«РокРадыё BY» — так называецца новы праект беларускамоўнай незалежнай музыкі, які нарадзіўся ў выніку супрацоўніцтва Беларускай Рады культуры з украінскім «РокРадыё UA».
Адкрыццё платформы беларускага року ў межах украінскага анлайн-радыё стала магчымым, дзякуючы кампаніі #BelarusWithUkraine, якую Рада культуры запусціла з пачаткам уварвання Расіі ва Украіну.
«З першых дзён гэтай жудаснай вайны мы стартавалі інфакампанію #BelarusWithUkraine, у межах якой штодзень распавядалі пра супрацу беларусаў і украінцаў, тлумачылі розніцу паміж беларусамі і рэжымам. За гэта профіль кампаніі ў Instagram быў прызнаны беларускімі ўладамі “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. Прадстаўнікі Беларускай Рады культуры бралі ўдзел у беларуска-ўкраінскіх форумах у Луцку і Львове», — нагадвае аб’яднанне пра крокі салідарнасці з Украінай.
Зараз у эфіры «РокРадыё BY» можна пачуць песні Лявона Вольскага, Leibonik, Dymna Lotwa, Pomidor/Off, Naka ды іншых музыкаў і гуртоў. Беларуская Рада культуры запрашае беларускамоўных рок-выканаўцаў дасылаць свае творы ў рэдакцыю радыё.
Слухаць радыё можна тут.