Польскі ПЭН-клуб запланаваў цыкл сустрэч «Гасцінная Варшава – беларуская літаратура», прысвечаных літаратуры на беларускай мове, якая з’яўляецца не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі.
На першай сустрэчы былі прэзентаваныя пераклады вершаў Уладыслава Шленгеля на беларускую мову, паэта, які да пачатку Другой сусветнай вайны быў вядомы як аўтар песень для варшаўскіх тэатраў-кабарэ, у якіх сам выступаў як эстрадны артыст. Яго вершы перыяду Халакосту сталі каштоўнай хронікай Варшаўскага гета, падчас паўстання ў якім паэт быў забіты.
Пераклады вершаў паэта на беларускую мову выйшлі ў серыі «Паэты планеты» выдавецтва Змітра Коласа. Іх перакладчыкам стала Кацярына Маціеўская, яна выпадкова даведалася пра гэтае імя падчас экскурсіі па Варшаве.
Вядоўца сустрэчы журналістка, член ПЭН-клубу Яанна Швэдоўска расказала, што вельмі сімвалічна, што творчасць паэта прэзентуецца падчас адзначэння 80-й гадавіны паўстання ў Варшаўскім гета. Прагучалі вершы паэта ў выкананні Лукаша Баркоўскага, так і на беларускай мове, іх прачытала Кацярына Маціеўская.
У рамках цыклу «Гасцінная Варшава – беларуская літаратура» ў бліжэйшыя месяцы ПЭН-клуб плануе зладзіць дыскусіі на тэму беларускіх выдавецтваў — 15 мая, на тэму цэнзуры і самацэнзуры на прыкладзе «Канстытуцыі» Ганны Янкуты, якая ў Беларусі выйшла пад іншай назвай, — падзея запланавана на 12 чэрвеня, і 26 чэрвеня адбудзецца абмеркаванне польскага перакладу аўтабіяграфіі Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: