У парыжскай галерэі H. D. адкрылася выстава беларускага мастака, які цяпер жыве ў Партугаліі, Аляксея Кузняцова.
Творчы шлях Аляксея Кузняцова пачаўся з графіці: з 1998 года як стрыт-арт мастак ён працаваў у Беларусі і іншых еўрапейскіх краінах у складзе каманды True Stilo пад псеўданімамі Liquid, Ners, Awek, Temos, Monk. У 2010 годзе перайшоў да абстрактнага жывапісу і стаў актыўна ўдзельнічаць у выставах.
У сваіх жывапісных працах мастак шукае баланс паміж кантролем і спантаннасцю.
Выкарыстоўваючы прамысловыя інструменты, такія як алюмініевыя лінейкі, ён стварае выяву выверанымі і дакладнымі рухамі. Аднак кантроль мастака не абсалютны: твор, які паўстае ў выніку нібыта дакладнага разліку, з’яўляецца эмацыйным адбіткам, на што намякае і назва парыжскай выставы «Незапланаваныя рашэнні».
Шматслойнасць фарбаў і дынаміка кампазіцый ускладняе прачытанне і насычае работу новымі сэнсамі.
Сам мастак працэс стварэння работ вызначае як узаемадзеянне з вібрацыямі колеру і даследаванне яго трансфармацыйнай сілы.
Абстрактныя працы аўтара надзяляюцца абстрагаванымі ж назвамі. Хоць часам у гэтым жывапісе можа ўгадвацца фрагмент краявіду, архітэктуры ці інтэр’еру, палотны застаюцца рэччу ў сабе, адкрытай да любых асацыяцый, зафіксаваным следам узаемадзеяння матэрыялу са святлом і прасторай.
Выстава ў парыжскай галерэі H. D. будзе працаваць да канца лютага.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram