Пра памяць і страх забыцця. Новыя кнігі кастрычніка: літагляд

Новыя кнігі кастрычніка ўтрымліваюць — нібы адмыслова падабраныя ціхай змовай выдавецтваў — выразныя, а часам меланхалічныя тэксты пра чалавечы лёс, свабоду, памяць і літаратуру. Яны асабліва прыдатныя для восеньскага чытання.

Мастацкая літаратура

Альгерд Бахарэвіч «Папяровы голем»

У кнізе сабраныя лаканічныя і выразныя, злосныя і правакацыйныя, меланхалічныя і крытычныя тэксты Альгерда Бахарэвіча, напісаныя ў эміграцыі. Тое, што шматкроць гучала са сцэн розных гарадоў, на розных мовах, у інтэрв’ю заходнім медыя і ў размовах з замежнымі чытачамі.

Голем — персанаж яўрэйскага фальклору, «бясформенная маса» ці «недавершаная субстанцыя». Усе кароткія тэксты «Папяровага голема» злучае тэма бунту, супрацьстаяння аднаго чалавека агрэсіўнай большасці. Супрацьстаяння папулізму, прымітыву, марнаслоўю, маніпулятарству, ідэалогіям і імітацыі. Аўтар спрабуе знайсці для гэтага максімальна лаканічную, празрыстую і выразную мову. Некаторыя тэксты новай кнігі складаюцца ўсяго з аднаго сказа…

«Мой голем таксама ёсць незавершаным праектам чалавека, у якім ролю гліны выконвае папера — то-бок кнігі, літаратура, тэксты, пісьмовае слова. Літаратура цяпер у заняпадзе, яе роля і вага ўвесь час змяншаюцца, але менавіта яна сфармавала маё мысленне, мяне як асобу і мае каштоўнасці. Голем быў створаны, каб бараніць гнаны народ, але голем можа і нашкодзіць, і забіць, ён не чалавек, ён па-за мараллю. Голем няшчасны праз веліч аўтарскай задумы — гэта страшны эксперымент з непрадказальным вынікам, гэта папярэджанне, сігнал трывогі. І — чыстае чарадзейства», — так тлумачыў аўтар канцэпт сваёй новай кнігі.

Выдавецтва «Янушкевіч».

Набыць можна тут.

Вера Бурлак «Амаль»

Зборнік вершаў Веры Бурлак, лаўрэаткі прэміі за найлепшы пераклад імя Карласа Шэрмана (2017) і прэміі за найлепшую дзіцячую кнігу імя Цёткі (2018), стаў 20-м выданнем маладой выдавецкай ініцыятывы «hochroth Minsk». Яго прэзентацыя публіцы адбылася на берлінскай частцы фестывалю «Прадмова».

У выданні сабраныя вершы з 2020 па 2024 год, нібы дакладны барометр аўтарка, што гойдалася на тых жа эмацыйных арэлях, што і яе патэнцыйныя чытачы, цяпер, у сітуацыі, калі «дом страчаны, доступ заблакаваны» шукае нейкі кірунак, які «можа быць трохі больш слушным, чым іншыя».

Усе вершы цяпер пра адно.

Істота, скруціўшыся, апускаецца на дно.

Вада ў роце, у носе, вада ў грудзях.

Але гэта вада гаючая, і страх

страціць яе з сябе

і сябе з яе

мацнейшы за… што? Невядома.

Прабіць дно галавой –

і адчуць сябе дома,

дзе ўсе выйсці ёсць і ўваходы,

дзе гаючыя рэкі, як каляплодныя воды,

аднаўляюць сілы ўва ўсіх,

хто адважыўся

зрабіць уздых.

20.02.2021

Выдавецтва «hochroth Minsk»

Набыць можна будзе тут.

Літаратура для дзяцей

Аліна Нагорная «У Слуцку на машыне часу»

У кнізе Аліны Нагорнай распавядаецца гісторыя пра двух хлопчыкаў, якія вандруюць па Слуцку на машыне часу. У падарожжы іх чакаюць цікавыя прыгоды, вядомыя асобы і інтэрактыўныя заданні.

«Гэта мой спосаб абняць горад, у які не хутка траплю, і вядома, распавесці дзецям, што нашыя гарады, калі і здаюцца часам сумнымі, то толькі на першы погляд. У Слуцку, як і ў іншых беларускіх гарадах, стваралася (і ствараецца) гісторыя і мастацтва, вартыя класных кніг для любых узростаў», — тлумачыць Аліна Нагорная.

Зацікаўленым у набыцці кнігі Аліна Нагорная прапануе звяртацца непасрэдна да яе.

Пераклады

Ян Бжэхва «Хрушч»

Дзіцячая кніжка-верш польскага паэта расказвае пра вала, які захацеў жыць як кузурка. Яе ярка і маляўніча праілюстравала таленавітая мастачка Марыя Платонава. Асаблівай рысай гэтай кніжкі ёсць яе фанетычная канструкцыя: у вершы густа насыпана характэрных для кожнай мовы гукаў, у арыгінале — для польскай, у перакладзе — для беларускай.

Ян Бжэхва — знакаміты польскі паэт, пісьменнік і перакладчык, найбольш вядомы сваімі казкамі і вершамі для дзяцей. Яго творчасць вылучаецца гумарам, фантазіяй і лёгкасцю мовы, што робіць яго вершы любімымі сярод дзяцей і дарослых ужо некалькі пакаленняў.

Кнігу немагчыма купіць, але яе можна бясплатна атрымаць у беларускіх асяродках і бібліятэках па ўсім свеце.

Падаць заяўку можна тут.

Чэслаў Мілаш «Чалавек шматпавярховы»

Новы зборнік вершаў Чэслава Мілаша, лаўрэата Нобелеўскай прэміі 1980 года і аднаго з найвялікшых паэтаў ХХ стагоддзя, выйшаў у перакладзе на беларускую мову.

Мілаш, які перажыў вайну, савецкую і нацысцкую акупацыі і шмат гадоў правёў у эміграцыі, пакінуў паэтычную спадчыну, што глыбока даследуе пытанні чалавечага лёсу, свабоды і памяці. Яго творы натхняюць на роздум пра сутнасць чалавечнасці, нашы адносіны з мінулым і ролю паэзіі ў складаным свеце.

Гэты зборнік, складзены Андрэем Хадановічам, раскрывае разважанні Мілаша пра чалавека, грамадства і месца паэзіі ў свеце. Над перакладам працавалі вядомыя беларускія літаратары: Юрась Бушлякоў, Алег Мінкін, Андрэй Хадановіч, Ян Чыквін і Ганна Янкута, якія змаглі перадаць унікальную глыбіню і шматграннасць паэтычнага свету Мілаша.

Выданне серыі «Класіка польскай літаратуры для беларускіх чытачоў» стала магчымым дзякуючы праекту, які рэалізуецца Цэнтрам Беларускай Салідарнасці ў партнёрстве з выдавецтвам Gutenberg Publisher пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Польшчы ў рамках конкурсу «Публічная дыпламатыя 2024».

Кнігу немагчыма купіць, але яе можна бясплатна атрымаць у беларускіх асяродках і бібліятэках па ўсім свеце.

Падаць заяўку можна тут.

Агата Крысці. «Забойства ва Усходнім экспрэсе»

Адзін з найвядомейшых раманаў каралевы брытанскага і сусветнага дэтэктыву Агаты Крысці — «Забойства ва Усходнім экспрэсе» — перажыў больш за дзясятак перавыданняў на мове арыгінала, а цяпер ёсць і па-беларуску.

Рэцэпт ідэальнага герметычнага дэтэктыва — некалькі дзён снегавой пасткі, вагон міжнароднага цягніка, труп у замкнёным знутры купэ, трынаццаць пасажыраў і адзін Эркюль Пуаро.

Пераклад з англійскай мовы Аляксандры Дзмітранок.

Выдавецтва «Логвінаў»

Набыць можна тут.

Нон-фікшн

Марыя Чапская «Еўропа ў сям’і»

Выдавецтва «Тэхналогія» перавыдала ўспаміны пляменніцы Караля Чапскага Марыі Чапскай (1894–1981).

У паўднёвых ваколіцах Мінска месцяцца Прылукі — вёска, якая нядаўна адсвяткавала 550 гадоў ад сваёй першай згадкі ў гістарычных крыніцах. У старасвецкім парку цешыць вочы прыгожы палац. Некалі ён належаў сям’і Чапскіх, а цяпер тут размяшчаецца Беларускі навукова-даследчы інстытут аховы раслін. Марыя Чапская з маленства расла ў Прылуках, тут прайшло яе юнацтва. Яна пляменніца вядомага ўсім жыхарам сталіцы Караля Чапскага, які ў 1890–1901 гадах быў гарадскім галавою Мінска. На схіле веку Марыя Чапская напісала гэтую кнігу, дзе сабрала звесткі пра свой род, занатавала ўспаміны пра сям’ю, для якой і палац, і Прылукі былі родным домам, а таксама пра дарэвалюцыйны Мінск-Літоўскі.

Выдавецтва «Тэхналогія»

Набыць можна тут.

Янка Саламевіч «Беларускія псеўданімы і крыптанімы»

Слоўнік змяшчае 20 250 расшыфраваных псеўданімаў і крыптанімаў беларускіх літаратараў, грамадска-палітычных і культурніцкіх дзеячаў ад XVI да канца XX cтагоддзя. Ён улічвае ўсё публікацыі на беларускай мове, у тым ліку нашай дыяспары, а таксама публікацыі на польскай і рускай мовах, якія выходзілі ў Беларусі. Агульная структура слоўніка адпавядае прынятай у сусветнай практыцы сістэме падачы матэрыялаў такога тыпу.

Прызначаецца для літаратуразнаўцаў, гісторыкаў, краязнаўцаў, выкладчыкаў ВНУ, студэнтаў, настаўнікаў, а таксама для шырокага колы чытачоў, якія цікавяцца багатай духоўнай спадчынай нашага народа.

Выдавецтва «Янушкевіч».

Набыць можна тут.

Ганна Севярынец «Савецкая Беларусь пад рэдакцыяй Міхася Чарота»

У кнізе сабраныя выбраныя артыкулы з газеты «Савецкая Беларусь» 1925-1929 гадоў — перыяду беларусізацыі і адносна лагоднай савецкай рэдактуры. Аўтарка не ўключала туды матэрыялы з першых палос, у выданні няма тагачаснай палітыкі.

Ёсць — жыццё горада і вёскі. Лёсы простых людзей. Ёсць тагачасны крымінал. Ёсць — развагі пра беларусізацыю і нацыянальную культуру.

У выданні пяць алфавітных паказальнікаў, адзін з іх — геаграфічныя назвы, пра кожную мясціну можна пачытаць тагачасны артыкул.

Ёсць і архіўны дадатак. Рэдакцыйная кніга загадаў, выбранае ліставанне з дзяржорганамі і нават успаміны наборшчыкаў і метранпажаў тагачаснай Саўбеліі, то-бок — тэхнічных газетных работнікаў, пра якіх заўсёды забываюць, калі кажуць пра газету.

У прадмове аўтарка выклала гісторыю газеты і яе рэдактара Міхася Чарота.

Выдавецтва «Cza­bor Pub­lish­ing»

Набыць кнігу «Савецкая Беларусь пад рэдакцыяй Міхася Чарота» можна ў беларускіх кнігарнях Варшавы і Вільні.

Ірына Мышкавец «Рэ/экспазіцыя. Штрыхі да біяграфіі Максіма Багдановіча»

Зборнік артыкулаў уключае матэрыялы, прысвечаныя асабістаму і творчаму шляху класіка беларускай літаратуры, а таксама яго блізкім, родным, калегам, сябрам.

Матэрыялы зборніка ёсць вынікам пошукавай і навукова-даследчай дзейнасці супрацоўнікаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і будуць цікавыя даследчыкам, навукоўцам, аматарам творчасці паэта.

«Ідэя кнігі не мая, я ніколі б не рашылася на такі смелы крок. Дзякуй Міхаілу Бараноўскаму, майму ідэйнаму натхняльніку і рухавіку! Дзякуй маім калегам, былым і сённяшнім, якія крытычна ставіліся да маіх опусаў ці, наадварот, падтрымлівалі ад пачатку і да канца (дзякуй, дарагая Аленка і мой першы дырэктар музея Мікола Трус!). Я ўдзячна сваім сябрам, сярод якіх ёсць музейшчыкі, настаўнікі, гісторыкі, архівісты, юрысты і менеджары, якія падтрымлівалі, дапамагалі, супакойвалі, суцяшалі, падбадзёрвалі і падштурхоўвалі, вучылі і накіроўвалі», — пракаментавала выхад кнігі аўтарка Ірына Мышкавец.

Выдавец Цымбераў Р. М.

Набыць можна тут.

Таццяна Заміроўская «Эвридика, проверь, выключила ли ты газ»

«Эвридика, проверь, выключила ли ты газ» — першая кніга немастацкай прозы пісьменніцы, журналісткі, былога музычнага крытыка Таццяны Заміроўскай.

Зборнік эсэ, успамінаў і разважанняў пра памяць і забыванне, музыку і каханне, эміграцыю і сувязь з Беларуссю праз прывідную ідэнтычнасць чалавека, які калісьці верыў у тое, што музыка — мацнейшая за смерць, а тэкст — важней за жыццё.

Выдавецтва «Мяне Няма».

Набыць можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!