Пошта Украіны выпусціла канверты і маркі ў гонар беларускіх нобелеўскіх лаўрэатаў – пісьменніцы Святланы Алексіевіч і праваабаронцы і літаратуразнаўцы Алеся Бяляцкага, — піша «Беларускае Радыё Рацыя».
Святлана Алексіевіч была ўзнагароджана Нобелеўскай прэміяй у галіне літаратуры ў 2015 годзе. Алеся Бяляцкага уганаравалі прэміяй міру ў 2022-м. Праваабаронца знаходзіцца за кратамі ў Беларусі з лета 2021-га. Ён асуджаны на 10 гадоў калоніі за дапамогу рэпрэсаваным.
Раней ва Украіне выпусцілі адмысловы канверт, прысвечаны Алесю Бяляцкаму. Адначасна выйшла і марка, прысвечаная Беларусі ў звязку з нобелеўскім уганараваннем праваабаронцы. Ініцыятарам такога выдання стаў Уладзімір Ханас, грамадскі дзеяч з Тэрнопалю.
«Рыхтуючы спецыяльныя канверты да атрымання Нобелеўскай прэміі міру Цэнтрам грамадзянскіх свабодаў (старшыня Аляксандра Матвійчук), мы вырашылі зрабіць такі ж канверт для беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, — распавядаў Уладзімір Ханас. — І тут мы сутыкнуліся з пэўным выклікам. Ва Украіне хапае патрыятычных марак, сусветны розгалас выклікаў знакаміты «рускі карабель». У Беларусі такіх брэндаў няма. Таму мы вырашылі выпусціць праект маркі з беларускай сімволікай. Пасля абмеркаваньняў вырашылі абраць стылізаваны варыянт адной з першых марак незалежнай Беларусі з гербам «Пагоня». Гэта афіцыйны плацежны сродак – і своеасаблівы сімвал падтрымкі і салідарнасці з беларускім народам. І канверты, і маркі зробленыя, пасля спецгашэння — мы іх дашлем беларускім сябрам«.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram