Пра моцных жанчын, палітычных правакатараў і фантастычныя сусветы. Новыя кнігі сакавіка: літагляд

Новыя кнігі сакавіка ў пэўнай ступені тэрапеўтычныя. Тэрапія ў іх, праўда, розная. Заснаваная ці на прафесійных псіхалагічных практыках, ці на мастацкім пагружэнні гледача ў фантазійны свет. Аднак не ўсё так проста: як сказана ў анатацыі да адной з кніг, любая трансфармацыя вымагае «канца свету» — крушэння ранейшай філасофіі жыцця.

Мастацкая літаратура

Ганна Златкоўская «Девочки-стекло»

«Девочки-стекло» Ганны Златкоўскай — гэта працяг аповесці «Страшно жить, мама», якая таксама ўвайшла ў новую кнігу.

Аповесць «Страшно жить, мама» — гісторыя пра маці і яе дачку Анжаліку. Дзве страчаныя душы, дзве адзіноты. Мама ў пошуках шчасця і любові, у бясконцым страху за сваю дачку. Звычайная жанчына, што спрабуе адна выхоўваць дачку і адчайна чапляецца за мужчын, з якімі сутыкае яе лёс. Яна не заўважае, як ламае Ліку, як моцна маленькая дзяўчынка пераймае мамчыны страхі і ўбірае іх у сябе…

Раман «Девочки-стекло» — працяг гісторыі Анжалікі. Цяпер ужо яна – маці-адзіночка з дзяўчынкай на руках. Прывід маці па-ранейшаму шэпча пра тое, што жыць страшна, аднак Ліка жадае пазбавіцца ад мінулага, стаць іншай жанчынай — валявой і нязломнай. Лёс дорыць дзяўчыне сяброўства з Алінай і Дзінай. У кожнай гераіні свае страхі, свае надзеі і свой лёс. Гэта гісторыя пра жанчын, далікатных і моцных нягледзячы ні на што.

Выдавецтва Skarynyčy.

Набыць можна тут.

Аляксандр Карнаўх «Халодныя землі»

Калі ты жывеш каля Прорвы, прасцей паверыць у ваўкалакаў, чым у бесперабойную мабільную сувязь.

Але наш галоўны герой — гарадскі. Выкладчык універсітэта Антось страчвае вернага сябра, бігля Аргуса. У той жа час жонка вырашае, што іх шлюб сябе вычарпаў. Шукаючы нейкага хобі, каб заняць галаву, Антон пагаджаецца дапамагчы знаёмай і разабраць тэкст загадкавых сшыткаў, знойдзеных на гарышчы ў адной з вёсак непадалёк ад Прорвы – балота, ля якога жыў і дзед галоўнага героя. Сшыткі пісаныя зютэрлінам, цяпер ужо забытым нямецкім шрыфтам. Паддаюцца толькі асобныя словы, але чым болей герой разумее, тым з большай трывогай глядзіцца ў люстэрка.

Кніга была выдадзена пры падтрымцы Магістратаў культуры.

Выдавецтва Gutenberg Publisher.

Набыць можна тут.

Маргарыта Латышкевіч «Век людзей»

Раман-фэнтэзі Маргарыты Латышкевіч утрымлівае чатыры часткі з вугераўскага эпасу. Самабытны сплаў фэнтэзі, беларускай і скандынаўскай міфалогіі, бадай, нікога не пакіне абыякавым.

Аўтарка пісала, што свет Вугеры пачаўся са студэнцкага артыкула пра Кашча Бессмяротнага. З артыкула вырасла аповесць «Вершнікі на дарозе, а з яе – Вугера (жаночае боства).

У свеце Вугеры спяваюць чароўныя камяні ў прошчах і плятуцца спракаветныя чары. Тут замкі і рыцары, прыўкрасныя князёўны ды старадаўнія легенды, падобныя да сненняў. Але што здарыцца, калі сны стануць кашмарамі, спеў ахоўных камянёў перарвецца, а з цёмных куткоў да чалавечых сялібаў папаўзуць пачвары?.. Донай, прыёмны сын аднаго з уладароў княства, нават падумаць не мог, што апынецца на раздарожжы паміж светам людзей і нелюдзей. Ці знойдзе ён у сабе моцы стаць тым, кім хочуць яго бачыць, хто патрэбны людзям? І ці зможа ён нарэшце парушыць заклён і стаць самім сабой?

Выдавецтва «Тэхналогія».

Набыць можна тут.

Макс Шчур «Спосаб эксперыментальнага канструяваньня сябе»

«С.Э.К.С.» — двухтомная белетрызаваная аўтабіяграфія. Сам Шчур вызначае жанр кнігі як «мэм-угáры». Гэта яго спроба зразумець, чым ёсць і як узнікае асобна ўзятае чалавечае «я».

Ніякіх падрабязнасцяў, у тым ліку інтымных, ён ад чытачоў не хавае. Жыццё продкаў у Буэнас-Айрэсе, дзяцінства часоў «перабудовы» ў Берасці і Карэлічах, sex drugs rock’n’roll і пачуццёвая анархія ў Менску, пошукі сэнсу, грошай і кахання ў Празе і Стакгольме — усё гэта аўтар апісвае, «не цураючыся ніякіх тэмаў, выразаў і вобразаў».

Выданне стала магчымым дзякуючы блізу 60 фундатарам на краўд-платформе «Гронка».

Выдавецтва SayBeat.

Набыць можна тут.

Дзіцячая літаратура

Ганна Янкута «Марта і яе мара пра снег». Перавыданне

Марце так хочацца ляпіць снегавікоў і гуляць у снежкі! Аднак зіма спазняецца, і на дварэ — толькі лужыны і гразюка. Вядома, вешаць нос не варта, бо калі моцна пра нешта марыш, то мара абавязкова спраўдзіцца. Толькі асцярожна: часам гэта прыводзіць да нечаканых наступстваў… Калі ў горадзе пачынаецца самы грандыёзны ў свеце снегапад, Марта і яе новыя сябры мусяць разабрацца, хто ці што за гэтым стаіць. І запомні: галубы на падаконні — прыкмета таго, што цябе чакаюць неверагодныя прыгоды.

Ілюстрацыі Ліліі Давыдоўскай.

Выдавецтва «Папуры».

Набыць можна тут.

Перакладная дзіцячая літаратура

Рабэрта П’юміні, Ірэнэ Валап’яна «Мышаня Ціп і мышаня Тап»

«Мышаня Ціп і мышаня Тап» — выдатна ілюстраваная сучасная версія байкі Эзопа пра гарадскую i вясковую мыш.

Аднойчы вясковае мышаня Ціп прыязджае ў госці да свайго гарадскога сябра Тапа. Жыццё ў горадзе поўнае прыгод і небяспек: пасткі, кухарская мятла, каціныя кіпцюры, вялізныя ногі… І ў дадатак да ўсяго так хочацца есці! Сэрца Ціпа напаўняецца смуткам… Цікава, ці застанецца ён жыць у горадзе?

Перакладчыца Таццяна Цуканава

Выдавецтва: «Папуры»

Набыць можна тут.

Пераклады

«Сэр Гавейн і Зялёны Рыцар»

Ананімная паэма канца XIV стагоддзя «Сэр Гавейн і Зялёны Рыцар» справядліва лічыцца адной з пярлін сярэднявечнай англійскай літаратуры. Яна шматкроць перакладалася не толькі на сучасную англійскую, але і на іншыя еўрапейскія мовы. Дж. Р. Р. Толкін, найвядомейшы перакладчык паэмы, ставіў яе ў адзін шэраг з найлепшымі творамі «бацькі англійскай паэзіі» Джэфры Чосера.

«Сэр Гавейн і Зялёны Рыцар» цікавы не толькі сваім зместам як выдатны рыцарскі раман, але і формаю, бо напісаны даўнім алітэрацыйным вершам з элементамі рыфмаванага ямба, а мова яго ўтрымлівае шмат дыялектызмаў і архаізмаў. Усе гэтыя асаблівасці твора як мага захоўваюцца ў беларускім перакладзе, які вылучаецца яшчэ і тым, што выкананы непасрэдна з сярэднеанглійскай мовы. Рэч у тым, што праз папулярнасць творчасці Дж. Р. Р. Толкіна многія пераклады гэтай паэмы робяцца не з арыгінала, а з Толкінавага перакладу на сучасную англійскую. Такімі, напрыклад, з’яўляюцца польскі і ўкраінскі пераклады.

Кніга змяшчае і цэлую нізку артыкулаў, якія дапамогуць вам лепей зразумець і ацаніць гэты твор. Калі вы нічога не ведаеце пра артурыяну, то першы артыкул у кнізе прысвечаны акурат ёй. Калі вы нічога раней не чулі пра сярэднеанглійскую мову, то другі артыкул дасць вам сякое-такое ўяўленне і пра яе, і пра тое, чым яна розніцца ад сучаснай англійскай. Калі вас інтрыгуе, што такое «алітэрацыйны верш», якім напісана паэма, то і пра гэта вы дазнаецеся з беларускага выдання паэмы. Урэшце, апошні, чацвёрты, артыкул тлумачыць, па якіх правілах рабіўся пераклад і чаму ён атрымаўся такі незвычайны (але не больш незвычайны за арыгінал!).

Пераклад Ігара Кулікова.

Выдавецтва «Янушкевіч»

Набыць можна тут.

Эліза Ажэшка, Тадэвуш Гарбоўскі. Ad Astra. Празаічная паэма ў лістах

120 гадоў таму «Ad Astra» назвалі «творам, які застаецца». Аўтары змясцілі пад яго назвай музычнае слова «дуэт» і разгарнулі сюжэт на фоне гімнаў жывой прыродзе, песень сівой даўніны, музыкі космасу і маўчання сфінксаў. Галасы герояў даносяцца з Белавежскай пушчы і Бернскіх Альпаў, ад поўнага цудаў і страхаў урочышча Чорны Гушчар і ад велічных леднікоў Роны, ад казачнай даліны Лаўтэрбрунен, над якою звініць пастушковая песенька, і ад узрытых дзікамі руін беларускага замка, адкуль нясуцца ў лес гукі прывіднага палявання…

У мелодыю кахання ўплятаюцца ноты жыцця: героі вядуць, калі гаварыць мовай нашага часу, філасофска-псіхалагічны батл, у якім сярод іншага чуюцца спрэчкі патрыёта і касмапаліта, сэрца і розуму, шчасця і ахвярнасці, кахання і абавязку.

Твор з’яўляецца працягам рамана Элізы Ажэшкі «Дзікунка». Па-беларуску выходзіць упершыню.

Пераклад Святланы Воцінавай.

Выдавецтва Czabor Publishing.

Набыць можна тут.

Рэбека Кван «Елаўфэйс»

Цяпер і па-беларуску можна прачытаць што бывае, калі таленту не хапае, але вельмі хочацца славы. Гэта кніга пра літаратурны свет, дзе найлепшыя сябры лёгка ператвараюцца ў канкурэнтаў, а чужыя рукапісы могуць выпадкова (ці не зусім) апынуцца ў чужых руках.

Афіна Лю — літаратурная зорка, а Джун Хэйвард — літаральна ніхто. Калі Афіна гіне ў выніку няшчаснага выпадку, Джун крадзе яе неапублікаваны рукапіс і публікуе як свой уласны пад двухсэнсоўным іменем Джуніпер Сонг. Але калі доказы пачынаюць пагражаць яе скрадзенаму поспеху, Джун разумее, як далёка гатова зайсці, каб утрымаць тое, што лічыць заслужаным. Што здарыцца далей — безумоўна, віна ўсіх астатніх.

Міжнародны бестселер 2023 года, «Елаўфэйс» — вострасатырычны, напружаны і бязлітасны раман пра прысваенне чужой ідэнтычнасці, расавае пытанне ў сучаснай літаратуры і цёмны бок кніжнага бізнесу. Гэта гісторыя, якая прымушае задумацца: хто сапраўды валодае правам расказваць тыя ці іншыя гісторыі?

Пераклад Насты Карнацкай

Выдавецтва: «Янушкевіч»

Набыць можна тут.

Вольга Такарчук «Кнігі Якуба»

«Кнігі Якуба» — гістарычны раман, падзеі якога адбываюцца ў другой палове XVIII стагоддзя. Гэта падарожжа па розных краінах — ад Турцыі да Аўстрыі, але перадусім па Рэчы Паспалітай, дзе пераплятаюцца народы, рэлігіі, культуры. Гэта гісторыя харызматычнага самаабвешчанага месіі Якуба Франка, расказаная ягонымі паплечнікамі, задакументаваная ў судовых справаздачах і абсмяяная яго ворагамі.

Пераклад з польскай Марыны Шоды

Выдавецтва «Пфляўмбаўм».

Набыць можна тут.

Нон-фікшн

Марына Літвіненка, Марта Скугарава і Вераніка К. «Белая кніга»

Мэта «Белай кнігі» – дапамагчы людзям, якія перажылі траўматычныя падзеі: пад яе вокладкай сабраныя практычныя рэкамендацыі і тэхнікі, з якімі можна даць рады наступствам эмацыйных і псіхалагічных траўм.

Аўтаркі – дасведчаныя спецыялісткі ў галіне псіхалогіі. Марына Літвіненка аб’яўноўвае інструменты і філасофію фенаменалагічнага кірунку гештальт-тэрапіі, кагнітыўна-паводзіннай, экзістэнцыяльнай тэрапіі і пазітыўнай псіхалогіі; Марта Скугарава працуе ў інтэграцыйным падыходзе, Вераніка К. – у межах экзістэнцыяльна-фенаменалагічнага падыходу.

Марта Скугарава распавяла пра гаючую моц выдання: «Як выявілася, самыя простыя і зразумелыя рэчы аднаўляюць і вылечваюць нас усіх і ўніверсальна працуюць для кожнага – напрыклад, дыханне, сон ці абдымкі. Таму наша простая, сумленная размова адна з адной і з чытачамі стала гаючай і для нас, аўтараў. Мы верым, што вы таксама станеце ўдзельнікамі гэтай размовы, і гэта дапаможа вам перасабраць жыццёвыя сэнсы і здабыць апоры».

«Як пісаў Карл Густаў Юнг, «любая трансфармацыя вымагае «канца свету» — крушэння ранейшай філасофіі жыцця». У гэтай кнізе мы паспрабавалі перасабраць сябе на абломках таго жыцця, якое нам усім было вядомае да 2019 года, — піша пра выданне Вераніка К. — Каб заўважыць, як, нягледзячы ні на што, унутры нас прабіваецца новае жыццё, новае бачанне і ўспрыманне сябе і свайго месца ў зменлівым свеце».

Кніга падрыхтаваная ініцыятывай «Education Every Day» ў межах праекта Social Camp, які рэалізуецца Гётэ-Інстытутам у Варшаве пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

Выдавецтва Gutenberg Publisher.

Набыць можна тут.

«Беларускі народны спеўнік»

«Беларускі народны спеўнік» — папулярнае выданне для тых, хто цікавіцца фальклорам. Спеўнік змяшчае 55 беларускіх народных песень, прымеркаваных да абрадаў каляндарнага цыкла, якія былі сабраны на працягу ХХ стагоддзя ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Да кожнага твора даюцца ноты, каб можна было не толькі пазнаёміцца з тэкстам, але развучыць і выканаць песню самастойна альбо ў кампаніі.

Кніга мае дыхтоўнае мастацкае афармленне Касі Сырамалот. У кнізе ёсць фотаздымкі самой мастачкі ды шэрагу айчынных фатографаў.

Укладальніцы — Яніна Грыневіч і Таццяна Канстанцінава.

Набыць можна тут.

Вольга Бароўская «Алесь Ульянаў: старонкі жыцця (1901 — 1937)»

Гісторык Вольга Бароўская напісала кнігу пра дыпламата Ульянава, які займаўся «разлажэннем» беларускай палітычнай эміграцыі.

У 1920-х ён знаходзіўся на дыпламатычнай працы ў Польшчы (у тым ліку быў в.а. пасла СССР). Займаўся «разлажэннем» беларускай палітычнай эміграцыі, арганізоўваў вяртанне ў БССР дзеячаў нацыянальнага адраджэння.

Удзельнічаў у падрыхтоўцы Другой Усебеларускай канферэнцыі ў Берліне ў 1925-м, на якой прынялі рашэнне пра роспуск ураду БНР і прызнанне Мінску адзіным беларускім культурным і палітычным цэнтрам. Ульянаў таксама супрацоўнічаў з ГПУ, з’яўляўся «спецыялістам» па інтэлігенцыі. Арыштаваны 24 траўня 1937 года.

На 305 старонках манаграфіі праз біяграфію асобы Ульянава робіцца спроба паказаць асаблівасці ўнутрыпалітычнага развіцця Савецкай Беларусі, яе ўзаемаадносіны з Польшчай, Заходняй Беларуссю. Упершыню ўводзяцца ў навуковы ўжытак 192 дакументы.

Выдавецтва «Беларуская навука».

Набыць можна тут.

Ганна Кандрацюк «Проста з любові. Рэпарцёрскія партрэты памяці»

У кнізе — сем партрэтаў: Кастуся Каліноўскага, Ежы Папялушкі, святой Марыі (Петручук), Алеся Пушкіна, Юркі Гіля, Надзеі Артымовіч, Юры Гуменюка. Усе яны некалі рыхтаваліся да тыднёвіка «Ніва».

«Даўно не чытаў я нічога з такім задавальненнем, як рэпартажы Ганны Кандрацюк, сабраныя штотыднёвікам «Ніва» для яе новай кнігі, – піша Уладзімір Някляеў. — Па сутнасці іх можна аднесці да нон-фікшн, жанру сучаснай літаратуры, бо ў іх заяўляюць пра сябе, даводзяць сваё і дзейнічаюць дзясяткі рэальных персанажаў са сваімі лёсамі і характарамі, якія кожны па-свойму ацэньваюць гістарычную ролю, трактуюць лёс і характар галоўнага героя: ці гэта паэт Гумянюк, ці рэвалюцыянер Каліноўскі. Прычым, ацэнкі гэтыя, як і ёсць яно ў рэальным жыцці, далёкія ад супадзенняў, часам проста процілеглыя».

Кніжку выдаў Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!