і любоў да прыроды, уласцівую карэннаму насельніцтву, і музычны, жвавы і вясёлы подых афрыкі. Героі гэтых казак – мурашы і пеўні, прынцэсы і малпы, зласлівы ягуар і хітры му рын. яны хітруюць і чаруюць, перамагаюць і плачуць альбо ўпрост разбягаюцца абыкуды, а нам, чытачам, з таго пацеха і навука.
Выдавец: Цымбераў Р. М.
Набыць можна тут.
Кнігі сусветна вядомай пісьменніцы і псіхолага Сюзанны Ізерн разлічаны на развіццё эмацыйнага інтэлекту дзяцей. «Лісяня кажа няпраўду», «Яноцік хоча быць першым» і «Вавёрачка не ўмее казаць «не» — гэта гісторыі з важнымі жыццёвымі ўрокамі. Аўтарка апісвае сітуацыі, якія могуць здарыцца з кожным хлопчыкам ці дзяўчынкай. І дапамагае зразумець, як лепей у такіх сітуацыях паводзіць сябе.
Перакладчыца — Наталля Маслінка.
Выдавецтва «Папуры».
Кнігі можна знайсці на паліцах кнігарні «Параграф 45», а таксама купіць на Wildberries (арт. 227236141 арт. 227233729 і арт. 227228473).
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram